— Яшчэ што, — буркнуў Селім, падазрона разглядаючы худога абадранца. Акліль пад яго позіркам перасмыкнуў плячамі.— Ля гатэля… Бач чаго захацеў!
— Я за яго паручуся, Селім, — горача запэўніў Хуары. — Вось пабачыш, ён табе падыдзе.
— У нас зараз няма месца, — паважна прамовіў Селім, са штучнай абыякавасцю адварочваючы галаву да свайго памочніка Шакала. Той кіўнуў, пацвярджаючы словы «шэфа».
— Але, Селім…
— Ну добра, — нешта прыкінуўшы, з уздыхам сказаў Селім. — Калі ён твой сваяк… Я не пытаю, адкуль ты яго адкапаў… Працуй з ім разам, на тваім участку, вучы. Зразумеў? Яго як імя? Ага, Акліль. А там паглядзім. Тыдні праз два.
— У яго нават задатак ёсць, — не адступаў Хуары. Селім недаверліва скасавурыўся.
— Бажуся! Пакажы яму, Акліль.
Селім грэбліва ўзяў карал, пакруціў у руках. Затым звярнуўся да Шакала:
— Гэта чаго-небудзь варта, як лічыш?
Янычар здзекліва засмяяўся: што можа быць каштоўнага ў нейкага смаркача ў падраных штанах? Акліль насупіўся і хацеў забраць карал. Казаў жа ён Хуары, што нічога добрага з яго плана не выйдзе. Лепей збыць карал на рынку.
— Ты дзе яго сцягнуў? — спытаў Селім.
— У моры здабыў,— Акліль зноў хацеў забраць карал.
— Бач ты, — Селім зноў уважліва агледзеў Акліля. — Няхай тады пабудзе ў мяне. Як задатак… Ну, і пакажу каму-небудзь, хто ў гэтым кумекае. Можа, за яго і дынар не дадуць, адкуль мне ведаць.
— Дадуць! — запэўніў Хуары. — Ты ж паглядзі, што за рэч. На рынку горшыя. Заплаці Аклілю трохі. Селім дастаў грошы.
— Дык ты, Хуары, ручаешся за яго? — сказаў ён і працягнуў Аклілю драбязу.
— Мне на куртку трэба! — абурыўся Акліль.
— А мне што да таго? Купляй! А калі за карал што-небудзь дадуць, то і я дабаўлю. Мне ж таксама яго яшчэ трэба прадаць, так?
— Бажуся, Селім, ты добра яго прадасі! — зноў уставіў сваё Хуары.
Селім яшчэ падумаў. Потым нехаця дадаў Аклілю некалькі зашмальцаваных манет.
— Гэта табе аванс. Так?
— Камень добры, я ведаю. А калі што, дык я адпрацую, — сказаў Акліль пасля штуршкоў сябра.
— Не ўздумай ад мяне хавацца. — Селім кіўнуў у бок Янычара: — Вось ён знойдзе цябе ўсюды… Нават у дзіцячым прыюце.