Фридрих Дюрренматт - Юстыцыя стр 13.

Шрифт
Фон

Рыхтуйся, браце ва Хрысце,

настане Страшны Суд,

і хто жыць будзе у брыдзе,

той страшны душаблуд.

Начальнік трохі сумеўся. Ён збянтэжана пакасіўся на мой пісьмовы стол, завалены спісанымі аркушамі.

 Вы, мабыць, пісьменнікам намыслілі зрабіцца,  буркнуў ён.

 А чаму б і не, гер начальнік. Калі чалавеку ёсць што расказаць,  адказаў я.

 Падобна на пагрозу.

 Разумейце, як хочаце.

Заціснуўшы падпахай бутэльку, ён агледзеўся па баках. На жаль, на кушэтцы ў мяне ляжала дзяўчына, якое я зусім не ведаў, яна проста ўвязалася за мною, магчыма, гэта быў дарунак ад Луцкі, яна яўна ўжо раздзелася і легла, натхнёная фальшывым уяўленнем пра свае службовыя абавязкі. (Сумленныя адносіны да працы адчуваюцца ў нас абсалютна ва ўсім. Але што мне было да яе, я працаваў, я разбіраў свае запісы.)

 Апранайся,  загадаў начальнік,  а то прастудзішся. А мне трэба пагутарыць з адвакатам.

Ён паставіў бутэльку на стол.

 Каньяк,  сказаў ён,  «Адэ», рэдкая марка. Ад сябра з заходняй Швейцарыі. Давайце пасмакуем. А вы, Шпэт, прынясіце дзве чаркі. Яна сёння больш піць не будзе.

 Слухаюся, гер начальнік,  адказала дзяўчына.

 Ты пойдзеш дахаты. На сёння годзе.

 Слухаюся, гер начальнік.

Яна амаль паспела апрануцца за гэты час.

 Дабранач.

 Дабранач, гер начальнік.

І пайшла. Мы чулі, як яна збегла ўніз па лесвіцы.

 Вы яе ведаеце?  спытаўся я.

 Я яе ведаю,  адказаў начальнік.

Паверхам ніжэй сектанты ўсё яшчэ гарлалі свой харал.

І знікне сонца, і зямля,

сваю забудзе цвердзь.

Калі ж душа з табой твая,

ты пераможаш смерць.

Начальнік наліў каньяк у чаркі

 Ваша здароўе.

 Ваша.

 У вас ёсць рэвальвер?  спытаў ён.

Аднеквацца не мела сэнсу. Я дастаў рэвальвер з пісьмовага стала. Ён уважліва агледзеў яго, пасля аддаў мне.

 Вы ўсё яшчэ лічыце, што вінаваты Колер?

 А вы хіба не?

 Магчыма,  адказаў ён і перасеў на канапу.

 Тады чаму ж вы не выходзіце з гульні?  спытаў я.

Ён глянуў на мяне.

 А вы ўсё яшчэ разлічваеце на выйгрыш?

 На свой лад.

Ён паглядзеў на рэвальвер. Я паставіў яго на засцерагальнік.

 Воля ваша,  сказаў ён і зноў наліў каньяку.  Як вам мой «Адэ»?

 Выдатны.

 Я пакіну вам бутэльку.

 Вельмі міла.

Знізу чулася ці тое казань, ці тое малітва.

 Бачыце, Шпэт,  загаварыў начальнік,  вы ўляпаліся ў кепскую гісторыю. Не хачу сказаць нічога благога пра шаноўнага гера Луцкі і тым больш пра гаротнае стварэнне, якое я ў вас застаў. У тым, што такія тыпы ёсць, іх віны ўвогуле няма, але вось чаго дасягняце вы як праваабаронца шлюх,  гэта ўжо іншае пытанне, пра тое, што калегія адвакатаў самым бліжэйшым часам павінна будзе прыняць меры, вы, як я мяркую, здагадваецеся. Калегія зусім не супраць хадайніка па справах шлюх, калі ён добра зарабляе, але рашуча супраць, калі той нічога не зарабляе. Тут ужо закрануты яе саслоўны гонар.

 Ну і што?

 Паслухайце, Шпэт, вось вы папыталіся ў мяне, чаму я не выйшаў з гульні, - сказаў начальнік, раскурваючы сваю тоўстую «Баянас», прычым рукі ў яго зусім не дрыжалі.  Вам я шчыра скажу, што таксама лічу старога Колера вінаватым, а ўсё, што здарылася,  фарсам, які я ахвотна прадухіліў бы. Але ў мяне няма доказаў. А вы пасунуліся наперад у сваім расследаванні?

 Не,  сказаў я.

 Што, сапраўды не?  перапытаў ён.

І я другі раз адказаў адмоўна.

 Вы не давяраеце мне?  спытаў ён.

 Я нікому не давяраю.

 Добра,  сказаў ён,  будзь яно па-вашаму. Для мяне гісторыя з Колерам закончана, і закончылася яна маёй паразай. Гэта ўжо не першы раз, калі я прайграю. Вельмі прыкра, але чалавеку маёй прафесіі даводзіцца перажываць і такое. Яно і ў вашай прафесіі, думаю, таксама. Вам трэба ўзяць сябе ў рукі, Шпэт. І пачаць усё нанава.

Калі ж бо пекла зноў самкне

ў смуродзе, ў дыме пашчу,

тады з грахамі сатане

здасі сябе, прапашчы.

У мяне раптам узнікла падазрэнне.

 Вы нешта не дагаворваеце.

Ён зацягнуўся, глянуў на мяне, яшчэ раз зацягнуўся, устаў.

 Шкада,  сказаў, падаючы мне руку,  усяго вам добрага. Мне, магчыма, давядзецца выклікаць вас.

- І вам усяго добрага, гер начальнік,  адказаў я.

Пачатак кахання. Тут я зноў пачынаю спатыкацца. Я ведаю, што выкручвацца больш няма чаго. Я павінен нарэшце расказаць пра сваю першую сустрэчу з Элен. Я павінен прызнацца, што кахаў яе. І павінен дадаць таксамаз самага пачатку. Інакш кажучы: з нашай першай сустрэчы. Прызнаннеувогуле штука няпростая, я толькі цяпер на яго здольны. Але тое каханне не адбылося, і таму мне прыйдзецца расказваць пра каханне, якое я сам ад сябе ўтойваў у той час, калі яно яшчэ магло неяк адбыцца і якое цяпер адбыцца не можа. Задача нялёгкая. Цяпер мне, канечне, вядома, што Элен не была такая, якою мне здавалася. Толькі цяпер я бачу яе такую, якая яна ёсць. Яна саўдзельніца Колера. Увогуле, я яе разумею. Па-чалавечы можна зразумець, што яна пакрывае свайго нелюдзя-бацьку. Недарэчна патрабаваць ад яе, каб яна яго выдала. Толькі яе прызнанне магло б зваліць кантанальнага радцу. Але гэтага прызнання яна ніколі не зробіць. Я дастаткова прафесіянал, каб не патрабаваць яго ад яе. Мне выпадае ісці сваёй дарогай, а яна хай ідзе сваёй. І ўсё ж я не магу адмовіцца ад таго ўяўлення, якое аднойчы ў мяне склалася пра яе. У тым, што Элен не адпавядае майму ўяўленню і ніколі не адпавядала, яе віны няма. Я шкадую за свае грубыя словы. Я разумею, што паводзіўся, як немысель. А мае п'янкі, мае блядкі! Яна мае права быць такою, якая яна ёсць, а я прысвоіў сабе права рана ці позна забіць яе бацьку.

Калі б я паспеў тады дагнаць яе бацьку ў аэрапорце, ён быў бы ўжо на тым свеце, і я разам з ім. Усё было б у парадку, і свет даўно заняўся б іншымі справамі. Усё маё цяперашняе жыццё мае толькі адзін сэнс: паквітацца з Колерам. Разлік будзе просты. Хопіць аднаго стрэлу. Але пакуль што трэба чакаць. Гэтага я не ўгадаў наперад. Як не ўгадаў і траты нерваў на чаканне. Адноаднавіць справядлівасць, другоежыць, чакаючы, калі яе можна будзе аднавіць. Я быццам у нейкім ашаламленні. І п'ю так многа праз абсурднасць свайго становішча, быццам упіваюся справядлівасцю. Усведамленне таго, што рацыямая, знішчае мяне. Няма нічога больш вусцішнага за такое ўсведамленне. Я караю сябе, бо не магу пакараць старога Колера. Вось у гэтым ашаламленні я бачу сябе і Элен, азіраючыся на нашу першую сустрэчу. Ведаю, што страціў усё. Шчасця не заменіш нічым. Нават калі гэта шчасце абернецца вар'яцтвам, а маё цяперашняе вар'яцтва насамрэч ёсць цвярозасць. Бязлітаснае ўсведамленне рэчаіснасці. Вось чаму я азіраюся назад з жалем. Я хацеў бы забыць, але не здатны на гэта. Усё так выразна адбілася ў маім мозгу, быццам адбылося толькі ўчора. Я яшчэ чую яе голас, бачу яе вочы, яе рухі, яе сукенку. І сябе таксама. Мы былі маладыя, абое. Не растрачаныя. З таго часу прайшло ад сілы паўтара гады, а я ўжо стары, вельмі стары. Мы з даверам паставіліся адно да аднаго, хоць было б зусім натуральна, калі б яна мне не давярала. Яна непазбежна бачыла ўва мне адваката, які хоча зарабіць. І ўсё-такі даверылася мне з самага пачатку. Я гэта адразу адчуў і таксама даверыўся. Я быў гатовы ёй дапамагчы. Усё было цудоўна. Нават калі мы проста сядзелі насупраць, нават калі мы гутарылі толькі па справе. Ну, вядома ж, я разумею, што, папраўдзе кажучы, усё было зусім не так, што ўсё было міраж, памылка альбо, што яшчэ горш, подлая інтрыга, якую Элен закалаціла супроць мяне, але, пакуль я гэтага не ведаў, не падазраваў нават, я быў шчаслівы.

 Сядайце, гер Шпэт,  сказала яна.

Я падзякаваў. Яна села ў глыбокі скураны фатэль. Я сеў насупраць, таксама ў глыбокі скураны фатэль. Усё было неяк дзіўна, гэтая дзяўчына гадоў прыкладна на дваццаць два, смуглявая, усмешлівая, раскаваная і ў той жа час сарамлівая, мноства кніг, масіўны пісьмовы стол, на заднім планебільярд з шарамі, прамяні сонца, парк за прачыненымі шклянымі дзвярмі, праз якія ўвайшла Элен з пажылым герам Фёрдэрам. Фёрдэр быў бездакорна апранены, мне прадставілі яго як асабістага сакратара Колера, ён моўчкі і з выглядам амаль пагрозлівым пачаў мяне разглядваць. Пасля чаго зноў выйшаў, не развітаўшыся, не азваўшыся ані гукам. Мы засталіся ўдваіх. Элен была збянтэжана. Я таксама. Думкі пра яе бацьку скоўвалі мяне, адабралі дар мовы. Мне было шкада яе. Я зразумеў, што яна ніколі не зможа зразумець свайго бацьку і пакутуе ад неспасцігальнасці яго ўчынкаў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке