Па-другое, духоўна. Кожная сустрэча патрабуе не толькі строгіх рамак, яна прэтэндуе таксама і на тое, каб яе правялі ў прыстойных манерах. З чаго вынікае: п'янка без пярэсыху і дзеўкі. Выпіў я спачатку літр-другі яблычнага віна, мавэтон, сам разумею (пытанне цаны), але піў я толькі дзеля таго, каб увесці сябе ў патрэбны настрой; калі да мяне далучылася паненка, я перайшоў на каньяк. Не хвалюйцеся: шлункі ў мяне як прасмоленыя. Дарэчы, пра паненакгэтым разам яна была не Гізэла (ну, тая, станістая), а Моніка (ці Марыя, ці Марыяна, чорт іх разбярэ, прынамсі, нейкае «М» было), справа ў нас пайшла на высокім узроўні, яна праспявала мне процьму народных песняў з нямецкіх фільмаў, пад яе спевы я і заснуў, а пазней яна змылася з усёй маёй наяўнасцю. Я, тым часам перайшоўшы на «грушаўку», знайшоў яе непадалёк ад Бэльвю ў нейкай кавярні, дзе не падавалі моцных напояў. Заспеў я яе не адну, а з Гізэлай і Гізэліным хахалем (той самы Луцкі, пра якога ўжо згадвалася раней), які, як выявілася, быў яе патронам. Я паклікаў яе да адказу, а ён самым найгуманнейшым чынам урэгуляваў маю фінансавую праблему. І Марлен, ці як там яе, давялося раскашэльвацца. Увогуле ўсё адбывалася вельмі па-людзку. Я б нават сказаўвысакародна: так, афіцыянтка, напрыклад, заплюшчыла вочы на тое, што я прынёс з сабою бутэльку «вільяміну», і мы выпілі ўчатырох. Потым прыйшла Элен, больш чым неспадзявана, больш чым раптоўна, проста як з'яўленне з іншага свету. З горшага. Убачыўшы яе з Штусі-Лойпінамкалі гэта, папытаюся я, было такое два месяцы назад, тры месяцы назад, паўгода? я больш не думаў пра яе, хоць не, яшчэ раз, неяк ноччу, пад раніцу, калі над мною, як Буда, пакалыхвалася Гізэла, але ўжо пасля таго больш не думаў, напэўна не думаў, хіба што мімалётна, подбегам успомніў, пераходзячы мокрую пасля дажджу вуліцу каля Бэльвю, але гэта не ў залік, проста рэзкія перамены надвор'я кранаюць псіхіку, і вось яна ўзнікла перад мною, ёй, бачыце, спатрэбілася пашукаць мяне ў кавярні. Я міжволі засмяяўся, усе засмяяліся. Элен захоўвала спакой, прыветлівасць, перавагу, яснасць погляду, ну, словам, усё, што патрэбна па лініі бездакорнай вытрымкі. У тым і быў жах, што яна заўсёды валодала сабою, заўсёды была спакойная, прыветлівая, ясна ўсё бачыла. Я быў здольны забіць, зарэзаць, задушыць, згвалціць яе, зрабіць шлюхай, апошняенайахвотней.
Мне трэба перагаварыць з вамі, гер Шпэт, сказала Элен, запытальна зірнуўшы на мяне.
Што гэта за паненка за такая? пацікавілася Гізэла.
Гэта вельмі высакародная паненка, адказаў я, паненка з добрага дому, дачушка аднаго забойцы.
А з кім яна спіць? хацелася ведаць Марыяне (ці Магдалене, ці Мадлене).
Яна знюхалася з адным суперадвакатам, патлумачыў я, з найсвяцілейшым свяцілам з усіх юрыдычных свяцілаў, з добра выхаваным шыбенікам, з вялікім адвакатам на ўсе рукі майстрам Штусі-Лойпінам. Таму акт у іх бывае не полавы, а юрыдычны.
Гер Шпэт, сказала Элен.
Прысядзьце, прашу вас, адказаў я. Ці заўгодзіцца вам сядзець на каленях у патрона гэтых дзвюх паненак, вялебнага гера Луцкі, чыім давераным я маю гонар быць, альбо, магчыма, вам больш даспадобы фатэль?
Фатэль, ціха сказала Элен.
Луцкі падсунуў ёй крэсла, ласкава, рафінавана, з галавы да ног свецкі Луцкі, вускі чорныя, твар як з касметычнай рэкламы, каравокі апостальскі позірк, ён нават пакланіўся, пасоўваючы крэсла і на сто міль навокал патыхаючы туалетнай вадой і цыгарэтамі «Camel». Элен нерашуча села.
Я, шчыра кажучы, хацела б пагутарыць з вамі сам-насам, сказала Элен.
От ужо што лішне, тое лішне, засмяяўся я, у нас у чацвярых няма сакрэтаў адно ад аднаго. З фройляйн Гізэлай я ўжо каторы тыдзень як сплю, з дабрадзейнай Монікай, ці Марыянай, а хвароба яе ведае, як насамрэч, спаў мінулае ночы. Як бачыце, у нас усё досыць непрэтэнцыёзна. Адным словам, выкладвайце.
У Элен на вочы набеглі слёзы.
Вы неяк у мяне пра нешта пыталіся.
Пытаўся.
Калі мы з герам Штусі-Лойпінам пілі каву
Мне ясна, пра што вы кажаце, перапыніў я, не трэба толькі перад імем гэтага пацяробка ўжываць слова «гер».
Я таго разу не зусім даўмелася да сэнсу вашага пытання, ціха сказала яна.
