Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 16.

Шрифт
Фон

На лесвіцы стаяў смурод. Селім неаднойчы сам выцягваў за вуха смаркачоў, якім ніхто не растлумачыў, што куткі калідора існуюць зусім не для таго, каб туды поўзаць са спушчанымі штанамі. Туалет у другім месцы. Селім ужо некалькі разоў казаў маці, што трэба нарэшце перабірацца куды-небудзь у больш цывілізаваны квартал, хопіць хавацца, у іх жа ёсць, хвала алаху, падтрымка. Але маці стараецца жыць непрыкметна. Можа, спадзяецца, што Лейлу пасватае Тахар, актывіст Фронту нацыянальнага вызвалення? Няўжо той нічога не здагадваецца пра іх мінулае, няўжо Лейла не сказала яму? Звычайна яна такая языкастая, любіць памянціць языком, як і маці.

Ля ўвахода ў кавярню абыякава і сонна аглядаў афішы мардаты Янычар, самы адданы целаахоўнік Селіма. Відаць, яму растлумачылі, хто такі Селім, вось чаму гэты боўдзіла такі паслухмяны. З іншымі дык — ого! Яшчэ пры французах ён займаўся ў нейкай дзіцячай школе дзюдо. А колькі жарэ гэты слон!

Уладкаваўшыся за столікам ля расчыненага акна, Селім заказаў свайму целаахоўніку толькі каву і рагалік з маслам, а сабе — яечню з бульбаю.

— Мы з Шакалам высачылі тых шчанюкоў,— далажыў Янычар. — Зрабілі ўсё, як ты загадаў: скрынкі і шчоткі адабралі, а самім надавалі.

— Ты не дарэмна ясі хлеб, — прамовіў Селім паважна, як яго дзядзька, калі размаўляў з рабочымі.— Што яшчэ?

— Мустафа зноў прапануе нашым хлопцам — Шакалу, Мухамеду — браць у яго тавар.

— З ім ніякіх спраў,— адрэзаў Селім. — Гэта пахне паліцыяй.

Узяў са стала газету. «У мястэчку Біркідзем, — прачытаў ён на першай старонцы. — Біркідзем… — паўтарыў ён, шавелячы тонкімі губамі,— адбылося адкрытае пасяджэнне новага сельскагаспадарчага кааператыва. Яго стварылі былыя муджахіды, якім урад перадаў багатую ферму былога начальніка французскай жандармерыі. Ветэраны нацыянальна-вызваленчай вайны пераключыліся на мірныя справы і будуць самі кіраваць сваёй гаспадаркай — збытам прадукцыі, размеркаваннем прыбыткаў…» — Селім падазрона зірнуў на Янычара — гэты прайдзісвет Мустафа яшчэ пачне пераманьваць да сябе яго людзей.

— З Мустафой я перагавару, — сказаў Селім, укладваючы ў свае словы зусім іншы сэнс, чым падумалася тупаватаму Янычару, які задаволена ўсміхнуўся. «Не здагадваецца, ці што — калі яшчэ ў турме не стаў ахвярай няшчаснага выпадку, то трэба дзякаваць не толькі алаху».

«…адначасова кааператывы былых муджахідаў будуць умацоўваць грамадскі сектар вытворчасці…» — Селім аблізнуў губы. Ён падумаў пра дзядзьку Ладжмі, які пры словах «грамадскі сектар» пачынае храпці і сінець.

«Амерыканцы стварылі ў Алжыры яшчэ адзін культурны цэнтр…» Дзядзька Ладжмі кажа: «Калі прапануюць выбіраць, з кім дружыць — з багатым ці сумленным, я адкажу: за сумленнасць не купіш на рынку Лір нават катах варанай кукурузы».

Селім скасавурыўся на Янычара: той зайздросціў, што «шэф» так спрытна чытае, проста, бы з аўтамата, строчыць.

— Калі хочаш, вазьмі сабе яшчэ рагалік, я заплачу.

Канечне, Янычар хацеў. Ён і ад яечні не адмовіўся б, але ж не прывык сам плаціць. Заўсёды чакаў, пакуль яго пакормяць.

Заплаціўшы на абодвух, Селім важна накіраваўся да выхада. Ён адчуваў, што чыесьці вочы прасачылі за ім, і адчуваў, што ў гэтым позірку была цвёрдая падтрымка. Селім жа не стаў азірацца па баках, бо і так ведаў, хто звычайна наведвае гэта кафэ з відам на плошчу Оперы, або, як прывыклі гараджане вымаўляць па-французску, Плас д'Опера. Таму з такім упэўненым выглядам і накіраваўся Селім уверх па вуліцы, у Казбу, дзе за старой мячэццю ён назначыў апоўдні збор сваім «падданым». Яшчэ было ранавата, аднак галоўная гандлёвая плошча сталіцы — рынак Лір — была поўная людзей. І каго тут толькі не было — гандлявалі прысмакамі, шоўкам, паношаным абуткам, штанамі — шырокімі шальварамі, у якіх не прэе цела ў любую спёку, — і нібы зробленымі з дроту ірум'енскімі джынсамі, кавай «арабіка» і звычайнай вадой, мармыталі над сваімі страшэннымі кошыкамі заклінальнікі змей, паказвалі цуды фокуснікі, шчоўкалі ножанкамі цырульнікі, некага пракліналі вандроўныя марабуты — рынак заклікаў, спяваў, смяяўся і лаяўся. Селім адчуваў сябе яшчэ непрызнаным валадаром гэтага царства, тым больш што дарогу яму пракладвала моцнае плячо Янычара.

