Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Сіняя-сіняя... стр 8.

Шрифт
Фон

«Тор-р, тор-р-р, тор-р-р-р».

Гукі набіралі сілу, як грамавы молат, варочаліся ледзь не над галавою, як гром. Леў ішоў, і нават цыкады сціхалі, пачуўшы раскаты рыку.

«К-ха, к-ха, - нібы ў паміраючага, хрыпіць у грудзях, а потым: - Р-ра-тор-р, р-ра-тор-р», - з перападамі і ўзлётамі, з хрыпам, стогнам, раскатамі і кашлем.

І палёт цела над агароджай, бязгучны палёт, і сустрэчны ўдар стрэлу, нібы сцёбнулі смяротнай пугаю. І канец. І ён ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты.

З ільвом можна было змагацца. Не тое што там, на радзіме, з шакаламі ў мундзірах. Тыя джаляць, як аспіды.

Не, ён не пойдзе адсюль. Яна, вялікая Палюбоўніца, узяла яго. Назаўсёды. Яму не вярнуцца назад, таму што ў Палюбоўніцы подласці няма, яна толькі забівае. Таму што ён чалавек без радзімы.

- Адхаліб, - нясмела спытала дзяўчынка, - ты адкуль?

Танюткія, як пруцікі, бронзава-чырвоныя ад сонца рукі сціснулі пляшку з рэштай вады.

- Ты лепей папі, - параіў ён.

Апошнія кроплі. Гэта ўсё. Канец. Праз некалькі гадзін - канец. Праз некалькі дзён іхнія трупы высахнуць, як косць.

- Дзякуй, адхаліб, - сказала дзяўчынка, праглынуўшы ўсё, што заставалася на дне. - Ты раскажы мне, адкуль ты. Дзе ляжыць твая зямля? Мне трохі сумна.

Яна яшчэ і патрабуе.

- Ды што табе сказаць? Мая зямля далёка адсюль. Яна непрыгожая і вельмі бедная. Ты бачыла жыхароў пячор у Бені-Зяльтане? Пад зямлёй людзі, козы, авечкі, куры. Нішто не змянілася з біблейскіх часоў... Дык вось, нас таксама загналі пад зямлю.

Яму было цяжка гаварыць. Рот і глотка былі нібы з наждаку.

- Зусім пад зямлю? - звонка спытала яна.

- Ну, не зусім, а так...

- А якая яна, твая зямля?

- Я ж кажу: каменні, каменьчыкі, камяніскі, камяні. І ўсё гэта россыпам на зямлі. І яшчэ балоты. Вялікія балоты.

- І вада горкая, як у Тайбе?

- Не, вада салодкая. Толькі рудая, бо настоена на травах... Тайбе маленькае, а нашы балоты цягнуцца ледзь не сто гамадаў за намі.

- О-о! - прыклала яна да шчок далонькі. - Як жа вам пашанцавала! І колькі ж гэта вярблюдаў можна з іх напаіць, пакуль не застанецца гразь?!

- Гм, тысячы тысяч, і яны ніколі не вып'юць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора