Эльфiн не ведаў, што побач з iм сапраўдная Прынцэса, але адчуваў, што сэрца ў яго каханай з чыстага золата (пра што ён не аднойчы сказаў Сабрынэце).
- Уся памылка ў тым, што бiклага ў яго не цмокатрывалая, - разважаў Эльфiн, - цяпер я гэта разумею.
- I толькi ў гэтым уся справа?! - узрадавалася Прынцэса. - Дык тады ўсё цудоўна. Я зараз пайду i прынясу якую-небудзь бутэльку - у маёй вежы ўсё цмокатрывалае. Мы абавязкова павiнны адолець цмока i выратаваць дзетак.
Сабрынэта рушыла па цмокатрывалую бутэльку, але Эльфiну пайсцi з сабой не дазволiла.
- Калi ўсё, што ты кажаш - праўда, - сказала яна, - i калi ты ўпэўнены, што ў мяне залатое сэрца, дык цмок не кране мяне. А тут нехта павiнен застацца, бо нельга пакiдаць свiнак адных.
Эльфiн быў цалкам упэўнены, што сэрца ў яе залатое, i таму ўрэшце пагадзiўся адпусцiць Прынцэсу адну.
Падышоўшы да вежы, Сабрынэта са здзiўленнем убачыла, што вялiкiя дзверы ў вежу адчыненыя.
А здарылася вось што: некалькi доўгiх гадзiн цмок цярплiва сядзеў ля вежы i чакаў Прынца. А як толькi той адчынiў дзверы, каб на хвiлiнку выбегчы i ўкiнуць у паштовую скрынку лiст да свайго Першага Мiнiстра (у якiм паведамляў, дзе ён цяпер знаходзiцца, i загадваў тэрмiнова выслаць на барацьбу з цмокам каралеўскую пажарную брыгаду), - як толькi ён гэта зрабiў, цмок хуценька праглынуў яго i, не марудзячы болей, пасунуўся да лесу, бо наставаў час рабiцца маленькiм i класцiся спаць.
Сабрынэта спакойна ўвайшла да сябе, пацалавала мамку, прыгатавала ёй кубачак смачнай гарбаты i распавяла пра ўсё, што здарылася, ды сказала, што сэрца ў яе, як высветлiлася, - з чыстага золата i таму цмок не можа зрабiць ёй нiчога дрэннага. Тады, зразумеўшы, што нiякая небяспека Прынцэсе не пагражае, мамка дазволiла ёй вярнуцца ў лес.
А Сабрынэта ўзяла цмокатрывалую бутэльку з напалiраванага да бляску мосенжу i шпарка пабегла да Эльфiна, якi пачаў быў ужо хвалявацца.
- Я ўжо баяўся, што ты нiколi не вернешся, - сказаў ён, - здаецца, я прачакаў цябе цэлых сто год.
Прынцэса прысела побач з Эльфiнам на траву, i так, трымаючы адно аднаго за рукi, яны моўчкi прасядзелi разам з чорнымi свiнкамi, пакуль не сцямнела. Калi ж зрабiлася зусiм цёмна, яны ўбачылi цмока, якi шпарка поўз да дрэва, i за iм на мху заставаўся гарэлы след. Цмок хутка памяншаўся i зрабiўся нарэшце даўжынёю з палец. Тады ён залез пад корань i, утульна скруцiўшыся, падрыхтаваўся да сну.
- Пара, - сказаў Эльфiн.
Сабрынэта ўзяла бутэльку, а Эльфiн пачаў падштурхваць цмока галiнкамi i прымусiў яго запаўзцi ўсярэдзiну.
Але ў iх не было чым бутэльку закаркаваць!!!
- Ну, нiчога, - вырашыў Эльфiн, - замест корка я ўсуну свой палец!
- Не, дазволь лепей мне, - папрасiла Прынцэса, але адразу зразумела, што Эльфiн ёй гэтага не можа дазволiць.
Хлопец асцярожна засунуў палец у рыльца бутэлькi.
Прынцэса закрычала:
- Хутчэй! Трэба бегчы да мора!
Эльфiн моцна схапiў бутэльку з цмокам, i яны пабеглi. А за iмi доўгаю чорнаю чарадой трушком беглi свiннi.
Бутэлька пачала награвацца, бо цмок што было моцы пачаў плявацца агнём. Яна рабiлася ўсё гарачэйшая i гарачэйшая, пакуль не распалiлася аж да чырванi. Але Эльфiн нi на хвiлiну не выпускаў яе з рук. I вось нарэшце яны ўзбеглi на скалу i ўбачылi ўнiзе блакiтнае мора. А гэтае мора было славутае сваiм вiрам, якi мог зацягнуць i патапiць нават сама вялiкi карабель.