— А вось і яны! — весела прамовіў Янычар, паказваючы на прыступкі каля мячэці, быццам Селім сам не бачыў, хто там яго цярпліва чакае.

Шакал паклаў хустачку, і Селім паважна сеў на прыемна халаднаватую пасля ночы каменную прыступку. Адзін за другім да яго з вінаватымі тварамі падыходзілі хлопчыкі. Кожны працягваў Селіму манеты. Яны плацілі яму за скрынкі і шчоткі, якія ён выдаваў ім праз свайго адданага падручнага Шакала. Плацілі за тое, што ён абараняў іх ад канкурэнтаў і проста хуліганаў, якія маглі пабіць ці нават адабраць грошы і прычындалы. Плацілі за тое, што трымае іх У сваёй «фірме», усё роўна ж трэба было прыбівацца да нейкай кампаніі. Але што гэта былі за грошы, якія прымаў Селім з іх спацелых ад хвалявання далоняў!

Некаторыя паднашэнні Селім паказваў усім, і тады выбухаў смех, бо сапраўды — адна драбяза.

Каму смех, а каму і слёзы. Не ўмееш здабываць грошы — што ты за мужчына? Не можаш зарабіць шчоткамі і ваксай, бегай за кожнай гаспадыняй на рынку — можа, трэба што паднесці? Урэшце — проста прасі, старцуй. І так рабілі. Сёй-той стараўся і сцягнуць нешта, хоць Селім не раз папярэджваў, што ў яго кампаніі не крадуць, гэта не шайка зладзеяў, паліцыі ў іх няма чаго рабіць. Яго «фірма» зарабляе на хлеб працай. Дзядзька Ладжмі раіў пляменніку летам браць з малых даннікаў менш, улічваць значнае памяншэнне попыту на паслугі чысцільшчыкаў абутку. Гэта ж не пры французах, калі толькі за кошт абслугі легіянераў, якія любілі хадзіць у ботах, ды яшчэ да бляску наглянцаваных, можна было за дзень мець сотню франкаў. Ды яшчэ ж чыноўнікі, камерсанты, асабліва тыя, што прыбывалі з Еўропы. А цяпер, асабліва летняй парой, большасць гараджан, нават прыстойных, шлэндаюць у сандалях на босую нагу. «Дэмакратызаваліся!» — як з'едліва падсумоўваў Ладжмі. Улетку чысцільшчыкі маглі знайсці кліентаў толькі ля рэстаранаў, вакзала ці ў порце. Затое там і канкурэнцыя ж была! Без падтрымкі «фірмы», накшталт той, якую наладзіў Селім, туды і не совайся. Кожны з надзеяй чакаў восені і зімы. Чакаў і Селім, а пакуль ламаў галаву — ці нельга яго «фірме» асвоіць яшчэ якую справу, «бізнес». Былі, былі прапановы. Але ад іх за мілю патыхала крыміналам. Мець справу з паліцыяй Селіму не хацелася. Не мог ён уявіць, што будзе сядзець у турме, за кратамі. А Селім добра ведаў — без гэтага рана ці позна не абыдзецца, пачні толькі займацца крыміналам, «Цяжкі час для «фірмы», — скавытала душа Селіма. Але знешне ён трымаўся не горш за якога шэйха, быццам у яго капальні дыяментаў ці нафтавыя промыслы, а не тузін камплектаў скрынак са шчоткамі, якія трэба было ўмець усучыць вулічным падшыванцам, а потым умудрыцца браць за гэта арэндную плату няхай сабе і медзякамі. Ён верыў у сваю пераможную зорку, яна яшчэ ўзыдзе і заззяе дыяментамі.

Працягнуў «шэфу» сваю даніну і Хуары. Селім аж носам пакруціў.

— Ты зноў застаешся мне вінен, — сказаў ён. — Трэба ўмець зарабляць грошы, Хуары. Глядзі, нават Шукры прынёс болей. А яго ўчастак горшы, чым твой. Відаць, лянуешся заклікаць кліентаў?

— Бажуся, за мной не прападзе! — стукнуў сабе ў грудзі худым кулачком Хуары. — Няхай толькі прыйдуць халады… Вось, Селім… — Хуары падштурхнуў да «шэфа» зыркаўшага спадылба Акліля. — Гэта мой сябар і нават сваяк, Акліль. Выдай яму струмант, і няхай сядзе каля атэля на Бен Мхідзі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора