— Дык давайце на маёй! — прапанаваў Добыш. — Што трэба, я ўжо загрузіў у горадзе і магу ад вашага вострава потым ехаць прама да сябе ў Кабілію.
Доктар Кійк крыху яшчэ пакорпаўся ў сваім пацёртым сакваяжы з рознымі медыцынскімі прычындаламі, і яны выйшлі ў абнесены каменнай сцяной двор, у якім, аблеплены гарластай дзятвой, стаяў грузавік Добыша. На самым санцапёку дзяўчынкі развучвалі мясцовы танец, дзярбуку, спрытна падскокваючы і прытупваючы босымі нагамі па гарачым каменні. Жвавы, бы яшчарка, хлапчук ускарабкаўся на аплеценую вінаграднай лазой і плюшчом сцяну і штомоцы гарланіў кафэшантанную песеньку «Любая з'ехала на аўтамабілі ў Гаўшур». Седзячы ў прыцененым пакоі Кійкаў, Добыш паспеў забыць, якая была спёка на вуліцы. Ад грузавіка патыхала, як ад распаленай патэльні. З кузава спуджана пасыпаліся падобныя на цыганят хлапчукі. Ну і народ! Стаўшы на кола, Добыш паправіў раскоўзаны брызент, якім былі прыкрыты скрынкі з запаснымі часткамі для трактароў — тое, па што і пасылалі Добыша ў горад з Уадыяса.
— А вось і наша машына! — паказаў яму знізу Кійк. — Можа, давайце ўсё-такі на ёй, а?
— Грузавік нельга тут пакідаць без прыгляду, — адказаў Добыш. — Калі хочаце, едзьце на легкавушцы, а я следам.
— Гэта лішне, — не згадзіўся доктар Кійк. — Месца ж мне хопіць і ў грузавіку.
— Я і назад вас прывязу, — сказаў Добыш.
— Навошта? — запярэчыў Кійк. — Там аўтобус блізка.
Кійк адправіў шпітальную машыну назад. Не захацеў толькі вярнуцца Рааба, студэнт медыцынскага факультэта Алжырскага універсітэта, які праходзіў у шпіталі практыку. Заявіў, што паедзе з імі ў кузаве грузавіка.
Так яны і паехалі. Рааба ўвесь час Звешваўся з кузава да акна кабіны, каб удзельнічаць у размове. Гаварылі спачатку пра горад, а потым перайшлі на старога, да якога ехалі па залітым спёкай горадзе.
— Аіт-Хаммуш, — крычаў, у чарговы раз звесіўшыся, Рааба, — ён з тых, што яны «яшчэ не вярнуліся».
— Гэта значыць, што ён не згодны з новымі, рэвалюцыйнымі парадкамі? — удакладніў доктар Кійк.
— Не! — крычаў Рааба яшчэ мацней, бо грузавік якраз ехаў па плошчы Загінуўшых Змагароў, а паток машын тут быў такі густы, што ад выхлапных газаў не было чым дыхаць. Рэгуліроўшчыкі ледзьве паварушвалі рукамі ў белых пальчатках. Добыш падумаў, што для іх, калі так пойдзе далей, відаць, будуць устанаўліваць кіслародныя калонкі, як для рэгуліроўшчыкаў Парыжа ці Токіо.
— Не! — паўтарыў Рааба. — Гэта пра тых, у каго душа яшчэ ўсё бадзяецца па свеце, не вярнулася ў Алжыр.
— Чалавек тут, а душа бадзяецца? — не верыў Кійк.
— Ну! — крычаў Рааба. — Бо чалавек вельмі доўга быў далёка ад дому. Аіт-Хаммуш заявіўся ж сюды не са сваёй бацькаўшчыны, не з Кабіліі, а з Туніса. Будан на востраве яму аддаў Хашым і лодку таксама. Хто такі Хашым? Гэта быў кантрабандыст і нейкі час іцісаль. Перавозчык, ці што. Хашым перавозіў нашым партызанам з Туніса зброю, боепрыпасы, быў сувязным. А потым нечага напалохаўся і з'ехаў, казалі, у Партугалію.
Нарэшце грузавік выбраўся з тлуму вялікага горада на ўскраіну і памчаў міма бялюткіх прыгарадных віл, агорнутых вінаграднымі лозамі і апельсінавымі садамі, у напрамку гарадка Шэршэл.
— Лепш верхняй дарогай, — падказваў Рааба. — Бачыце, што робіцца ля мора, процьма машын.
— Дык гэта праўда, што ваш Аіт-Хаммуш чараўнік? — спытаў Добыш у Кійка. — Я бачыў аднаго чарадзея там, у гарах. Ён прадбачыў будучае наведвальніка па курыных яйках, якія яму прыносілі за яго работу.
Абодва засмяяліся: прадказваць чалавечы лёс па курыным яйку!
Рааба раптам пачаў стукаць па кабіне.
— Кіруйце па той сцяжынцы! Направа!
Перад палоскай пляжа цягнуліся крутыя, нярэдка нават абрывістыя схілы, парослыя калючым хмызам. Дзікія мясціны! Машыну давялося пакінуць далёка ад берага, на камяністай пляцоўцы ля шашы. Астравок — маленькі, закінуты нейкім веліканам у мора кавалак скалы — быў як на далоні.