— Ты спацеў.
Я рукой выцер лоб. Сапраўды, я аблiваўся потам; гэта, вiдаць, была рэакцыя на ранейшыя ўражаннi. Снаўт пазiраў на мяне. Мо расказаць яму? Я хацеў, каб Снаўт аказаў мне найбольш спрыяння. Хто, супраць каго i якую вёў тут гульню?
— Горача, — прамовiў я. — Я думаў, што клiматызатары ў вас працуюць лепей.
— Праз гадзiну будзе нармальна. А ты ўпэўнены, што ўспацеў толькi ад гарачынi? — Ён пiльна зiрнуў на мяне.
Я старанна жаваў, не выдаючы, што прыкмецiў яго позiрк.
— Што ты думаеш рабiць? — нарэшце спытаўся Снаўт, калi мы закончылi есцi.
Ён кiнуў увесь посуд i пустыя бляшанкi ва ўмывальнiк ля сцяны i зноў сеў у крэсла.
— Далучаюся да вас, — адказаў я флегматычна. — Вы ж маеце нейкi план даследаванняў? Нейкi новы раздражняльнiк, здаецца, рэнтген цi яшчэ нешта.
— Рэнтген? — здзiвiўся Снаўт. — Дзе ты гэта чуў?
— Не помню. Мне нехта сказаў. Мо на «Праметэi». А што? Вы яго ўжо скарыстоўваеце?
— Я не ведаю дэталяў. Гэта была iдэя Гiбарыяна. Ён распачаў разам з Сарторыусам. Але адкуль ты пра гэта ведаеш?
Я пацiснуў плячыма.
— Не ведаеш дэталяў? Ты мусiш быць пад час доследаў, гэта ж уваходзiць у твае абавязкi. — Я не дагаварыў.
Снаўт маўчаў. Пiск кандыцыянера сцiх. Тэмпература была нармальная. У паветры вiсеў толькi несцiханы высокi гук, якi нагадваў мармытанне канаючай мухi. Снаўт устаў, падышоў да пульта кiравання i пачаў бяссэнсава пстрыкаць выключальнiкамi — галоўны рубiльнiк быў адключаны. Праз нейкi час ён прамовiў, не паварочваючы галавы:
— Трэба будзе ў сувязi з гэтым выканаць усе фармальнасцi… ведаеш…
— Праўда?
Ён павярнуўся i зiрнуў на мяне нiбыта шалёны. Не магу сцвярджаць, што я знарок стараўся вывесцi яго з раўнавагi, але нiчога не разумеючы ў гульнi, якая тут распачалася, я мусiў быць стрыманым. Пад каўняром яго чорнага свiтэра рухаўся востры кадык.
— Ты быў у Гiбарыяна, — прамовiў Снаўт нечакана.
Гэта не прагучала запытаннем. Я ўзняў бровы i спакойна пазiраў у яго твар.
— Ты быў у яго пакоi, — паўтарыў ён.
Я кiўнуў, нiбыта згаджаючыся: «Дапусцiм. Ну i што?»
Я хацеў, каб ён працягваў.