Станислав Лем - Салярыс стр 12.

Шрифт
Фон

Снаўт не адказаў. Ён адвярнуўся да сцяны, нiбыта не хацеў, каб я бачыў яго твар. Ён барабанiў пальцамi па металiчнай перагародцы. Я пазiраў на яго руку. На костачках ужо не было крывi. I тут я раптоўна зразумеў.

— Гэты чалавек рэальны, — прамовiў я цiха, амаль што шэптам, нiбыта перадаваў яму тайну, якую маглi падслухаць. — Так? Да яго можна… дакрануцца? Яго можна… паранiць… апошнi раз ты бачыў яго сёння.

— Адкуль ты ведаеш?!

Снаўт стаяў, не адварочваючыся. Стаяў ля самай сцяны, датыкаючыся да яе грудзьмi, нiбыта яго прыбiлi мае словы.

— Непасрэдна перад маёй пасадкай… Незадоўга да гэтага?

Снаўт скурчыўся як ад удару. Я ўбачыў яго шалёныя вочы.

— Ты?!! — выцiснуў ён. — Хто ТЫ такi?!

Здавалася, ён вось-вось кiнецца на мяне. Гэтага я не чакаў. Усё стала з ног на галаву. Ён не верыць, што я той, за каго сябе выдаю? Што гэта азначае?! Ён глядзеў на мяне з сапраўдным страхам. Цi мо гэта было ўжо шаленства? Атраўленне? Усё мажлiва. Але ж я бачыў — гэтае стварэнне, а значыць, i я сам… таксама?..

— Хто гэта быў? — спытаўся я.

Гэтыя словы крыху супакоiлi яго. Але ён пазiраў на мяне так, нiбыта яшчэ не давяраў мне. Я зразумеў, што зрабiў фальшывы крок i што ён не адкажа мне.

Снаўт паволi ўсеўся ў крэсла i сцiснуў галаву рукамi.

— Што тут адбываецца… — прамовiў ён цiха. — Бязглуздзiца…

— Хто гэта быў? — паўтарыў я.

— Калi ты не ведаеш, — прамармытаў ён.

— Дык што?

— Дык нiчога.

— Снаўт, — прамовiў я, — мы ж далёка ад дому. Давай гуляць адкрыта. Усё i так заблытана.

— Што ты хочаш?

— Я хачу, каб ты сказаў, каго ты бачыў.

— А ты?.. — падазрона прамовiў ён.

— Снаўт, ты ходзiш па кругу. Я табе скажу, але i ты мне скажы. Можаш не хвалявацца, я не буду лiчыць цябе вар’ятам, бо ведаю…

— Вар’ятам! О Божухна! — Ён паспрабаваў засмяяцца. — Мой ты чалавеча, але ж ты нiчога, зусiм нiчога… бо вар’яцтва было б выратаваннем. Калi б ён хоць на iмгненне паверыў, што з’ехаў з глузду, ён не зрабiў бы гэтага, ён быў бы жывы…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке