Язык табе адсох-бы, цi што?
У Косьцiкавых вачох успыхнулi злосныя аганькi, якраз наводля тых, што загарэлiся былi тады, як зьлез з кладнi ў ягоным гумне ды з нажом на Пракопа кiнуўся. Адылi была iстотная розьнiца. Тады Пракоп сустрэў валацугу як гнеўны гаспадар, цяпер-жа басяк быў носьбiтам "народнае ўлады". Цi то ад скразьняку, цi ад страху ўзялi Пракопа дрыжыкi. Голы да пояса, спацелы, мясцамi пакрыты аўсянай мукой, ён зьбянтэжыўся й глядзеў на слуп сонечнага сьвятла, што празь дзiрку ў сьцяне дыяганалей перасякаў нутро гумна.
- Гэта што, закон такi? - здабыўся на адвагу Пракоп.
- Як я скажу, так i закон! Панiмаiш?
- Га? Во гэтага я ня ведаў...
- Ты чуiш, таварыш Шпунт? Гэтага ён ня ведаў, - сказаў Косьцiк.
- Чую, таварышч упылнамочаны, гэтага таварышч Бахмач ня ведаў, паўтарыў калiшнi драгомiшч.
- От нiблагадарны чалавек! - выбухнуў Косьцiк, зiрнуўшы перш на Пракопа, пасьля на Лявона й барэшце на Янука. - Прышла народная ўласьць, стала быць... рабоча-крысьцiянская, наша собсьцьвiнная. Чалавек першы раз у жыцьцi свабоду палучыў. Ты панiмаiш, таварыш Шпунт? Першы раз у жызьнi палучыў чалавек свабоду, паўтараю: сва-бо-ду! Так заместа паблагадарыць тым людзям, каторыя за гэту свабоду, што ён робiць? Спрашываю цябе: што ён робiць? Знаiць-жа чалавек, што сiчас пры ўласьцi свае людзi, значыцца тыя, каторыя для ягонага блага работаюць. Яму-ж цяпер ужо ня трэба баяцца паноў, асаднiкаў, другiх белапольскiх эксплуататараў. Свае-ж людзi пры ўласьцi. Панiмаеш? - выставiў Косьцiк указальны палец на Лявона. - I знаiць-жа чалавек, што цяпер ужо ня трэба аб жызьнi забоцiцца. Усяго хватаiць. А як чаго нету, дык да каго нужна абрацiцца? Га? - спрашываю цябе, - да каго? Ну ясна, да сваей уласьцi!
- Верна, - згадзiўся Лявон.
- Слышыш, таварыш Бахмач? Да каго абрацiцца нужна?
Пракоп нявыразна нешта буркнуў пад носам.
- Дык ты чаму-ж да нас нi прышоў, чаму нам нi сказаў, што таварышчы, мол так i так, у тым i ў тым у мяне нужда ёсьць, памажыце... Э-гээ, як то так можна? - запаволiў Косьцiк тэмпа.
Янук пазiраў на тое тучнае, чырвонае Косьцiкава мурло, то на дрыжачага, моцна церпячага ад гэтай зьдзеклiва-насьмешлiвай гутаркi бацьку. Каб быў дужы, каб мог схапiць i змагчы гэтых двух басякоў...
- Дык уместа таго, штоб ён да нас прышоў, пасаветаваўся й помашчы папрасiў, дык не, мы гэта далжны аб iм забоцiцца. Сядзiм, значыць i думаем: як гэта наш таварыш Пракоп там пажываiць, ня нужна лi яму чаго-нiбудзь... Iш ты, якi нiблагадарны! - махаў Сабакевiч Пракопу ля спацелага твару пальцам i прамаўляў тонам, якiм дакараюць дзяцей.
- Нiблагадарны, гэ-гэ! - згадзiўся Лявон.
- Ну эта, прымерна, было-б прасьцiцельна, есьлi-б гэта ня мой друг так зрабiў. Ато хто-ж гэта так зрабiў? Ды нiхто другой, як мой лучшы друг Пракоп Бахмач, людзi добрыя! Да, он сам! Гэ-гэ! - зьдзекваўся Косьцiк.
- Ну да, лепшы друг, - згадзiўся Лявон.
- Да разьве ты ня помнiш, таварыш Бахмач, як ты мяне ў сваiм гумне прыхiнуў, на кладнi начлег даў? Як патом цябе белапольская палiцыя цягала, га?
Хвiлiна маўчаньня трывала доўга. Недзе над Гараваткай усхадзiлiся вароны, у Лiпавiчах гудзеў трактар. Па чарзе, быццам моцна пакрыўджаны, Косьцiк пазiраў на людзей. Янук глядзеў унiз. Накачвалiся сьлёзы. Ужо колькi раз пазiраў на вiлы, што ў застаронку стаяi. У выпадку чаго, дык... Страшна падумаць было.
- Ты-ж за мяне,таварыш Бахмач, страдаў. Панiмаiш?
- Верна, савяршэнна верна, таварыш упылнамо... - вярзiў Лявон.
- Ну так от. Есьлi ты так пастрадаў за нас, каторыя за савецкую ўласьць баролiся, так зачэм сiчас ты такi няблагадарны тым людзям, так сказаць, што пры ўласьцi, каторыя табе памагчы хочуць? Э-гэ, што-ж гэта такое, спрашываю я вас таварышчы?
Зноў Косьцiк у вельмi пакрыўджанага ператварыўся.
- Апяць хачу спрасiць цябе, таварыш Бахмач, чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Га? Пачаму?
Пракоп маўчаў.
- Спрашываю, ну атвiчай-жа! Языка нi маеш, цi што?
- А можа й нi маiць? - усьмiхнуўся Лявон.
Косьцiк стрэлiў ў Лявона дакорлiвым позiркам.