Эльфiн размахнуўся i шпурнуў бутэльку далёка-далёка. Яна ўзляцела ажно да зор, а потым трапiла ў самую сярэдзiну вiру.
- Мы выратавалi краiну, - урачыста сказала Прынцэса. - Ты ўратаваў маленькiх дзетак. Дай мне сваю руку.
- Не магу, - сумна адказаў Эльфiн. - Мiлая мая, я ўжо нiколi не змагу ўзяць цябе за ручку, бо мае рукi згарэлi.
I праўда, замест рук у яго засталiся толькi чорныя вугалi. Прынцэса ў слязах пачала цалаваць абвугленыя Эльфiнавы рукi, а потым разадрала сваю чароўную белую сукенку i дбайна iх перавязала.
Неўзабаве яны вярнулiся дадому i расказалi пра ўсё Прынцэсiнай мамцы. А свiннi тым часам сядзелi вакол вежы i цярплiва чакалi.
- Ва ўсiм свеце не знайсцi чалавека, смялейшага за Эльфiна, - сказала Прынцэса. - Сваёю адвагаю ён уратаваў нашую краiну i маленькiх дзетак. Але бедныя, бедныя яго рукi!
У гэтую хвiлiну дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшла сама старая свiння. Яна падышла да Эльфiна i, пяшчотна рохкаючы, пацерлася аб яго бокам.
- Вы толькi паглядзiце! - сказала мамка i абцерла слязу. - Жывёлiна, а разумее, усё разумее!
Сабрынэта пачухала свiнцы за вухам, бо ў Эльфiна цяпер рук не было.
- Адзiны сродак ад цмокавых апёкаў, - зноў сказала мамка, - гэта свiны тлушч. I адданая iстота ведае гэта.
- Нi за што ў свеце! - крыкнуў Эльфiн i паспрабаваў палашчыць свiнку абпаленым локцем.
- Няўжо нiчога iншага нельга прыдумаць? - спытала Прынцэса.
Але тут яшчэ адна, чорная, як вугаль, свiнка ўвайшла ў пакой. Потым яны пачалi ўваходзiць адна за адной, i неўзабаве ўвесь пакой быў запоўнены круглымi чорнымi свiннямi. Яны ласкава рохкалi, i кожная спрабавала падлезцi да Эльфiна.
- Ну... Увогуле ёсць яшчэ адзiн сродак, - адказала мамка. - Мiлыя, адданыя жывёлы! Яны ўсе гатовыя памерцi, каб уратаваць Эльфiна.
- Якi сродак, якi? - з хваляваннем перапытала Прынцэса.
- Калi ў каго-небудзь цмокавы апёк, - задуменным голасам пачала мамка, - i пэўная колькасць асобаў гатовая памерцi, каб уратаваць яго, дык кожнай з гэтых асоб дастаткова пацалаваць яго ў абпаленае месца i ад усяе душы пажадаць, каб раны загаiлiся.
- Колькi, скажы, колькi павiнна быць такiх асобаў?! - закрычала Прынцэса.
- Семдзесят сем.
- Свiнак семдзесят пяць, а я семдзесят шостая! - узрадавана лiчыла Прынцэса.
- Павiнна быць роўна семдзесят сем, а я ну нiяк не магу дзеля яго памерцi. Так што нiчога не зробiш, - сумна сказала мамка, - не будзе ў яго рук.
- Я ведаў пра гэты сродак, - усхвалявана сказаў Эльфiн. - Але я не думаў, што мае дарагiя свiннi i ты, мая каханая, так мяне любiце! Ёсць, праўда, яшчэ трэцi сродак, але лепш я памру, чым ажанюся з кiм-небудзь апроч цябе, мая мiлая!
- А з кiм табе трэба ажанiцца, каб загаiць цмокавыя апёкi? - спытала Сабрынэта.