Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Цыганскі кароль стр 12.

Шрифт
Фон

Левы кут медыкусавага рота паехаў угару:

 - Рэліквія. Дзяржанне той самай пугі, якой ён у дастаслаўны вечар, якім пачалося яго цараванне, лупцаваў канакрадаў. Чым не меч святога Стэфана?

Паюк агласіў высокім хрыпатым голасам:

 - Слава. Сіла. Моц. Мы, кароль Якуб Першы... (зноў пацягнуліся тытулы, якія Яноўскі ўжо чуў), добрай воляй нашай пастанавілі імем цыганскай дзяржавы, дабрабыту і славы яе, склікаць сёння вялікае судзілішча, пасля якога, ачысціўшы добры наш народ ад зланамерных людзей, вялікі сейм дзяржавы цыганскай учыніць!

Заспявала труба. На тварах некаторых цыганоў Яноўскі заўважыў іранічныя ўхмылкі. Але ўсе маўчалі.

Першая справа была нецікавай. Нейкі цыган падбіў другога на крадзеж, загадзя ведаючы, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца: коней вартуюць добра. Сам падбухторшчык шчасліва ўцёк, а яго няшчаснага саўдзельніка спаймалі і, усклаўшы яму на шыю вуздэчкі, білі, водзячы па вёсцы. Добра хоць, што не забілі да смерці.

Прысуд быў кароткі. Падбухторшчыку заплаціць штраф, трэцяя частка якога пойдзе пацярпеўшаму, і атрымаць дваццаць лоз, каб не быў напярод зламысным. Саўдзельніку - пяць лоз, каб не быў дурнем. Калі стан здароўя не дазваляе яму перанесці экзекуцыю, ён павінен выплаціць палову сваёй часткі ў каралеўскую казну.

 - Колькі гэта будзе? - спытаў няшчасны, у якога была абвязана галава.

 - Два бітыя талеры.

 Саўдзельнік, крэкчучы, пачаў спускаць нагавіцы. Атрымаўшы тое, што належала, ён, абапіраючыся на плечы дзяцей, адышоў убок і лёг жыватом на траву. Яноўскі не заўважыў на твары караля Якуба пакут сумлення. Знамяроўскі глядзеў пыхліва і паблажліва на стракаты зброд, які віраваў ля яго трона.

 Разабралі яшчэ некалькі спраў, і прысуд быў амаль той самы: лозы і штраф у каралеўскую казну. Фінансавыя справы караля відавочна паляпшаліся, і відавочна падаў настрой натоўпу.

 Сям-там плакалі, скуголіла нейкая жанчына. Яноўскі заўважыў у вачах некаторых цыганоў і многіх мужыкоў падазроныя агеньчыкі. Але суд ішоў сваёй чаргой.

 Новая справа прыцягнула яго ўвагу. З радоў выштурхнулі маладаю дзяўчыну год семнаццаці і засмаглага, вельмі чыста, надзіва чыста апранутага цыгана, які быў, можа, гады на два старэйшы за яе. Рукі яго былі чорныя, скручаныя працай.

 - Гэта яшчэ што? - з пагрозай спытаў Знамяроўскі. - Я вам што казаў? Колькі гэта можа цягнуцца? Я забараніў вам жанніца год таму назад.

 - Зваляліся, - каротка кінуў "каронны суддзя", загонавы шляхцюк Знамяроўскага.

Мітрапаліт узвёў вочы да яснага неба.

 - Божа, - велягурыста загадаў ён, - даруй ім, гэтым неразумным агнцам тваім, усе іхнія грахі. Не бо, што робяць. У цемры, у граху душы іхнія... цёмныя вашы душы эфіопскія, каб вы здохлі, паскуднікі!

 - Я вам што казаў? - страшна спакойна спытаў Якуб.

 - Чаму? - выгукнуў цыган. - Чаму нам няможна? Я хрысціянін, поп ахрысціў мяне. Я сышоў з дарогі майго народа, я не хачу гандляваць коньмі. Я меднік, добры меднік. Я хачу чыніць замкі, а не ламаць іх. Вось яны, мае рукі.

Ён гаварыў горача, скажаючы ад хвалявання словы, патрасаючы чорнымі рукамі ў паветры:

 - Я хачу асесці ў хаце Яна, яе татулі. Я буду многа працаваць за яе. Я буду аддаваць пану ўвесь заробак. Чаму?

Натоўп глуха зароў. Абражанымі здаваліся не толькі цыганы. Але тут Яноўскі ўбачыў, што Знамяроўскі ўстаў. Кароль быў амаль велічны ў гэту хвіліну. Трапяталі ноздры, вочы кідалі бліскавіцы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора