Зараз гэта была ўжо гульня. Я iмкнуўся трымацца будзённа, свабодна, быццам мы рассталiся толькi ўчора, не, быццам мы наогул нiколi не разлучалiся. Хэры ўстала, знаёмым лёгкiм i моцным рухам паправiла сукенку. Мае словы заiнтрыгавалi Хэры, але яна прамаўчала. Толькi цяпер яна ўважлiва ўсё агледзела i, вiдаць, здзiўленая павярнулася да мяне.
— Не ведаю, — прамовiла яна бездапаможна, — магчыма, у шафе?.. — дадала Хэры i адчынiла дзверы.
— Не, там толькi камбiнезоны, — адказаў я.
Я знайшоў каля рукамыйнiка электрабрытву i пачаў галiцца. Стараўся не стаць плячыма да дзяўчыны, кiм бы яна нi была.
Хэры хадзiла па кабiне, зазiрала ва ўсе куткi, углядалася ў iлюмiнатар, нарэшце падышла да мяне i прамовiла:
— Крыс, у мяне такое адчуванне, быццам нешта здарылася.
I змоўкла. Я выключыў брытву i чакаў.
— Быццам я нешта забылася… быццам шмат што забылася. Ведаю… памятаю толькi цябе… i… i нiчога больш.
Я слухаў яе, стараючыся нiяк не выявiць сябе.
— Я была… хворая?
— Ну… можна сказаць i так. Нейкi час ты хварэла.
— Ага, вось, значыць, у чым справа.
Хэры адразу супакоiлася. Я не магу перадаць мой стан: калi яна маўчала, хадзiла, сядзела, усмiхалася, перакананасць, што перада мной Хэры, была мацнейшая за гнятлiвую трывогу. Пасля мне зноў пачало здавацца, што гэта не Хэры, а толькi яе спрошчаны вобраз, заснаваны на некалькiх характэрных словах, рухах, жэстах. Яна наблiзiлася да мяне амаль ушчыльную, уперлася кулачкамi ў мае грудзi i спыталася:
— Як у нас з табой? Добра цi дрэнна?
— Цудоўна, — адказаў я.
Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася.
— Калi ты так гаворыш, значыць, дрэнна.
— Што ты, Хэры! Ведаеш, дарагая, мне трэба зараз выйсцi, — хуценька прамовiў я. — Пачакай мяне, добра? А мо ты галодная? — дадаў я i раптам сам захацеў есцi.
— Галодная? Не. — Яна пакруцiла галавой, яе валасы рассыпалiся па плячах. — Мне чакаць цябе? Доўга?
— З гадзiну… — пачаў я.
— Я пайду з табой, — перабiла Хэры.
— Табе нельга iсцi са мной, мне трэба працаваць.