Калі ўсе ўтрох пачалі, цяжка дыхаючы, прадзірацца праз калючы хмызняк уніз, Добыш успомніў, што не замкнуў дзверцы машыны на ключ. Трэба было б вярнуцца, але зноў караскацца па крутой сцяжынцы і чапляцца за калючкі. А, ліха з ім, абыдзецца. Месца ж зусім бязлюднае.
І зусім дарэмна ён так думаў. Бязлюдных месц у наш час, відаць, няма, а тым больш каля такога вялікага горада, як Аль-Джазаір.
— Глядзіце, акулу вязуць! — закрычаў Рааба, паказваючы на рыбацкую лодку, якая ў гэты момант паказалася з-за астраўка.
— Ну, а дзе ж мой пацыент? — прыжмурыў вочы доктар Кійк.
Добыш уважліва разглядаў камяністы выступ сярод неспакойнай вады. Цяжка нават было ўявіць, што там нехта мог жыць. Здаецца, і прытуліцца там не было дзе, хіба што каля таго вострага спічака, там відаць была бухтачка, у якой можна схаваць лодку ў непагадзь.
— Ён там, — упэўнена прамовіў Рааба. — Але не трэба туды, асабліва пад вечар. Месцы гэтыя здаўна лічацца нядобрымі. Тут непадалёку, вунь, туды зірніце, руіны старажытнай турэцкай крэпасці. А да турэцкіх янычараў ёю валодалі піраты раіса Аруджа.
І, склаўшы далоні рупарам, Рааба закрычаў у бок астраўка:
— Сейід Хаммуш! Гэй, сейід Аіт-Хаммуш!
Прыглушанае рэха вярнула голас маладога алжырца спачатку з берага, потым з мора. Рааба паўглядаўся ў астравок і пакрычаў зноў…
Прасачыўшы, як трое мужчын спусціліся па адхоне да астраўка, Акліль прабраўся да грузавіка. Так і ёсць, дзверцы незамкнёныя. Ён асцярожна пацягнуў на сябе правую, і на яго дыхнула з кабіны цяплом разагрэтай скуры і машыннага масла. Перш чым агледзець кабіну больш уважліва, Акліль прысеў, азірнуўся. І ледзь стрымаўся, каб не кінуцца наўцёкі: высокі светлавалосы хлопец якраз спыніўся і павярнуў назад. Няўжо заўважыў? Ух ты! Не, зноў пайшоў да астатніх. Акліль зусім супакоіўся, калі адзін з мужчын, склаўшы далоні рупарам, пачаў клікаць кагосьці з астраўка. Значыць, можна ў кабіну…
Знайшоў ліхтарык, пачак цыгарэт. І хоць не курыў, сунуў адну цыгарэту ў губы і ўзяўся за руль, уявіўшы, што ён вадзіцель гэтага грузавіка. Цікава, што за марка? Раней ён такіх, здаецца, не сустракаў, хоць пабачыў нямала — амерыканскіх, італьянскіх і, асабліва, французскіх. Усё гэта былі машыны ірум'енаў, як называлі тут прыхадняў з Еўропы. І той хлопец, што прыпыніўся і напалохаў Акліля, быў ірум'ен. Але якой жа маркі грузавік, на якім ён прыехаў? Шкада, што ў кабіне няма нічога з ежы. А мо яшчэ што знойдзецца? Усялякую рэч можна абмяняць на ежу ці на дынары.
Акліль так захапіўся пошукамі, што не заўважыў яшчэ адной небяспекі: не адзін ён цікаваў за тымі, хто прыехаў.
— Ты чаго тут? Гэта мая тэрыторыя! — рашуча сказаў яму хлопчык яго ўзросту, але крыху шырэйшы ў плячах. Не паспеў Акліль зразумець, што здарылася, як яго рванулі за ногі з кабіны.
Хлапчукі моўчкі счапіліся біцца. Бойка, відаць, працягвалася б доўга: сілы былі амаль роўныя. Але пачуліся гукі сірэны. Ого! Гэтыя гукі ведалі добра абодва. Так сігналяць паліцэйскія. Хлапчукі спынілі тузаніну, паўглядаліся адзін у аднаго: што яшчэ здарылася? А потым Хуары пабег першы. Чорт з ім, з гэтым нахабным хлапчуком, ён яго яшчэ, калі алах паможа, сустрэне. А трапіць у рукі паліцэйскага ў гэтых мясцінах яму не хацелася. Гэта сапраўды была «яго тэрыторыя», Хуары тут з некаторага часу жыў. І, зразумела, па некалькіх важных прычынах хацеў, каб пра тое ніхто не ведаў. Хуары вельмі здзівіўся, калі заўважыў, што і нядаўні яго праціўнік бяжыць следам. Пагоні не было. Хутчэй за ўсё, па шашы імчаў паліцэйскі матацыкл, з яго і пасігналілі на хаду, заўважыўшы бойку хлапчукоў.
— Не бяжы за мной! — з пагрозай загадаў Хуары.
— І не падумаю, — адгукнуўся праціўнік і, цяжка дыхаючы, сеў на камень.
Хуары таксама сеў. Пасля такога бегу не хацелася распачынаць зноў бойку. А потым слова за словам — пачалі размаўляць, гразіць адзін аднаму. Акліль хацеў даказаць, што ён не адзін і чапаць яго небяспечна. Пагражаў і Хуары. Ён назваў сваім блізкім сябрам Янычара з Ніжняй вуліцы. Акліль успомніў Арэзкі, з якім пазнаёміўся ў дзіцячым доме і разам прабраўся на параход у Марсэль.
Потым, прыгледзеўшыся да Акліля бліжэй, Хуары вырашыў, што той мог бы спатрэбіцца для справы, за якую ён збіраўся неўзабаве ўзяцца.
— Гэй, ты есці хочаш? — спытаў міралюбна. Акліль праглынуў сліну і насцярожыўся.
— Ну, а што ты мне дасі за банан і кавалак хлеба? Акліль няспешна палез у кішэню. Спярша хацеў прапанаваць ліхтарык, але, падумаўшы, працягнуў пачак цыгарэт — усё роўна ён не курыць. А некаторыя хлапчукі, якім здаецца, што з цыгарэтай у роце яны больш паходзяць на сапраўдных дужых мужчын, купляюць іх нават на апошнія грошы. Хуары, відаць, з такіх. Акліль дрыжачай рукой узяў хлеб. А Хуары тут жа важна выцягнуў цыгарэту з пачка і зашоргаў па карабку запалкай.
— А не брэшаш, што цябе ведае рыжы Арэзкі? — спытаў ён з падазронасцю.
— Сабака брэша, — незалежна сказаў Акліль і памацаў губу. Яна балела. Здорава б'ецца гэты Хуары. Бач ты яго, прысвоіў сабе ўсю тэрыторыю пусткі. Але ж і ў яго нос падобны на шызую сліву, а заўтра будзе яшчэ прыгажэйшы.