Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 7.

Шрифт
Фон

— Вас ахоўвае ад бандытаў усё той жа дзіўны стары? — бы адчуўшы, што Добыш думае пра яго, спытаў Кійк. — Вера, памятаеш, я расказваў табе. Яго параніла, а ён не хоча садзіцца ў санітарную машыну, кажа, у ёй ляжыць ужо цяжкапаранены дыверсант. Не магу, кажа, дыхаць адным паветрам з гэтым агуду, нечысцю, значыць. І не паехаў.

— Ды ён не зусім стары, — запярэчыў Добыш. — Гэта ён такі ад перажытага — у яго карнікі знішчылі ўсю сям'ю.

— Як марабут, — сказаў Кійк. — Гэткі ж позірк і незвычайная цярплівасць.

— У Антона што ні стары ў цюрбане, то марабут, — заўважыла гаспадыня. — З кожным хоча пазнаёміцца.

— Мяне цікавяць іх прыёмы гіпнозу, — дабрадушна ўсміхнуўся доктар Кійк. — Гэта ж таямніцы тутэйшай народнай медыцыны. Як не вывучаць? Разумееце, ёсць у іх нешта агульнае з індыйскімі йогамі.

— Нашага вартавога завуць Рахдзі-Муджахід. Але я не чуў, каб ён займаўся гіпнозам ці варажбою.

Доктар Кійк толькі кіўнуў. Сядзеў засяроджаны, нават пахмурны. Добыш у свой час прачытаў недзе, што гэткай стрыманасці вучаць не толькі ў сям'і, але і ў школах англічан, асабліва арыстакратаў. Потым ён неяк перачытваў трагедыі Шэкспіра. Гэта было на цаліне, калі раптам пасля пыльных, спякотных і поўных напружання дзён раптам лінулі дажджы. Ляжаў у палатцы, зверху капала, быў час падумаць пра жыццё і пра розных людзей, у тым ліку пра тых, пра якіх напісана ў кнігах. Вось тады ён і прыйшоў да думкі, што ўся тая стрыманасць у англічан — толькі ад шматгадовай трэніроўкі. Бо каб зразумець чалавека, трэба паглядзець, якім ён бывае, калі вельмі спалохаецца або раззлуецца. Добыш бачыў эстонца, жыхара паўночнага краю доктара Кійка іменна такім раззлаваным. Тады яны нават пасварыліся, але і дружба іх пачалася з той сустрэчы.

Доктар Кійк адмовіўся тады высадзіць з санітарнай машыны параненага путчыста, хоць Рахдзі-Муджахід не захацеў лажыцца побач з ворагам. Маладыя хлопцы, у тым ліку Добыш, прапанавалі доктару выцягнуць насілкі з бандытам. А той сказаў:

— Месца хапае на абодвух, а цяжкапараненага кінуць не магу. Калі выжыве, суд установіць, наколькі ён вінаваты, а мой абавязак — лячыць.

Ля пасёлка яшчэ чулася тады страляніна, маглі прарвацца путчысты, а яны ў гэты час спрачаліся, гуманна ці не гуманна адкладваць перавозку цяжкапараненага ворага ў шпіталь. Хоць каб яго хаўруснікі прарваліся ў паселішча, то не пашкадавалі б нікога. Нарэшце прапанавалі, каб Рахдзі-Муджахід сеў у кабіну на месца санітара, але стары адмовіўся.

— Я з ім не паеду, — заявіў ён, — гэта агуду. Дайце мне аўтамат.

Раненне ў яго было не цяжкае, так ён і вылечыўся дома. Мужны чалавек.

— Якія ў вас планы на бліжэйшы час? — перапыніў успаміны Добыша доктар Кійк.

Хлопец адвёў вочы, як засаромеўся.

— Хачу заскочыць у міжнародны маладзёжны лагер у Сідзі-Феруш, акунуся ў мора, а пад вечар зноў у горы.

— А то я хацеў прапанаваць вам праехацца да майго старога, да Аіт-Хаммуша.

— Антон, можа, хлопец на спатканне збіраецца, а ты яго на востраў…

Жанчыны неяк здагадваюцца пра самае патаемнае. Ён сапраўды хацеў не толькі паплаваць у моры. Мэрыям — такое імя было ў дзяўчыны, якую ён сустрэў у Сідзі-Феруш на вечары моладзі два тыдні таму назад. Яны дамовіліся праз тыдзень сустрэцца на паштамце, але дарэмна Добыш пратырчаў там увесь свой вольны час — амаль дзве гадзіны. І вось яму падумалася — а раптам зноў спаткае яе ў Сідзі-Феруш? Недзе паблізу яна працуе ў дзіцячым садзе.

— Ды не ідзіце вы з ім, Юрый, — паўтарыла Вера Астапаўна. — Гэткіх марабутаў вы на рынку дзесятак за паўгадзіны пабачыце.

Каб у гэты момант Добыш больш уважліва аднёсся да слоў Веры Астапаўны, ды і наогул цвёрда трымаўся свайго плана, многае з таго важнага, што адбылося з ім потым, аказалася б зусім іншым.

— Я з вамі, Антс Андрэасавіч, — вымавіў Добыш словы, якія рашалі яго далейшы лёс.

— Цудоўна, — прамовіў доктар Кійк. — Будзем збірацца. Па мяне са шпіталя абяцалі а трэцяй гадзіне прыслаць машыну.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора