Фридрих Дюрренматт - Юстыцыя стр 24.

Шрифт
Фон

У адным з двух фатэляў сядзеў мой былы шэф, укрыты шлафрокам,  сядзеў нерухома, асветлены адным толькі таршэрам, што стаяў паміж фатэлямі. Я пакашляў, ён не паварухнуўся, я прайшоў па рознакаляровых, па-майстэрску падабраных мармуровых плітах, якімі была выкладзена падлога, а Штусі-Лойпін так і не паварухнуўся. Я сеў у другі фатэль і патануў у скураным акіяне. На падлозе каля майго фатэля я ўбачыў у плеценым кошыку адкаркаваную бутэльку чырвонага віна, крышталёвую чарку званочкам і вазачку з арэхамі, такі самы набор быў і каля фатэля, метры за чатыры ад мяне, дзе сядзеў Штусі-Лойпін, з той толькі розніцай, што перад тым фатэлем на падлозе стаяў яшчэ і тэлефон. Я пільна прыгледзеўся да Штусі-Лойпіна. Ён спаўя ўзгадаў партрэт Верлена, які раней здаваўся мне ўтрыраваным, толькі цяпер я зразумеў, як геніяльна мастак спасціг адваката: пад ускалмачанай капіцай брудна-белых валасоў вуглаваты, груба вытачаны чэрап селяніна, нос як гузаваты плод, глыбокія складкі, якія спускаліся да быццам долатам высечанага падбародка, дзёрзка непакорлівы і разам з тым мяккі рот, я разглядваў гэты твар, як разглядваюць прывычны, але ж і загадкавы пейзаж, бо я мала чаго ведаў пра Штусі-Лойпіна: прабыўшы некалькі гадоў маім шэфам, ён за ўвесь гэты час не абмяняўся са мною ані словам, якое б не тычылася справы; можа, менавіта з гэтай прычыны я і сышоў ад яго.

Я чакаў. Раптам праз акуляры без аправы на мяне глянулі здзіўленыя дзіцячыя вочы.

 Шпэт, чаму ж вы не п'яце?  спытаўся ён бадзёрым голасам, быццам і не спаў хвіліну таму. (А можа, ён і насамрэч не спаў?)  Налівайце, я таксама сабе налью.

Мы выпілі. Ён назіраў за мною, маўчаў і назіраў.

Перш чым павесці гаворку пра цяжкасці, так пачаў Штусі-Лойпін, гледзячы проста перад сабою, а ён цалкам можа ўявіць сабе, якога роду мае цяжкасці, зрэшты, гэта больш чым асабістая заўвага, якая дачынялася да сумненняў, што мною цяпер авалодалі і праз якія я да яго і прытопаў, ах ты, пардон, не прытопаў, а пад'ехаў на «поршэ», фу-ты, ну-ты, да чаго вытанчана!

Ён засмяяўся сам сабе, мяркуючы па ўсім, яго нешта неверагодна пазабавіла, яшчэ выпіў і спытаўся, ці расказваў ён калі-небудзь мне гісторыю свайго жыцця. Не? Яно ж бо і ясна. Ну, добра. Дык вось, ён сын шахцёра, і яго сям'я ўзяла сабе прозвішча Штусі-Лойпін толькі дзеля таго, каб іх не блыталі з Штусі-Бірлінамі, з якімі ягонае сямейства спакон веку варагавала за бульбяны палетак, а палетак той ляжаў на такой круцізне, што яго штогоду насыпалі нанава, дзеля чаго даводзілася цягаць зямлю на сабе, прычым часам па некалькі разоў, а ўраджаю з таго палетка ў лепшым разе як на тры-чатыры патэльні смажанай бульбы, але тым не менш за гэты палетак судзіліся, біліся і забівалі. І так па сённяшні дзень Карацей кажучы, скончыўшы ўніверсітэт, ён вярнуўся адвакатам у родную вёску, у вёску Штусі, бо там жа не толькі Штусі-Лойпіны ваююць з Штусі-Бірлінамі, але і Штусі-Моозі з Штусі-Зютэрлінамі і наогул усе Штусі ўдоўж і ўпоперак, але так было толькі на самым пачатку, калі вёска была, так сказаць, заснавана, калі, вядома, дапусціць, што яна ўвогуле была калі-небудзь заснавана, а сёння кожнае сямейства Штусі проста варагуе з усімі астатнімі. І ў гэтым горным гняздзе, слухайце, Шпэт у гэтым плеціве сямейных раздораў, забойстваў, кровазмяшэння, клятваадступніцтва, крадзяжу, утойвання і паклёпу ён, Штусі-Лойпін, правёў гады сваёй навукі як адвакат па сялянскіх справах, як хадыка (так называюць гэта сяляне), але не на тое, аднак, каб увесці ў гэтай даліне правасуддзе, а каб не дапускаць яго і на гарматны стрэл; бо ж і селянін, які зрабіў выгляд, быццам яго старая загінула ў няшчасным выпадку і які адразу ж ажаніўся са сваёй парабчанкай, альбо сялянка, якая выйшла замуж за парабка пасля таго, як з дапамогай мыш'яку спраторыла на могілкі свайго дабравернага, у сваёй сядзібе прынясуць усё-такі больш карысці, чым за кратамі. Пустыя турмы абыходзяцца дзяржаве танней, чым поўныя, затое пустыя двары і палі зарастаюць зеллем і глеба апаўзае ў даліну.

Ён зноў рагатнуў.

 Госпадзе, ну ж бо й часіны былі, - здзіўлена прамовіў ён.  Якая мяне муха тады ўкусіла, не ведаю, але я ажаніўся з уроджанай «фон», з фон Мельхіёр, пераехаў у ваш горад і стаўся паспяховым адвакатам. А як там на дварэ?