І вакол нас таксама зрабілася ціха. Гізэла спырхнула з маіх каленяў і пачала асвяжаць макіяж. Я асатанеў ад злосці, разліў «вільямін» у чаркі і раптам заўважыў, што валасы ў мяне зліпліся, твар заліўся потам, што вочы пячэ, што я не паголены, што ад мяне кепска патыхае, раптоўная збянтэжанасць дзяўчат мяне страшэнна раззлавала, здавалася, быццам яны засаромеліся перад Элен, быццам сярод нас павеяла духам Арміі выратавання, я быў гатовы разнесці ўсё ўшчэнт, свет быў зладжаны шыварат-навыварат і дагары нагамі. Гэта Элен трэба было поўзаць на пузе перад гэтымі дзяўчатамі, але нічога, яна ў мяне яшчэ напоўзаецца. Я ўсё больш падліваў сабе, не кажучы ні слова, проста моўчкі глядзеў у спакойны твар з вялікімі цёмнымі вачыма.
Фройляйн Элен Колер, прамармытаў я заікаючыся і ўстаў, пахістваючыся, але ўстаў, - фройляйн Колер, я хачу зрабіць вам адну заяву, адну, але прынцыповую. Так-так, зрабіць заяву, гэта дакладная фармулёўка. Я застаў вас тады з вашым кныром-ёбарам Штусі-Лойпінамбез панікі, мілыя дамы, я застаў вас, Элен Колер. Правільна. Я спытаўся ў вас, ці лёталі вы ў дзень забойства ці не, прычым менавіта тым рэйсам, які павінен быў даставіць ангельскага міністра на яго захлюпаны востраў. Правільна, правільна і яшчэ раз правільна. Вы адказалі на маё пытанне станоўча. А цяпер я хачу шпурнуць вам у твар самае галоўнае, так-так, Элен Колер, шпурнуць з усяе сілы. Рэвальвер быў у міністра ў паліто, вы яго адтуль дасталі, што для сцюардэсы не так ужо і цяжка, і гэта быў менавіта той рэвальвер, які паслужыў зброяй вашаму даражэнькаму татачку, так ніколі пазней і не знойдзенай зброяй забойства, што вы і без мяне выдатна ведаеце. Вы саўдзельніца, Элен Колер, вы не проста дачка забойцы, вы і сама забойца. Я ненавіджу вас, Элен Колер, я вас цяпер трываць не магу, ад вас, як і ад вашага паганага татачкі, нясе смуродам забойства, а не гарэлкі і распусты, як ад мяне. Зычу вам прасмерднуць жыўцом, Элен Колер, зычу вам рака ў вашу бясцэнную матку, бо, калі вам удасца выпладзіць на белы свет маленькага Штусі-Лойпіна, нашай зямлі настане канец, надта ж бо яна крохкая, каб насіць на сабе такую паскудную пачварыну. Мне ж будзе ад душы шкада нашай беднай зямелькі, нягледзячы на ўсе яе грахі, шкада за гэтых цудоўных патаскух, якім вы, любасная, у падноскі не вартая, якія займаюцца сумленным рамяством, мая пяшчотна каханенькая, а зараз згіньце з вачэй маіх, выпярдольвайце адсюль, каб я вас не чуў, не бачыў! І можаце з ходу падкаціцца пад свайго суперадваката
Яна сышла. Што было далей, прамятаю цьмяна. Я нібыта ўпаў, прынамсі, я ляжаў ніцма на падлозе. Не выключана, што разам са мною ўпаў і столік, а з бутэлькі выцякла рэшта змесціва (гэта я добра памятаю), нейкі госць у акулярах і з лобам мысляра паскардзіўся, на скаргу прыплыла гаспадыня, тыповая бандэрша, Луцкі, высакародны Луцкі, завёў мяне ў туалет, я раптам зразумеў, што мяне раздражняюць яго вускі, пачаў з ім біцца. Луцкі ў мінулым быў баксёрам-аматарам, але абышлося без крыві, я рухнуў галавою ў пісуар, было вельмі непрыемна, найперш таму, што на ўсім ляжаў тойсты, як тынк, пласт сімволікі, быццам у дрэнным фільме. Потым раптам явілася паліцыя, вахмістр Штубер і з ім яшчэ двое. Некалькі гадзін яны трымалі мяне ў пастарунку, допыт, пратакол і г. д.
Пасляслоўе. Даводзіцца з чыста тэхнічнага боку канстатаваць, што спроба расказаць пра маю першую сустрэчу з Элен правалілася. А расказаў я пра апошнюю сустрэчу, з чаго вынікае, што на будучае трэба прыняць некаторыя меры перасцярогі. Запісы, зробленыя нападпітку, патрабуюць адмысловай асцярожнасці. Кароткія сказы, толькі кароткія. Даданыя тояць у сабе небяспеку. Сінтаксіс спараджае вэрхал. А цяпер трэба дапісаць эпілог (толькі што атрымаў ад Колера чарговую паштоўку, гэтым разам з Рыо-дэ-Жанэйра, з палымяным прывітаннем, адтуль ён вылятае ў Сан-Францыска, а з Сан-Францыска на Гаваі, пасля на Самоа, карацей, часу мне хапае). А ўсё ў тым, што мне зрабіў візіт начальнік кантрольнай паліцыі. Візіт быў вельмі важны. Гэта я ўсведамляю. Дарэчы, гэтым, магчыма, і можна патлумачыць, што цяпер я цвярозы. Даказаць пакуль што нічога нельга, але, як я падазраю, начальнік здагадваецца, што я намысліў. Жах, калі гэта так. З другога боку, тады ён забраў бы ў мяне рэвальвер. Прыйшоў да мяне без ніякага папярэджання, гадзін каля дзесяці вечара, праз два дні пасля той злашчаснай сцэны ў кавярні. На дварэ была снежная плягота. І тут ён раптам з неба зваліўся ў маю мансарду. Унізе завывала секта: