Пасля яны пачалі дурэць, разыгрываць перад пустымі лаўкамі, перад мокрым паркам, у якім не было ніводнага чалавека, сцэну з нейкай пышнай трагедыі.
— Вазьміце меч, — замагільным голасам стагнаў Міхал, — і мне прабіце грудзі. Клянуся пасівелай барадой і ўсёй гарэлкай у скляпах — вы любая і ясная…
— Прытым, — смеючыся падказвала яна, я вам не веру. У рыцараў палескіх ёсць у вачах жахлівая спакуса, каварства нізкае, падступнасць слоў. Яны хітруюць, і яны чаруюць. Яны даверлівых дзяўчатак крадуць і ў Турцыю султанам прадаюць.
— Ну, гэта паклёп, — не вытрымаў Міхал. — Мы такія людзі, што ў нас сабакі з-пад носа хлеб крадуць. Нас саміх у Турцыю прадаць можна.
І яны зарагаталі. Дождж перастаў. Толькі дрэвы ўсё яшчэ скідалі на жвір буйныя кроплі.
Яны выйшлі ў парк. І тут, ля агароджы стадыёна, яна выпадкова дакранулася плячом да яго пляча.
Пастка замкнулася зноў. Ён абняў яе і пацалаваў у дзіцячыя прыпухлыя вусны.
— Успомніў усё ж пра маё абяцанне, — прашаптала яна. — Злапамятны ты.
Пацяклі дні. Праца, дзе яго ўжо лічылі сваім, кпіны Лёвачкі, добры і трошкі зайздросны позірк таўстуна, дняпроўскі пляж, звон тугога мяча ў паветры. І яна, то задыханая і ружовая, з занесенай для ўдару па мячы рукой, то ціхая і пяшчотная, з адбіткам начных ліхтароў у вачах…
Аднойчы яны правялі ноч на вадзе. Проста так, селі і паехалі начным параходам.
З берагоў далятаў рэзкі голас драча, які недарэчна пераймаў цвыркуна, даносіла пахі водарасцяў і нагрэтых за дзень кіёўнікаў. Калі параход набліжаўся да берага, ясна чуліся ўсплёскі хваль аб бераг, журботныя і сонныя галасы начных птушак. Недзе далёка, па курсу парахода, гарэла нізкая сіняя зорка. Стоячы на носе парахода, яны плылі проста на яе.
- Не ведаю, сказаў Міхал, — што ў тваім сэрцы. Але маё поўнае. Мне больш нічога не трэба. Ёсць зямля, спрацаваныя мускулы, зорка і ты.
Яны ўжо ведалі, што былі першыя адно ў аднаго.
— Ты доўга будзеш кахаць мяне? — яна прынікла да яго плячом.
— Не ведаю, — проста адказаў ён.
— Чаму?
Ён маўчаў, потым сказаў не то жартам, не то сур'ёзна:
— Час смерці невядомы кожнаму з нас. Таму я і не ведаю, колькі год кахання дадзена мне…
Яны плылі і плылі… І бясконцы быў шлях да сіняй зоркі.
А потым быў світанак. Сонца выплывала з-за пяскоў і лазы левабярэжжа. І хвалі былі зеленавата-блакітныя. І на адзін кароткі момант самыя грабянцы іх успыхнулі крывавым, трывожным, а потым апельсінавым агнём, быццам там вось-вось павінен быў вынырнуць нехта прыгожы, пранікліва-пяшчотны, той, што прыносіць на зямлю вечную цеплыню і радасць…
— З пены народжаная, — ціха шапнуў Міхал, і яна зразумела.
Ах, дождж, дождж!.. Як магло здарыцца, што Міхал адзін тут, у шалашы? Як забыць тую размову ў начным скверыку каля Залатой Брамы?