 Фён. Як на снежань занадта цёпла. Як увесну,  адказаў я.

 Можа, выйдзем?

 З прыемнасцю.

 «Выйдзем»гэта не зусім дакладнае слова,  сказаў ён і націснуў нейкую кнопку ў падлакотніку свайго фатэля, пасля чаго неабсяжныя шкляныя сцены пайшлі ў зямлю, а пражэктары за валунамі патухлі. Цяпер мы сядзелі пад лётка ўзнесенай бетоннай столлю, нібы на вуліцы, асветленыя толькі таршэрам.  Неэканомная канструкцыя,  сказаў Штусі-Лойпін, усё гэтак жа гледзячы перад сабою. Часам ён бачыцца сабе фюрэрам у рэйхсканцылярыі.  Але ж чаго вы хочаце, Шпэт, суперадвакату павінен быць па кішэні Ван дэр Хойсэн, хоць па добрай волі я аддаў бы перавагу Фрыдлі. Лёс тых, хто ўвайшоў у моду.

А цяпер вось ён сядзіць тут адзін як палец. Калісьці ён даваў у гэтай зале банкеты, адзін за адным, але людзі з горада падалі скаргу, Фюдлібюргер таксама, пакуль зрэшты, гэта ўжо не па справе. Мэблю пасля гэтага ён усю сплавіў, цяпер тут адны мадэрновыя штучкі-дручкі.

Пасля, наліваючы сабе віна, ён сказаў:

 А зараз, Шпэт, пяройдзем да справы.

Я расказаў пра даручэнне доктара h.c. Ісака Колера.

Штусі-Лойпін не даў мне дагаварыць, сказаў, што ўсё ведае, выпіў, дадаў, што і гер-фраў Кнульпэ таксама ў яго пабывалі. А што да атрыманага мною задання, яго паінфармавала Элен, Колерава дачка, акрамя таго ён праштудзіраваў Лінгарда і ўсіх ягоных.

Я падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт матываў Колера, пра падазрэнні Элен, што Колера прымусілі ўчыніць забойства, паведаміў і пра сваю сустрэчу з Дафнай, пра свой візіт да сапраўднай Монікі Штаерман і, нарэшце, пра неспадзяваны прыход Бэна ў маё бюро.

 У вас у руках рэдкі шанец, малады чалавек!  усклікнуў Штусі-Лойпін, яшчэ раз падліваючы сабе віна.

 Не разумею, што вы хочаце гэтым сказаць,  няўпэўнена прамармытаў я.

 Яшчэ як разумееце,  парыраваў ён.  Інакш бы не прыйшлі да мяне. Давайце на пробу паўдзельнічаем у гульні Колера. Калі дапусціць, што забойца не ён, дык самае простаезнайсці іншага забойцу. Ім можа быць толькі Бэна. Вось на яго і напала трасучка. Ён прамантачыў больш як дваццаць мільёнаў з дабраславення ілжэ-Монікі, Вінтэр давёў гэта да ведама сапраўднай Монікі, заручыны рухнулі, Бэна, значыцца, збанкрутаваў і пускае кулю ў Вінтэра проста за сталом. Voila! Такая версія патрэбна вашаму працадаўцу і тым самым патрэбная вам.

Штусі-Лойпін паглядзеў чарку на святло. З боку гарадка да нас даляцеў гук клаксонаў, некалькі хвілін: калі меркаваць па нерухомых агнях фараў, дзве сустрэчныя аўтакалоны ўязджалі адна ў адну.

Штусі-Лойпін засмяяўся.

 Гэта ж трэба, каб такому жаўтароціку проста ў рукі прыплыў самы цікавы перагляд справы з усіх, якія толькі ведала наша стагоддзе.

 Мне ніхто не даручаў ніякага перагляду,  сказаў я.

 Але ж даручэнне, якое вы прынялі-такі, непазбежна вядзе да перагляду.

 Гэта Колер забіў Вінтэра,  цвёрда сказаў я.

Штусі-Лоёпін шчыра здзівіўся.

 Ну й што? Вы гэта на свае вочы бачылі?

У глыбіні памяшкання спусцілася па вераўчанай лесвіцы нейкая чорная постаць і зашкандыбала ў наш бок. І калі яна падышла, я ўбачыў, што гэта святар з маленькай чорнай сумачкай-сапеткай. Ён спыніўся, не дайшоўшы да Штусі-Лойпіна метраў тры, пакашляў, шкляныя сцены адразу ж занялі ранейшае месца, успыхнулі пражэктары, і гранітныя божышчы адкінулі свае цені ў зноў замкнутае з усіх бакоў памяшканне. Святар быў вельмі стары, крыху касабокі, маршчыністы, і адну нагу ён падвалакаў.

 Ваша жонка атрымала апошняе памазанне,  сказаў ён.

 Парадак,  сказаў Штусі-Лойпін.

 А я буду маліцца,  запэўніў яго святар.

 За каго?  спытаў Штусі-Лойпін.

 За вашу жонку,  удакладніў святар.

 Такая ў вас прафесія,  абыякава падсумаваў Штусі-Лойпін і нават не павярнуў галавы, калі святар, нешта прамармытаўшы, пакульгаў да выйсця, дзе ахмістрыня, тая самая, што ўпусціла мяне, адчыніла перад ім дзверы.

 У мяне жонка памірае,  як бы мімаходзь кінуў Штусі-Лойпін і асушыў чарку.

 Але калі так  пралепятаў я, устаючы з фатэля.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора