- Вы зусім не такая сёння, - ціха сказаў ён. - Вы такая пакорлівая лёсу, і гэтаму небу, і мору.
- Так, - сказала яна. - Можна хоць тут апусціць рукі, адчуваць сябе звычайнай, слабай дзяўчынай.
Касачэўскі павярнуўся да яе, да любых стомленых вачэй у зорным сяйве небагатага неба.
- Марыя, - цвёрда i любоўна сказаў ён. - Мне не хочацца расставацца з вамі, Марыя. Мы ведаем адно аднаго не тры дні, а трыста год. Iсці другой вуліцай, не ведаць вас, забыць пра вас - гэта будзе няшчасцем.
Яна ў адказ апусціла вei i ледзь чутна абапёрлася на яго руку.
Непрыкметна ўздыхала спакойнае мора, коцячы з глыбінь на пясок ашчапкі янтарнага палаца, разбітага некалі з-за першага на зямлі моцнага кахання. У бірузовым тумане, у лёгкім вэлюме, што ўкрываў сонныя воды, імчаліся недзе ў моры караблі-прывіды.