- Маўчаць. Вы...
І адразу стала цішыня.
- Я забараніў. Хто ведае, можа, я і дазволіў бы. Але яны абышліся без дазволу. А хто наважыцца ламаць мой наказ? Ты? Ты? Ты?
Палец яго торкаў у асобных людзей, і тыя хаваліся ў натоўп.
- Ніхто. Я забараніў. Я!.. І гэтага досыць. Паюк!
Рука яго зрабіла жэст у паветры. У той самы час паюк прывычным рухам рукі раздзёр на дзяўчыне летнік і рубок і адкінуў іх на траву. Яноўскі чакаў, што натоўп выбухне крыкамі абурэння, але натоўп маўчаў. Бацьку дзяўчыны яшчэ раніцою заперлі ў пуню.
Яноўскі, здзіўлены маўчаннем, перавёў вочы на людзей і заўважыў дзіўнае: усе, нават хлопец-меднік, якому ў гэтым, здавалася б, не было патрэбы, стаялі, шчыльна заплюшчыўшы вочы, быццам баяліся абразіць галізну. Глядзелі толькі людзі з акружэння Знамяроўскага.
Дзяўчына, не разумеючы яшчэ, што здарылася, глядзела вакол вялізнымі сінімі вачыма. Пасля глуха, з такім болем, што ў Яноўскага абарвалася сэрца, войкнула і закрыла далонямі чырвоны твар. Худыя локцікі дарэмна намагаліся прыкрыць яшчэ слабыя неразвітыя грудзі.
Не маючы змогі апусціць вочы, Міхал глядзеў на тонкую, не аформленую яшчэ постаць, на мяккую акругласць жывата, на плаўную лінію, што падзяляла сціснутыя ногі. Ён хацеў крыкнуць, хацеў спыніць гэту агіднасць, але не мог.
-...і таму, за непаслушэнства загадам каралеўскім і парушэнне законаў чалавечых пра цнатлівасць дзявочую, прысудзіць Алёну Свеціловіч да пакарання лазой.
Дзяўчыну павялі. І тут Міхал сілай сваёй ранняй вопытнасці заўважыў дзіўны выгіб паясніцы і нейкія звязаныя, ненатуральныя рухі клубоў. Голас, якім ён крыкнуў наступнае, быў хрыпаты і рэзкі:
- Пакіньце гэта!.. Вы што ж, не бачыце, што яна цяжарная?!
Знамяроўскі, які ўжо паспеў астынуць, паглядзеў на яго заплыўшымі вачыма і нерашуча сказаў:
- Ну што ж, можна і так. Прынясіце лесвіцу. Мы адлічым лозы, прывязаўшы гэтую распусніцу да прыступак жыватом... каб не скінула.
- Позна, я вам кажу. Яна на трэцім месяцы.
Знамяроўскі, здаецца, нават узрадваўся гэтаму:
- Добра. Я адмяняю загад.
Мітрапаліт пасунуўся да яго і зашаптаў нешта на вуха. Кароль залыпаў вачыма:
- І сапраўды... а як жа слова караля? Не, так не пойдзе...
Ён павагаўся:
- А вось што... Калі лозы ёй пашкодзяць, дык не пашкодзяць шляхецкія абоймы. Хто хоча ўзяць гэту распутніцу ў наложніцы?
- Ёй спачатку трэба паразмаўляць з духоўнай асобай аб сваіх грахах, - сказаў мітрапаліт.