Хочаце паглядзець на палаты старажытных цароў?
Вельмі. Я ніколі не бачыла.
Яны пайшлі сходамі ўгару. Наверсе "маленькая" азірнулася і пабачыла шырокага чалавека, які таксама выйшаў з залы і глядзеў ім у спіну, засунуўшы рукі ў кішэні шэрага пушыстага гарнітура. Ён зрабіў выгляд, што выйшаў проста пакурыць.
Пацягнуліся церамы, нізкія, з малюсенькімі вокнамі, з цёмнымі распіснымі скляпеннямі столі. Усё пахнула нежылым: грубкі з кафлянымі седзякамі, крэслы, абіўка якіх здавалася пыльнай.
Ну як, усміхнуўся ён, хацелі б вы жыць "па-царску"?
Што вы, жахнулася яна, тут, напэўна, ніколі не праветрывалі, а я люблю паветра, сонца, люблю пайсці басанож у лугі. І каб нікога не было вакол.
Так, уздыхнуў ён, гэта добра… басанож.
Прыязджайце да нас, узгарэлася "маленькая", у нас дача напаўпустая, сад і рачулка цячэ зусім празрыстая, усе каменьчыкі відаць. Вы любіце казінае малако?
Калісьці любіў.
Да яго толькі трэба прызвычаіцца. І потым ужо нават самае лепшае малако ад каровы здаецца нясмачным… Сапраўды, прыязджайце.
На жаль, гэта не заўсёды залежыць ад мяне, дачушка.
Чаму? Сабрацца і паехаць. Гэта кожны можа.
Ён усміхнуўся.
Цяпер яны ішлі былой царскай апачывальняй. Смешна было бачыць крэслы і лялечна-маленькі ложак пад балдахінам.
Пэўна, і ногі выцягнуць нельга было, сказала "маленькая".
Так, жылі не вельмі.
У самым настроі гэтых пакояў, у вузенькіх пераходах паміж імі, у нізкіх скляпеннях было нешта трывожнае. "Маленькая" ўздыхнула:
Ім, пэўна, вельмі страшна было тут жыць. Кажуць, у Івана Грознага некалькі жонак атруцілі.
Яна не заўважыла дзіўнага выразу яго вачэй і казала далей:
І, ведаеце, мне яго шкада. Такі моцны, усе перад ім схіляюцца, а жыў заўжды ў такіх пакоях. Вакол — ворагі. За кожным выгібам можа чакаць чалавек з кінжалам… Бр-р.
Памаўчала.
І нашто ўсё гэта было ім? Незразумела. Лепей за ўсё жыць, калі нічога не хочацца, акрамя работы і мастацтва. Ды яшчэ каб усе цябе любілі.