Па-першае, гістарычна, архітэктанічна, па-філасофску. Важнае для ўнутранага жыцця патрабуе дакладнай акрэсленасці. Гэтак сама і ў гістарычным аспекце. Таму я сабраў самыя дакладныя звесткі пра Колераву вілу. Нават пакалупаўся ў матэрыялах гарадской бібліятэкі і высветліў, што гэта былая рэзідэнцыя Нікадэмуса Мольха. А Нікадэмус Мольх, мысляр на зары дваццатага стагоддзя, эўрапеец з Майсеевай барадой, невядомага паходжання і невядомай нацыянальнасці (паводле адной легендызаконны сын аўстралійскай спявачкі ад Аляксандра Трэцяга, паводле другойбылы падсудны за разбэшчванне малалетак настаўнік другой ступені Якаб Хэгер з Бургдорфа), узначальваў незалежную акадэмію, якая субсідавалася багатымі ўдовамі і палкоўнікаміаматарамі прыгожага, перапісваўся са старым Талстым, сярэдніх гадоў Рабіндранатам Тагорам і маладым Клагесам, запачаткаваў касмічны рух абнаўленцаў, абвясціў сусветны вегетарыянскі ўрад, так нікім усур'ёз і не прызнаны (інакш, магчыма, удалося б пазбегнуць першай сусветнай вайны, пазбегнуць Гітлерахоць і вегетарыянца, Другой сусветнай, а таксама ўсіх наступных ліхотаў), выдаваў часопісы, часткова акультнага, часткова парнагарафічнага зместу, пісаў драмы-містэрыі, пазней звярнуўся да будызму, каб яшчэ пазней, калі ўжо паўсюль былі парассыланыя арыентыроўкі з апісаннем ягоных прыкметаў, заблытаўшыся ў процьме банкруцтваў і пазоваў да прызнання бацькоўства, завершыцца сакратаром далай-ламыале гэта па неправераных чутках, бо некаторыя нашыя грамадзяне, удзельнікі кінаэкспедыцыі, нібыта і пазналі яго ў тапёры аднаго шанхайскага бара ў трыццатыя гады.
Размяшчэнне вілы. Як на адваката, які вырас у бедных, а дакладней, у ніякіх умовах, які толькі-толькі прыняў рашэнне ўчыніць сальта-мартале (цытую Фрыдлі) у гушчыню салодкага жыцця, дарога ад машыны Лінгарда да дзвярэй доктара h.c. Ісака Колера была даволі прыемная, яна вяла праз парк, дзе нават сама прырода дыхала багаццем. І флора тут не збеднілася сваімі дарамі. Дрэвы ўсе чыста велічныя і дагэтуль у летняй раскошы. Нават фён і той тут не адчуваецца, нават па гэтым пытанні быў падпісаны дагавор з нейкімі невядомымі інстанцыямі, бо то ж багатым людзям і такое па кішэні. (Для недасведчаных: пад фёнам у нашым горадзе разумеюць такую метэаралагічную сітуацыю, з якое вынікаюць болі ў галаве, самазабойствы, сужэнскія здрады, дарожныя выпадкі і акты насілля). Я ішоў па дбайна выпалатых, расчышчаных і пасыпаных друзам дарожках. Увогуле гэта быў парк далёкі ад цяперашніх. Хутчэй культываваны пад даўніну. Падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя божышчы з маладзецкімі сцёгнамі і такімі самымі лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паваў. І гэта пры тым, што парк ляжаў у цэнтры горада, дзе кожны квадратны метр зямлі каштаваў астранамічных грошай. Вакол яго грукаталі трамваі і ліўся паток машын, транспарт, як акіянскі прыбой, разбіваўся аб чыгунную рашотку з пазалочанымі слупамі, бушаваў, трызвоніў і дудзеў, але ў парку ў Колера панавала цішыня, адкуль толькі яна тут бралася. Магчыма, гукавым хвалям проста забаранілі сюды ўрывацца. Чутно было толькі птушынае ціліліканне.
