Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 18.

Шрифт
Фон

— Эх, казаў я табе — трэба было на рынак, — папракнуў Акліль сябра, калі яны адышлі.— Абдурыў нас, як малых.

— Гэта яшчэ мы паглядзім! — Хуары задаволена пакруціў галавой. — Пойдзем нап'ёмся аранжаду. Мы цяпер — ого-го! А там паглядзім… Галоўнае, ты зможаш цяпер сядзець са шчоткамі на маім участку і ніхто цябе не кране. Мы з табою, магчыма, хутка будзем багацейшыя за гэтага праклятага Павука! Будзем, як тыя шэйхі. Будзем скрынкамі есці трубачкі з крэмам, марожанае і піць аранжад колькі ўлезе. Зразумеў?

— Адкуль раптам? — утаропіўся ў сябра Акліль.

— А адтуль. Пакуль ты будзеш сядзець на маім месцы са шчоткамі, я ўжо дабяруся да таго, што ляжыць у сутарэнні! Можа, там што схаваў Арудж, можа, французы, калі адсюль драпалі, але чуе мой нос — там скарб, і, бажуся, ён стане нашым… Ці свеціць твой ліхтарык?

Заўважыўшы на твары сябра незадаволенасць, Хуары велікадушна дадаў:

— Спачатку я там усё пранюхаю, а потым возьмемся разам.

— Я ведаю, дзе ў порце можна набраць старых стэарынавых плошак. — Акліль пачынаў верыць, што хутка ў іх будуць салодкія дзянькі.— А калі там раптам з'явіцца здань раіса Аруджа, то зрабі вось так. — Акліль пераплёў крыжыкам пальцы на правай руцэ. — Гэтак робяць, праўда, ірум'ены, але, кажуць, усім памагае бараніцца ад розных злыдняў, зданяў і нават ад Чорнага шэйха — галоўнага шайтана.

— Я і не такое магу, — адмахнуўся Хуары. — Навошта мне крыжык ірум'енаў? У мяне бабуля ведае такія чароўныя знакі, што нават ад кулі абараняе. А ад зданяў — тфу! Зразумеў? Ты правільна зрабіў, што да мяне прыстаў. Нюх ёсць. Хутка будзеш, як шэйх, бажуся!

Вось так здарылася, што шляхі Акліля і вясёлага русавалосага студэнта Мінскага політэхнічнага інстытута сышліся. Але да таго адбылося некалькі даволі важных падзей.

Першая — Юрыю Добышу прапанавалі папрацаваць месяцы два ў пустыні Сахары механікам у атрадзе бурыльшчыкаў, якія рабілі артэзіянскія свідравіны, даставалі ваду. Вядома, Добыш з радасцю згадзіўся, і яму загадалі неадкладна прыехаць у горад, каб атрымаць новае назначэнне і сустрэцца з таварышам, замест якога давядзецца працаваць у атрадзе.

Другая… Ну, гэта ўжо быў проста працяг той, так сказаць, кашы, якую заварыў Хуары.

Але па парадку.

Здарылася так, што Акліль і без Хуары ўбачыў месца, дзе ў сутарэнні знаходзіўся тайнік. Хуары падаўся ў горад за прыпасамі, а сябру загадаў рыхтаваць стэарынавыя каганцы — плавіць на сонцы старыя плошкі і зліваць стэарын у высокія бляшанкі з-пад піва. Завіхаючыся ля бляшанак, ён раптам пачуў мужчынскія галасы і спачатку падумаў, што гэта нехта прыйшоў да казапаса. Але вытыркнуўшы галаву з-за вежы, хлопец анямеў: мужчыны былі маладыя і незнаёмыя. Няўжо зноў тыя, што былі ў грузавіку, у кабіне якога Акліль пабываў? Але не, здаецца. Тым не менш ён падаўся ад вежы далей і зашыўся ў кусты. Мужчыны таксама некага баяліся, бо зыркалі па баках, як шакалы, і наогул паводзілі сябе вельмі асцярожна. Адзін з іх, з выгляду старэйшы, гаварыў так, быццам увесь час аддаваў загады. Ён заўважыў рэшткі вогнішча і ціха вылаяўся.

— Тут што, жыве хто-небудзь? — спытаў ён незадаволена.

— Казапас, відаць, бывае.

— Казапас — не бяда, ён стары і дрэнна бачыць. Ды і наогул так настрахаўся за вайну, што загаворвацца пачаў. Ніхто яго не слухае, і ён размаўляе толькі з козамі. Прыходзіць сюды будзем, толькі як добра сцямнее. Сам алах падказаў нам гэтае месца, а то на віле становіцца небяспечна. Да віл кожны дурань зараз прыглядаецца. А тут і да вострава рукой падаць.

— Але мне не падабаецца стары.

— Аіт-Хаммуш? Нічога, ён спавіты па руках і нагах, будзь упэўнены. Што загадаем, тое і зробіць. Сам слова даў. І наогул ты яшчэ не зразумеў, што значыць трапіць у нашу кампанію. Гэта мацней, чым некалі быў тайны савет янычараў.

Чыркнула запалка, і Акліль высунуў крыху галаву, каб пабачыць, што гэтыя мужчыны хочуць рабіць з агнём.

— Толькі акурак не кідай.

— Зразумеў,— адгукнуўся малодшы. — Хоць тут ніхто акуркаў падымаць не будзе. Хіба толькі хлапчукі.

— Якія яшчэ хлапчукі?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора