Автор неизвестен - Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) стр 6.

Шрифт
Фон

Прынцэса апынулася на вулiцы якраз побач з цмокам, якi ўсё яшчэ румзаў. Але цмок не звярнуў на яе ўвагi, бо нiводзiн цмок, нават сама люты, не можа дакранацца да бялюткiх Прынцэс, у якiх сэрца з чыстага золата (але гэтага не ведала нават старая мамка).

Прынцэса была выхаваная вельмi добра i ведала, што выходзiць у горад без капялюшыка i пальчатак, асаблiва калi на табе такая чароўная ядвабная сукенка з вышыванымi стакроткамi, непрыстойна. Сапраўдная лэдзi не магла сабе гэтага дазволiць. I таму яна пайшла не да горада, а зусiм у iншы бок, рушыўшы праз поплаў да лесу.

Сабрынэта яшчэ нiколi не выходзiла са сваёй вежы, бо мамка ёй гэтага не дазваляла, i калi яна ступiла на мяккую мурожыстую траву, яна адчула проста райскую асалоду. Але доўга захапляцца часу ў яе не было, i яна хутчэй пабегла хавацца ў лясны гушчар, бо не ведала, што ў яе залатое сэрца, i таму, вядома, як сама звычайная дзяўчынка, вельмi спалохалася цмока.

У лесе, у невялiчкiм логу, яна натрапiла на Эльфiна i на семдзесят пяць ягоных прыгожых чорных свiнак. Эльфiн iграў на флейце, а свiнкi кружылi i танчылi на заднiх нагах.

- Калi ласка, - сказала Прынцэса, - паклапацiцеся пра мяне, мне вельмi страшна.

- Добра, - адказаў Эльфiн i абняў яе. - Вось. Цяпер вам няма чаго баяцца. А хто пасмеў вас так напалохаць?

- Цмок, - ледзь чутна шапнула яна.

- Ага, дык ён такi вылез са срэбнай бiклагi! - сказаў Эльфiн. - Спадзяюся, ён з'еў гэтага брыдзюка - Прынца.

- Не, Прынцу цяпер нiчога не пагражае, - цяжка ўздыхнула Прынцэса. - А чаму вы так яго называеце?

Тады Эльфiн расказаў ёй пра сустрэчу з Прынцам i пра тое, як Прынц злосна падмануў яго.

- Ён абяцаў мне палову каралеўства i сваю кузiну ў жонкi!

- Божа мой! Якi сорам! - абурана крыкнула Прынцэса i паспрабавала вызвалiцца з ягоных абдымкаў. - Як ён пасмеў!

- Што здарылася? - спытаў Эльфiн i абняў яе яшчэ мацней. - Яму сапраўды павiнна было б быць сорамна, прынамсi, мне так здавалася. Але цяпер, цяпер няхай яму застаецца ўсё яго каралеўства, абы мне засталося тое, што мне даражэй за ўсё на свеце!

- Вы гэта пра што? - спытала Прынцэса.

- Пра што? Не пра што, а пра каго! Пра цябе, пра каго ж яшчэ?! Бо ты - мая прыгажуня, маё яснае сонейка! - усхвалявана пачаў тлумачыць Эльфiн. - А што да Прынцэсы, ягонай кузiны, - дык ты ўжо мне, мiлая, прабач, але ж я тады сапраўднай Прынцэсы, адзiнай у свеце Прынцэсы, маёй Прынцэсы яшчэ не бачыў!

- Ты гэта пра мяне кажаш? - здзiвiлася Сабрынэта.

- А што, ты тут бачыш каго-небудзь iншага?

- Але ўсяго пяць хвiлiн таму ты пра мяне нiчога не ведаў.

- Пяць хвiлiн таму я быў звычайны свiнапас, а цяпер, калi ты побач, я адчуваю сябе сапраўдным Прынцам! Хоць са свiннямi я не разлучуся да канца маiх дзён.

- Але ж ты нават не папытаў у мяне!

- Дык гэта ж ты папрасiла мяне паклапацiцца пра цябе? Менавiта гэтым я i збiраюся цяпер займацца ўсё жыццё.

Вырашыўшы гэтае пытанне, яны пачалi абмяркоўваць сур'ёзныя i складаныя справы - цмока i Прынца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке