— Я пайду з табой.
Гэта была зусiм iншая Хэры: тая ў падобных выпадках нiколi не настойвала. Нiколi.
— Дзiцятка маё, гэта немажлiва…
Яна пазiрала на мяне знiзу, пасля ўзяла за руку. Я правёў далонню па яе руцэ, плячо было пругкае i цёплае. Зусiм не жадаючы, я лашчыў яе. Уся мая iстота прагнула яе, я хацеў яе насуперак розуму, насуперак усiм аргументам, насуперак страху.
З усяе сiлы стараючыся захаваць спакой, я паўтарыў:
— Хэры, гэта немагчыма, ты павiнна застацца.
— Не.
Як гэта прагучала!
— Чаму?
— Н-не… ведаю.
Яна азiрнулася i зноў падняла вочы на мяне.
— Я не магу… — прамовiла яна цiха.
— Чаму?!
— Не ведаю. Не магу. Мне здаецца… Мне здаецца…
Яна з цяжкасцю шукала адказу, а калi знайшла, то i для яе самой ён прагучаў нечакана:
— Мне здаецца, што я павiнна бачыць цябе… заўсёды.
Спакойная iнтанацыя хавала не пачуццi, а нешта зусiм iншае. Я гэта адчуў. Знешне ўсё заставалася па-ранейшаму: я абдымаў яе, гледзячы ў вочы, але пацiху пачаў заломваць ёй рукi за спiну, нерашучыя рухi сталi ўпэўненымi — я знайшоў сваю мэту. Вачыма я ўжо шукаў, чым можна звязаць яе.
Яе локцi, адведзеныя мною назад, стукнулiся i адначасова напружылiся з такой сiлай, якая звяла на нiшто мае намаганнi. Я змагаўся мо хвiлiну. Яна стаяла, выгнуўшыся назад, ледзь не краналася падлогi. У такiм становiшчы нават атлет не здолеў бы супрацiўляцца. А яна, няпэўна ўсмiхаючыся, вызвалiлася з маiх абдымкаў, выпрасталася i апусцiла рукi. Твар яе нават не здрыгануўся.
Яе вочы сачылi за мной гэтак жа спакойна, з цiкаўнасцю, як i напачатку, калi я прачнуўся. Яна, вiдаць, нават не заўважыла маiх адчайных высiлкаў, выклiканых прылiвам страху. Зараз яна стаяла абыякавая, засяроджаная, крыху здзiўленая, нiбыта нечага чакаючы.
Мае рукi апусцiлiся. Я пакiнуў яе пасярод пакоя i падышоў да палiцы ля рукамыйнiка. З адчуваннем, што трапiў у неверагодную пастку, я шукаў выйсця, мяркуючы зрабiць усё, што патрабавала сiтуацыя. Калi б нехта спытаўся, што са мной сталася i што ўсё гэта азначае, я не здолеў бы выцiснуць з сябе нiводнага слова, але я паступова зразумеў: тое, што адбываецца на Станцыi з усiмi намi, гэта непарыўнае цэлае, такое ж страшнае, як i незразумелае. Аднак у той момант я быў заняты iншым — спрабаваў знайсцi хоць нейкi ход, нейкую шчылiну для выратавання. Я ўвесь час адчуваў на сабе позiрк Хэры. Над палiцай у сцяне была маленькая аптэчка. Я хутка агледзеў яе, знайшоў слоiк са снатворнымi парашкамi i кiнуў чатыры таблеткi — максiмальную дозу — у шклянку. Я нават не хаваў свае манiпуляцыi ад Хэры, цяжка сказаць чаму, я не задумваўся над гэтым. Налiў у шклянку гарачай вады i пачакаў, пакуль таблеткi растворацца, падышоў да Хэры, якая ўсё яшчэ стаяла пасярод пакоя.
— Ты гневаешся? — спыталася яна цiха.
— Не. Выпi вось гэта.