К Акула - Закрываыленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке) стр 57.

Шрифт
Фон

- Ну, таварыш Бахмач, скажы чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Да разьве, есьлi-б ты запiсаўся, мукi мала было-б табе? Зачэм-жа тады малоць?

- Я чужога нi хачу, - цьвёрда сказаў Пракоп.

Дзяцюкi цяпер пазiралi адзiн на аднаго ды на Пракопа з такой няўцямнасьцю, быццам-бы пачулi, што Лiтоўцы маюць зараз пад зямлю правалiцца.

- Э-гэ! - сьвiснуў Сабакевiч. - Ты слышыш, таварыш Шпунт? Слышыш, што сказаў?

- Чую, чаму-ж не...

- Ён сказаў, што чужога ня хочыць, пераказваў, быццам вялiкую тайну, прыцiскаючы й зьдзекваючыся з кажнага слова Сабакевiч.

- Так верна, - згадзiўся Лявон. - Таварышч Бахмач кажыць, што чужога ня хочыць.

- Якое гэта чужое, ты iдзiёт? - раўнуў Косьцiк.

Пракоп, цяпер ўжо не на жарты перапалоханы, адступiў крок назад. Косьцiк наблiзiўся, дыхаў алькагольным гарам у твар. Ён пачаў цiхiм, сiпатым зьмяiным голасам, так што ледзь чуваць было. Голас набiраў моцы.

- Сам таварыш Ленiн када-то сказаў: граб награбленае! Да! Таварыш Ленiн так i сказаў. А ты, дзiравенскi iдзiёт, думаiш, што ты мудрэй Ленiна, га? Спрашываю цябе! Ты ня хочаш чужога? Якога гэта чужога? Разьве панскае i асаднiцкае то нi наша? Разьве ня мы на iх работалi, разьве нi яны нашым потам жылi, ды ад нас пасьледнi кусок хлеба забiралi? Га? За каго ты таварыша Сталiна й нас шчытаiш, за дурняў? Га?

Косьцiк адыйшоўсдя ад парогу варыўнi. Ён зрабiў пару кругоў па гумне, пазiраючы коса на Пракопа й iншых.

- Ну а як ты, Янук, думаiш, праўду гавару, цi не? - спытаў Янука.

- Так, - буркнуў ледзь чутна перапалоханы Янук. Даўно спасьцярог, што Косьцiк быў азброены й навет пару разоў руку на кабуры трымаў.

- От вiдзiш, таварышч Бахмач, дажа й сын твой са мной сагласiн. Ну што-ж, iдзiёт ты да й толька таво...

Сабакевiч махнуў рукой, плюнуў на бок i спынiўся ў вадчыненых варотах гумна. Залажыўшы рукi назад, доўгi час стаяў нярухома. Лявон спынiўся побач, мяркаваў што будзе далей. Пракоп выйшаў з варыўнi, надзеў кашулю. Ён пазiраў на Янука, ня ведаў што рабiць. Маўчаньне трывала доўга. На страсе паднялi вэрхал вераб'i. Кiнуўся на некага доктараў Мурзiк.

- Пракоп, нясi гарэлку! - адвярнуўся Косцiк i гукнуў на Бахмача. - Маць тваю за нагу, так i быць. Хоць ты i iдзiёт, алi-ж разам страдалi, дык i трэба адпразнаваць прыход нашай камунiсьцiчаскай савецкай власьцi... Як ты думаеш, Лявон?

- Верна, нужна адпразнаваць, - падхапiў Шпунт.

Пракоп ня рушыў зь месца. Зьняважаны й перапалоханы, пазiраў то на двух басякоў, то вельмi ўпарта глядзеў на Янука, быццам у яго вачох ратунку шукаў.На таўстых Косьцiкавых вуснах пырхала ледзь заўважная ўсьмешка, дрыгаў шрам на лбе.

- Ну дык чаго стаiш, як той на вясельлi? - падняў голас Сабакевiч. - Цi можа за савецкую ўласьць ня хочаш з намi выпiць? Кажу, гарэлкi нясi!

- Нiма ў мяне гарэлкi, - цiхаў сказаў Бахмач.

- Што? Гарэлкi нiма? От бiда вялiкая, - ўсьмiхнуўся Сабакевiч. - На во грошы, пашлi пацана, нiхай купiць.

Ён падыйшоў да Бахмача i з выцягнутага зь кiшэнi жмуту банкнотаў адзьдзялiў адзiн чырванец i даваў Пракопу. - На, бяры, нi сьцiсьняйся. За савецкую ўласьць вып'ем.

Апроч прынагоднай чаркi на якiм сямейным, цi рэлiгiйным сьвяце, Пракоп нiколi ня пiў. Жахнуўся думкi, што басякi гэтыя сядуць за ягоным сталом i, калi непаслухмяны будзе, могуць гарэлкi сiлай у рот налiць.

- На, кажу! - налягаў Сабакевiч i сiлай упхнуў чырванец у Пракопаву руку.

- Янучок, гэта самае... зьбегай да Кмiты, у яго пэўня ёсьцiка, - сказаў дрыжачым голасам Пракоп, усьведамiўшы, што выкруцiцца яму ня ўдасца.

- Добра, тата, - адказаў хлапец. Ён узяў з бацькавай потнай, заробленай у аўсяную муку рукi новы банкнот, што надта прыемна ў руцэ шалясьцеў. Не марудзячы, праз двор рушыў на вулiцу. Разгарнуў грошы ды ўважна iм прыглядаўся. На паперцы сядзеў такi самы лысун з прыжмуранымi вочкамi й жулiкаватай ухмылкай, як на тым партрэце ў школе.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке