Сталася гэта з чыстага непаразумення альбо ад схільнасці да чорнага гумару, сказаць не магу. Пакуль я бег па вуліцах Старога горада да Бэльвю, маючы парасон за лёсачку, неба паспела зусім пачарнець, хоць было ўсяго толькі палова дзесятай. Навокал суцэльная нервовасць, і я бег з усіх ног, як заўсёды перад навальніцай, тым больш што навальніца збіралася быць жахлівай у такую рань. Тыпова для Дафны, падумалася. Каля Бэльвю я сеў у трамвай. Шчыра кажучы, трэба быць вар'ятам, каб у такую непагадзь ездзіць на пахаванне, але тым не меней я чыста механічна ўціснуўся ў перапоўнены вагон. Час ад часу сонца разрывала чорную навісь хмар, як прамень пражэктара, які на хвіліну ўспыхвае і зноў патухае. На Кройцплац у трамвай увайшоў грузлы, увесь у чорным мужчына, росту, я сказаў бы, малога, з бліскучай лысінай, дагледжанай поўнай барадой, у якой ужо пракідаліся срэбныя пасмы, і ў залатых акулярах без аправы. Спярша я міжволі падумаў на Вінтэра, які ўзяў і з'явіўся як прывід, каб пабыць на пахаванні сваёй дачкі, настолькі ён быў падобны на забітага, і вянок пры ім быў, толькі я не мог прачытаць, што напісана на стужцы. На могілках сабралася нямала народу. Усе знакамітасці горада, бо ад журботных успамінаў ніхто ж не застрахаваны, з новай жа кліентуры не прыйшоў ніхто. Але пахаванне Дафны Мюлер было не адзінай прычынай наведаць менавіта гэтай раніцай нашыя дагледжаныя гарадскія клады. Бо адначасова з Дафнай праводзілі ў вечнасць пракурора Емэрліна. Ягоны сыход з жыцця таксама адбываўся пад усеагульнае шкадаванне, бо калі хто-небудзь ніколі больш не здолее злавацца, дык яго вельмі шкадуеш. На шчасце да агульнага смутку дамешвалася пэўная злараднасць. Бо смерць Емэрліна была не пазбаўлена камізму. Емэрлін, аказваецца, быў у саўне, куды хадзіў штотыдня, і там, ужо голы, убачыў побач голага Лінгарда і не змог перажыць свайго ашаламлення. Таму людзі хоць і смуткавалі, але неяк з'едліва. У пахаваннях, якія супадаюць у часе, ёсць і свой дадатны бок. Можна паўдзельнічаць у абодвух. Я прыкідваў, хто на якое явіўся: наш гарадскі галава, пракурор Фойзэр і некалькі апраўданых злачынцаў, якія хацелі насаліць нават нябожчыку, на пахаванне Емэрліна; Лінгард, Лойпінгер, Штусі-Лойпіні на тое і на тое, а вось Фрыдлі, Людэвіц, Мондшайн, хутчэй за ўсё толькі на Дафну. І ў кожнага быў пры сабе парасон. Пастар Зэн стаяў каля труны Дафны, пастар Ватэнвількаля труны Емэрліна. Абодвау стартавай стойцы. Я чакаў, нецярпліва перамінаючыся з нагі на нагу. Грукнуў гром. Але ніводзін пастар чамусьці не пачынаў малітвы. Пажылы чалавек, якога я бачыў у трамваі (каля труны Дафны, апрача яго, не было ні душы), паклаў на труну вянок: «Сястранцы Дафне ад Гуга Вінтэра». Трэба меркаваць, мы мелі справу з настаўнікам першай ступені Вінтэрам. Зноў рыкнуў гром, гэтым разам бухнула даволі моцна. Парыў ветру. Усё ператварылася ў чаканне, нават народ каля суседняй магілы паглядваў на нас. Усе чагосьці чакалі, а чагоя не ведаў, пакуль не зразумеў: худзюшчая сястра міласэрнасці страевым крокам рухалася ад брамы, сунучы перад сабою да магілы каталку, у якой сядзела сапраўдная Моніка Штаерман. Карліца ярка нафарбавалася, на галаву надзела вогненна-чырвоны парык, які нагадваў валасы Дафны, і ад гэтага парыка галава малюпасенькай істоты здавалася яшчэ большай, удадатак на ёй была міні-спадніца, падобная на дзіцячую сукеначку, і нітка жэмчугу, якая праходзіла паміж скукорчанымі ножкамі і звісала з каляскі, а на каленях у яе ляжаў нейкі прадмет, загорнуты ў чорную хусту. Поруч з ёю вымаршваў каржакаваты мужчына ў чорным гарнітуры, надта кароткім і надта ж цесным. Гэта быў багаты, як Крэз, грубіян, ён жа нацыянальны радца Эшысбургер. З сабой Эшысбургер тарабаніў вянок. Нават гарадскі галава, нават Фойзэр, нават самыя магільшчыкі пакінулі магілу Емэрліна і перадыслакаваліся да магілы Дафныпастар Ватэнвіль застаўся адзін. Мяркуючы па ўсім, ён не быў бы супраць таксама пайсці за астатнімі. Новыя раскаты грому, новыя парывы ветру.
Чорт пабяры, сказаў нехта побач. Гэта азваўся начальнік паліцыі.
Міласэрніца падвезла Моніку Штаерман да магілы. Эшысбургер кінуў вянок на труну. «Навекі любімай Моніцы ад яе Монікі», было напісана на стужцы.
Пастар Зэн выступіў наперад, уздрыгнуў ад новай грымоціны, і ўсе прысутныя пасунуліся бліжэй. Я супраць волі апынуўся за Штаерман, паміж сястрой міласэрнасці і начальнікам паліцыі; перад жа начальнікам стаяў Эшысбургер, а перад міласэрнай сястройШтусі-Лойпін. Дамавіну пачалі апускаць у магілу. Каля суседняй не засталося нікога, каб апусціць у магілу труну Емэрліна. Пастар Ватэнвіль усё яшчэ паглядваў на нас, тым часам як пастар Зэн баязліва разгарнуў Біблію, абвясціў да ўсіхнага ведаму: паводле Яна, раздзел 8, версэты з 5-га па 11-ы, але зачытаць абвешчаны тэкст яму не ўдалося: Моніка Штаерман высока падняла прадмет, які перад тым ляжаў у яе на каленях, і з сілаю, якое ніхто не чакаў ад яе, шпурнула яго ў магілу Дафны, так што ён грукнуўся на века труны і прабіў яго. Гэта была бронзавая галава ілжэ-Монікі паводле разца Мока. Падбег пастар Ватэнвіль, а пастар Зэн быў настолькі збянтэжаны і разгублены, што чыста аўтаматычна сказаў: «Памолімся, брацця».
Але тут упалі першыя цяжкія кроплі, асобныя парывы ветру склаліся ў цэлую буру, раскрыліся парасоны. Як што я стаяў ззаду Штаерман, я вырашыў асланіць яе ад дажджу і таксама растапырыў свой. Г.зн., я націснуў нейкую кнопачку каля ручкі, але на маё здзіўленне купал узмыў угору, падняўся высока-высока, пакружляў над скрушлівым зборышчам і, як што бура аціхла гэтак жа імгненна, як і пачалася, вялікай чорнай птушкай спікіраваў на труну Дафны. Многія ледзь-ледзь стрымаліся ад смеху. Я тупа ўтаропіўся на дзяржак парасона, які застаўся ў мяне ў руцэ: гэта быў стылет. Мне здалося, быццам я стаю ў ганаровай варце над труною забітай з прыладай забойства ў руках, а пастар тым часам чытаў пацеры. Тут магільшчыкі заўвіхаліся рыдлёўкамі, цяпер можна было аддаць зямлі і труну Емэрліна. Сястра міласэрнасці павезла Моніку Штаерман да брамы, мне давялося адступіцца ўбок, каб даць дарогі, я ўсё яшчэ сціскаў у кулаку стылет, а людзі тым часам складвалі свае парасоны: навальніца, з павагі абмінуўшы нашыя могілкі бокам, абрынулася на цэнтр горада; там да вечара адпампоўвалі ваду з падвалаў, затое сям-там ужо ляскалі петарды. Людзі святкавалі. На дзіва магутны паток сляпучага сонечнага святла заліў натоўп, які памкнуўся да выхаду, і магільшчыкаў, якія працавалі рыдлёўкамі. Пастар Зэн таксама стараўся сысці хутчэй, а пастар Ватэнвіль, разгублена азіраўся, бо і гарадскі галава, і Фойзэр ужо сышлі. Толькі Лінгард яшчэ стаяў каля магілы Емэрліна і глядзеў, як труну засыпаюць зямлёй. Калі ён праходзіў паўз мяне, я ўбачыў, што ён плача.
Ён страціў ворага. Я зноў утаропіўся на стылет. Вастрыё ў яго было цёмна-бурага колеру, а жалабок на вузкім лязе таксама.
Ваш парасон больш нікуды не варты, сказаў начальнік паліцыі, які стаяў побач, пасля ўзяў з маёй рукі стылет з ручкай ад парасона і рушыў да выхаду.
Продаж. Паштоўка ад Колера з Хірасімы супакоіла мяне. Колер мае намер паехаць адтуль у Сінгапур. Нарэшце ў мяне ёсць час расказаць самае галоўнае, хай нават гэта глупства, якое нельга апраўдаць ніякімі фінансавымі цяжкасцямі. Я пераслаў усе справаздачы Штусі-Лойпіну, і праз два дні ён прыняў мяне ў гасцёўні свайго дома, далёка за горадам. Кажучы «гасцёўня», я шмат чаго ўпускаю, правільней было б сказаць: негасцінная зала. Яна квадратнай формы, метраў, па-мойму, дваццаць на дваццаць. Тры сцяныз шкла, дзвярэй нідзе не відаць, праз адну сцяну раскрываецца старадаўні гарадок, які хоць і пашкадавала аўтастрада, але залівае бясконцы паток машын; у сутонні яны надаюць мясцовасці выгляд нейкага прывіднага жыцця, сцежкі ліхтароў бягуць па сасудах старых сцен, праз дзве другія сцяны відны падсветленыя валуны і шматтонныя эратычныя глыбіны, скупа апрацаваныя разцом Мока гранітныя багі, якія кіравалі на зямлі да таго, як ёю завалодалі людзі, якія паднялі з глыбіняў горныя ланцугі, разарвалі на кавалкі кантыненты, каменныя маналіты, якія, нібы гіганцкія фаласы, клаліся ценямі на пустую ў тыя часы залу, бо апрача канцэртнага раяля па дыяганалі ад яго там стаялі толькі два фатэлі. Раяльамаль каля ўваходу, самае недарэчнае месца, якое толькі можна сабе ўявіць, каля драўлянай лесвіцы на антрэсолі, дзе, верагодна, размешчана мноства не вельмі вялікіх пакояў, нездарма ж бо з вуліцы, калі я пад'ехаў на сваім «поршэ», дом Штусі-Лойпіна здаўся мне аднапавярховым і, калі глядзець з боку гарадка, нагадваў бунгала.