Сам будынак. Увогуле ён часам выглядаў проста пачварай з ахітэктурнага гледзішча, наш паўночны мысляр сам накідаў яго праект. І як удалося кантанальнаму радцу ператварыць гэты жах у нешта жылое і людзкаегэта адна з ягоных таямніц. Мабыць, давялося адбіць процьму купалоў, вежак, эркераў, анёлкаў і задыякальных фігурак (Нікадэмус Мольх між іншым прыпадаў слабасцю і да астралогіі), перш чым з архітэктурнага монстра выкуклілася віла, хоць і па-ранейшаму з шчытом-франтонам, але ад гэтага яшчэ больш зграбная, увітая дзікім вінаградам, блюшчом, бружмелем і ружамі, вялікая і ўкладзістая, такою ж аказалася яна і ўсярэдзіне, калі я, апошні раз акінуўшыся вокам на «поршэ», які адгэтуль выглядаў толькі чырвонай плямай, пераступіў яе парог. Архітэктары парупіліся як мае быць, яны павыломвалі сцены, накрылі падлогу дыванамі і гэтак далей, усё тут было зручнае і лёгкае. Антыкварная мэбля, кожны прадметтвор мастацтва, на сценахславутыя імпрэсіяністы, далейпознія фламандцы (па доме мяне вяла пакаёўка). У кабінеце гера радцы мяне пакінулі чакаць, кабінет быў шырокі, пазалочаны сонцам. Дзверы насцеж вялі ў парк, два акны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Каштоўны паркет, неабсяжны пісьмовы стол, глыбокія скураныя фатэлі, на сценах ніякіх карцін, адно толькі кнігі і кнігі пад самую столь, натуральныя навукі і матэматыка, салідная бібліятэка, да якой неяк зусім не пасаваў більярд. Стаяў ён у ёмістай нішы, на зялёным полі ляжалі тры шары, каля сцяны цэлая калекцыя більярдных кіёў. Шмат старадаўніх з надпісамі. Кій Анарэ дэ Бальзака, кій Готфрыда Келера, генерала Дзюфура, кій Бісмарка, а адным па ўсёй верагоднасці калісьці ганяў шары сам Напалеон. Я агледзеўся крыху збянтэжана. Прысутнасць старога доктара h.c. адчувалася рыхтык ва ўсім, быццам ён кожную хвіліну мог увайсці з парку, быццам я чуў яго смех, быццам на мне спыніўся яго пільны позірк.
Візія. Тут адбылося нешта дзівоснае, я сказаў бы наватса свету відзежаў. Раптам я зразумеў кантанальнага радцу. Самому сабе нечакана. Гэтае разуменне як бы сышло на мяне. Я разгадаў прычыну яго ўчынку. Я ўгадваў яе ў каштоўных прадметах абстаноўкі, у кнігах, у більярдным стале. Я разгледзеў яе ў сувязі паміж строгай логікай і гульнёй, якая наклала свой адбітак на гэты пакой. Я пранік у яго таямніцу і ўбачыў ясна: Колер забіў не таму, што быў гулец. Не. Колер не быў чалавекам азарту. Стаўкі яго не цікавілі. А цікавіла яго сама гульня як гульня, раскат шароў па зялёным полі, разлікі, іх выкананне, магчымасці, закладзеныя ў кожнай партыі. Удача была для яго нішто (таму ён мог лічыць сябе абсалютна шчаслівым чалавекам і пры гэтым ані не хітраваў). Ён проста ганарыўся, што ў ягонай уладзе было вызначаць умовы гульні, любіў назіраць за ростам нейкай мусовасці, якую сам жа і стварыў. На чым палягаў ягоны гумар. Вядома, на тое былі таксама свае прычыны. Магчыма, вытанчаная прага ўлады, ахвота пагуляць не толькі шарамі, але і людзьмі, спакуса паставіць сябе нароўні з Богам. Вельмі нават магчыма. Але неістотна. Мне, як юрысту, след заставацца на паверхні, а не лезці ў нетры псіхалогіі і ўжо ж тым болей не дзерціся ў філасофію альбо ў тэалогію. Учыніўшы забойства, Колер проста пачаў новую партыю, і не больш. Цяпер усё ішло згодна з яго планам. Я ж быў толькі адным з шароў пад яго ўдарам. Ён дзейнічаў лагічна. Суду ён не назваў прычыны