Пачулiся крокi. Нехта iшоў па калiдоры. Я зрабiў два бясшумныя скачкi i апынуўся ля дзвярэй. Крокi сталi маруднымi i сцiхлi. Той, хто iшоў, стаяў за дзвярыма. Паволi павярнулася клямка; я iнстынктыўна схапiў яе i затрымаў. Той, з другога боку дзвярэй, па-ранейшаму нацiскаў на клямку, моўчкi, нiбыта яго захапiлi знянацку. Так прастаялi мы даволi доўга. Раптам клямка падскочыла ў маёй далонi — яе адпусцiлi, а ледзь чутнае шамаценне сведчыла, што той адыходзiў. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, але панавала цiшыня.
Я хуценька склаў у чатыры столкi нататкi Гiбарыяна i схаваў iх у кiшэню. Паволi падышоў да шафы i зазiрнуў у яе — камбiнезоны i адзенне былi пакамечаны i ссунуты ў адзiн кут, нiбыта там хтосьцi хаваўся. З-пад стоса папер на падлозе высоўваўся беражок капэрты. Я падняў яе. Яна была адрасавана мне. Горла перахапiла спазма, я разарваў капэрту i, пераадолеўшы сябе, разгарнуў невялiкi аркушык паперы, якi быў усярэдзiне.
Сваiм незвычайна дробным выразным почыркам Гiбарыян занатаваў:
«Салярыст. штогодн.». Том 1. Дадатак, а таксама асабiст. думка Месенджара ў спр. Ф.; «Малы Апокрыф» Равiнцара».
Гэта было ўсё. Пiсьмо насiла адзнакi паспешнасцi. Цi была гэта нейкая важная навiна? Калi ён гэта напiсаў? Я падумаў, што трэба як мага хутчэй пайсцi ў бiблiятэку. Пра дадатак да першага тома «Салярыстычнага штогоднiка» я ведаў, дакладней, чуў, што ён iснуе, але нiколi не трымаў яго ў руках, бо ён уяўляў толькi гiстарычную каштоўнасць. Затое пра нейкага Равiнцара, як i пра яго «Малы Апокрыф», нiколi нават не чуў.
Што рабiць?
Я спазняўся ўжо на чвэрць гадзiны. Стоячы ля дзвярэй, яшчэ раз агледзеў пакой. Толькi зараз я заўважыў ля сцяны замацаваны вертыкальна ложак, якi складаўся. Раней я не бачыў яго, бо ён быў захiнуты разгорнутай мапай Салярыс. За мапай нешта вiсела. Гэта быў кiшэнны магнiтафон у футарале. Я дастаў апарат, футарал павесiў на ранейшае месца, а магнiтафон запхнуў у кiшэню. Зiрнуў на лiчыльнiк — амаль уся касета была скарыстана.
Зноў пастаяў ля дзвярэй, на секунду заплюшчыў вочы, напружана ўслухоўваўся ў цiшыню, якая панавала звонку. Нiчога падазронага. Адчынiў дзверы, калiдор здаўся мне чорнай прорвай, я зняў цёмныя акуляры i ўбачыў слабае святло лямпаў. Зачынiў дзверы i пайшоў налева, да радыёстанцыi.
Я наблiжаўся да круглай камеры, ва ўсе бакi ад якой, як спiцы ў коле, разыходзiлiся калiдоры. Калi мiнаў нейкi вузкi бакавы праход, скiраваны, здаецца, да душавых, заўважыў вялiкую невыразную постаць, якая амаль растваралася ў паўзмроку.
Я спынiўся як укапаны. З глыбiнi калiдора няспешна, хiстаючыся, iшла вялiзная мурынка. Я заўважыў бляск яе бялкоў i амаль адначасова пачуў мяккае шлёпанне босых ног. Яна была голая, мела толькi жаўтлявую, нiбыта сплеценую з саломы набедраную павязку; вялiзныя грудзi абвiслi, а чорныя рукi былi падобныя на сцягняк звычайнага чалавека; яна прайшла каля мяне нават не зiрнуўшы ў мой бок, i рушыла далей, пахiстваючы клубамi, як у слана, падобная на тыя каменныя выявы, што сустракаюцца часам у антрапалагiчных музеях. Там, дзе калiдор меў паварот, яна знiкла за дзвярыма Гiбарыяна. Адчыняючы дзверы, яна трапiла ў магутны пук святла, якое лiлося з пакоя. Дзверы цiхутка зачынiлiся, i я застаўся адзiн. Правай рукой я схапiў кiсць левай i сцiснуў яе так, што аж косцi затрашчалi. Пасля разгублена азiрнуўся. Што адбываецца? Што гэта было? Я згадаў перасцярогу Снаўта i здрыгануўся як ад удару. Што гэта магло быць? Хто гэтая пачварная Афрадыта? Адкуль яна? Я зрабiў адзiн, толькi адзiн крок да кабiны Гiбарыяна i знерухомеў. Я добра разумеў, што не зайду туды. Расшыранымi ноздрамi я хапаў паветра. Штосьцi было не так, я не мог з нечым пагадзiцца. Ага! Я ж падсвядома чакаў непрыемнага, рэзкага паху поту, але нават тады, калi яна iшла мiма, нiчога не адчуў.
Не ведаю, колькi я прастаяў, абапёршыся на халодны метал сцяны. На Станцыi панавала цiшыня, адзiным жывым пiскам быў далёкi манатонны гул кандыцыянераў.
Я паляпаў сябе па шчоках i паплёўся на радыёстанцыю Калi нацiснуў на клямку, пачуў гучны голас:
— Хто там?
— Гэта я, Кельвiн.
Снаўт сядзеў ля столiка памiж кучай алюмiнiевых пачкаў i пультам перадатчыка i проста з бляшанкi еў мясныя кансервы. Не ведаю, чаму пад жыллё ён выбраў радыёстанцыю. Ашаломлены, я стаяў у дзвярах, гледзячы на яго скiвiцы, якiя жавалi мяса, i раптам адчуў, што я галодны. Я падышоў да палiц, з кучы талерак выбраў менш запыленую i ўсеўся насупраць Снаўта. Нейкi час мы жавалi моўчкi, пасля Снаўт устаў, дастаў з насценнага шкапчыка тэрмас i налiў па шклянцы гарачага булёну. Ставячы тэрмас на падлогу, бо на столiку не было месца, ён спытаўся:
— Ты бачыў Сарторыуса?
— Не. А дзе ён?
— Наверсе.
Наверсе знаходзiлася лабараторыя. Мы зноў замоўклi. Было так цiха, што бляшанкi аж бразгалi ў нашых руках. На радыёстанцыi панавала ноч. Iлюмiнатар быў шчыльна зачынены звонку, пад столлю гарэлi чатыры круглыя свяцiльнiкi. Iх водблiскi трымцелi ў пластыкавым корпусе перадатчыка.
На скулах Снаўта выступiлi чырвоныя жылкi. Ён быў зараз у чорным вялiкiм паношаным свiтэры.
— Што з табой? — спытаўся Снаўт.
— Нiчога. А што можа быць?