Чалавек — яна бачыла гэта — глядзеў на сцэну "звычайнымі" вачыма. Але потым прыйшло захапленне танцам, якое можна параўнаць толькі з натхненнем паэта, і тут яна не заўважала ўжо нічога. Яна не ўбачыла, што якраз з гэтай хвіліны змяніўся позірк чалавека, што сядзеў у крэсле, змяніўся, стаў зацікаўленым, расчуленым і нейкім нязвыкла добрым.
А Нісоўскі з захапленнем глядзеў на яе і шаптаў сам сабе:
Разумніца… Не разгубілася… Разумніца мая.
А сам думаў:
"Гэта будзе больш, чым Тальёні, больш, чым Істоміна… І ўсё ж гэта не яе амплуа. Ёй бы Адэту, Лебедзя".
Калі яны зніклі са сцэны, калі іх тройчы зноў выклікала на сцэну авацыя, "маленькая" заўважыла, што чалавек апладзіруе і глядзіць на яе. Сумненняў быць не магло. Менавіта на яе.
Яна не ведала, што была кранаючай у сваёй маладосці і сонечнасці, што яна танцавала надзвычай добра. Яна ведала толькі, што ўсё хораша, усё як мае быць.
Калі яна пераапранулася ўжо ў звычайны, вельмі строгі англійскі гарнітур і стаяла ў баку ад сцэны, да яе падышоў шырокі чалавек з невыразна-мужным тварам, які ўвесь, здавалася, складаўся з выступаючага падбароддзя і глыбока праваленых сініх вачэй.
Ён пакланіўся ёй і, цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў чатыры словы, быццам каменне варочаў:
З вамі хочуць паразмаўляць.
І яна здагадалася, хто хоча паразмаўляць, і ўзрадавалася гэтаму да ўзнёслай, лікуючай хвалі ў грудзях.
Нічога не заўважаючы вакол, вось калі з'явіўся ружовы туман, яна пайшла поруч з шырокім чалавекам у заднія рады крэслаў, адкуль усміхаўся ёй правадыр радзімы.
Бліжэй. Бліжэй. Бліжэй.
Дзень добры, дзяўчынка, сказаў ён.
Дзень добры, бязгучна адказала яна.
Сядайце тут, ён паказаў ёй на месца поруч.
Дзякуй вам.
Ён быў самы гожы і прыемны з усіх. Нават тое, што (як яна заўважыла раней) ногі ў яго былі карацей за тулава і, седзячы, ён здаваўся больш манументальны, чым на самай справе, падабалася ёй.
"Як Гётэ", падумала "маленькая".
У яго былі сівеючыя валасы, прамы нос, твар, трохі крануты воспай, і прыжмураныя вочы, ля якіх трывала ляжалі гусіныя лапкі зморшчын.
Як вас завуць?
Ніна.