таму, што і не мог назваць яе. Забойцы звычайна дзейнічаюць па канкрэтных матывах. З голаду. З кахання. Духоўныя матывы сустракаюцца больш рэдка, і тое скажоныя ад дамесу палітыкі. Матывы рэлігійныя амаль не сустракаюцца і вядуць забойцу проста ў псіхіятрычную лякарню. А кантанальны радца дзейнічаў з чыста навуковых меркаванняў. Гэта гучыць абсурдна, але ён быў мысляр. І матывы ў яго былі не канкрэтныя, а абстрактныя. Вось на гэта яго і можна было падчапіць. Ён любіў більярд не як гульню, а таму, што більярд служыў яму за мадэль рэчаіснасці. Адным з магчымых яе спрашчэнняў (мадэль рэчаіснасцітут я ўжываю любімы выраз Мока, дойліда, які шмат займаецца фізікай, нямала лепіць і наогул непапраўны летуценнік, у яго майстэрні я апошнім часам часта заседжваюсяа дзе яшчэ загадаеце пасля дванаццаці шукаць выпіўку ў такой краіне, як наша? гутарыць з ім пры яго глухаце даволі цяжка, хоць ідэяў ён мне падкінуў шмат). З той самай прычыны Колер займаўся прыродазнаўчымі навукамі і матэматыкай. Яны акурат гэтак сама пастаўлялі «мадэлі рэчаіснасці». Але ўрэшце гэтыя мадэлі перасталі яго задавальняць, і яму давялося пайсці на забойства, каб стварыць сабе чарговую мадэль. Ён эксперыментаваў над злачынствам, і смерць была для яго не больш чым метадам. Адсюль і даручэнне Кнульпэ высветліць наступствы забойства, адсюль і абсурднае заданне пашукаць іншага «магчымага» забойцу. Толькі цяпер у яго кабінеце сам-насам з прадметамі, якімі займаўся стары, я зразумеў сэнс нашай з ім гутаркі ў турме. «Даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку», і «нам трэба пераасэнсаваць рэчаіснасць, каб пранікнуць у сферу магчымага». Доктар h.c. адкрыў нам свае карты, але тады я не зразумеў ягонай гульні. Толькі прыняўшы гульню сур'ёзна, можна было знайсці матыў забойства: ён забіў, каб паназіраць, ён забраў у кагосьці жыццё, каб даследаваць законы, на якіх грунтуецца чалавечае грамадства. Зрэшты, калі б ён прывёў гэты матыў у судзе, яго палічылі б пустой адчэпкай. З юрыдычнага боку ён занадта абстрактны. А навуковае мысленне менавіта ж такое. Яго абстрактнасць служыць яму абаронай. Аднак, адзін раз вырваўшыся са свайго схову, яно можа наброіць бедаў. І мы будзем бяссільныя перад ім. Няма сумнення, што менавіта гэта і адбылося з эксперыментам Колера: духу навукі спатрэбілася забойства. Тым самым ні радца не апраўданы, ні навука не асуджана. Чым духоўнейшы матыў гвалту, тым страшнейшы сам гвалт, чым больш усвядомлены, тым менш яму апраўдання. Ён набывае рысы бесчалавечнасці. Блюзнерства. У гэтым сэнсе я разважаў слушна, і маё бачанне пацвердзілася. Яно засцерагло мяне ад захаплення Колерам, перашкодзіла мне хоць на хвіліну паверыць у яго невінаватасць. Яно дапамагло мне захаваць да яго агіду. Перакананне, што забіў менавіта ён, з гэтай хвіліны ўжо ніколі не пакідала мяне. Бяда ж у тым, што тады я не распазнаваў небяспекі партыі, якую Колер з маёй дапамогай задумаў згуляць. Я лічыў, быццам мой удзелгэта ўсяго толькі бяскрыўдная тэхнічная дэталь, без наступстваў. Я ўявіў сабе, быццам партыя будзе весціся далей у вакууме, так сказаць, выключна ў думках гэтага блюзнера. Гульня яго пачалася з забойства. Як жа я мог не здагадацца, што працяг яе прывядзе да другога забойства, да забойства, якое гэтым разам ужо давядзецца ўчыняць не доктару h.c., а нам, прадстаўнікам юстыцыі, з якою стары завёў сваю гульню?