Франц Кафка - Прысуд стр 17.

Шрифт
Фон

Толькі позна ўначы святло ў гасцёўні патушылі, і цяпер лёгка можна было пераканацца, што бацькі і сястра ўвесь гэты час не спалі, бо, як добра было чуваць, усе трое на дыбачках цяпер аддаляліся ад дзвярэй. Таму да раніцы, напэўна, ніхто да Рыгора не павінен быў зайсці: гэткім чынам у яго было шмат часу спакойна абдумаць, як зараз уладкаваць сваё жыццё. Але высокі пусты пакой, у якім ён змушаны быў плазам ляжаць на падлозе, палохаў яго; хоць ён не ведаў, з якой прычыны: у гэтым пакоі ён жа пражыў пяць гадоў. I Рыгор паўсвядома павярнуўся ў іншы бок і не без пачуцця сораму паспяшаўся пад канапу, дзе, нягледзячы на тое, што яму крыху прыціснула спіну, а галаву немагчыма было падняць, ён адчуў сябе вельмі ўтульна і шкадаваў толькі, што тулава ягонае было занадта шырокае, каб цалкам змясціцца пад канапаю.

Там Рыгор заставаўся цэлую ноч; яе ён правёў часткова ў паўсне, з якога яго раз-пораз гвалтоўна вырывала адчуванне голаду, а часткова ў турботах і невыразных спадзяваннях, якія, аднак, усе прыводзілі да высновы, што ён пакуль павінен паводзіць сябе спакойна і цярплівасцю ды самай вялікай абачлівасцю зрабіць так, каб сям'я магла трываць тыя нязручнасці і непрыемнасці, што нёс з сабою ягоны цяперашні стан.

Ужо вельмі рана назаўтра — была яшчэ амаль што ноч — Рыгор меў нагоду спраўдзіць моц свайго толькі што прынятага рашэння, калі сястра, амаль зусім апранутая, адчыніла дзверы з пярэдняга пакоя і з напружаным тварам зазірнула да яго. Яна ўбачыла Рыгора не адразу, але калі згледзела яго пад канапаю — недзе ж ён, о Божа, павінен быў знаходзіцца: не мог жа, урэшце, вылецець прэч! — спалохалася так моцна, што, не могучы авалодаць сабой, зноў гучна зачыніла дзверы з другога боку.

Але, як быццам раскайваючыся за свой учынак, яна тут жа зноў адчыніла дзверы і на дыбачках, нібыта ў пакоі быў цяжкахворы або нават пабочны чалавек, зайшла да яго. Рыгор высунуў галаву амаль да самага краю канапы і назіраў за сястрою. Ці заўважыць яна, што ён пакінуў некранутым малако — і не таму, што не галодны,— і ці прынясе яму якую-небудзь іншую страву, якая яму болей падыдзе? Калі б яна не зрабіла гэтага сама, ён лепей памёр бы ад голаду, чым наўмысна звярнуў бы на гэта яе ўвагу; хоць яму і надта моцна карцела выбегчы з-пад канапы, кінуцца да сястры ў ногі і папрасіць у яе якой-небудзь добрай ежы. Але сястра адразу ж са здзіўленнем заўважыла, што міска яшчэ поўная і толькі зусім крыху малака разліта вакол яе на падлозе; яна адразу ж узяла пасудзіну — праўда, не голымі рукамі, а з дапамогаю анучы — і вынесла прэч. Рыгору зрабілася надзвычай цікава, што яна прынясе ўзамен; ён рабіў самыя разнастайныя здагадкі. Але ён ніколі б не дадумаўся, што сястра, дзякуючы сваёй дабрыні, можа зрабіць у сапраўднасці. Каб даведацца пра яго смак, яна прынесла яму цэлы выбар страваў, расклаўшы іх на старой газеціне. Тут была старая, крыху з гніллю гародніна; косткі з застылай белай падлівай, што заставаліся пасля вячэры; трохі разынак і міндалю; сыр, які Рыгор два дні таму абвясціў неядомым; луста сухога хлеба; хлеб з маслам і пасыпаны соллю кавалак хлеба з маслам. Апроч таго, яна побач з усім астатнім паставіла яму тую самую міску — відаць, вызначаную для яго раз і назаўсёды,— наліўшы ў яе вады. I, з далікатнасці, бо ведала, што Рыгор пры ёй есці не будзе, спешна выйшла з пакоя і нават павярнула ключ у дзвярах, каб Рыгор адчуў, што ён можа ўладкавацца так, як сам захоча. Рыгоравы ножкі цяпер, калі ён накіраваўся да ежы, з шумам замітусіліся. Зрэшты, ягоныя раны павінны былі ўжо зусім загаіцца; нішто яму не замінала, і ён дзівіўся з гэтага, узгадаўшы, як месяц таму ён зусім крыху парэзаў сабе палец нажом і як гэтая ранка яшчэ пазаўчора яму досыць моцна смылела. «Няўжо гэта мае адчуванні прытупіліся?» — падумаў ён і ўжо прагна смактаў сыр, да якога яго пацягнула адразу і куды мацней, чым да іншых страваў. Хутка і з вачыма, што слязіліся ад задавальнення, ён паглынаў адно за адным сыр, гародніну і падліву; затое свежыя стравы былі яму нясмачныя, ён не мог нават трываць іхняга паху і тое, што хацеў з'есці, адцягнуў нават крыху ўбок. Рыгор ужо даўно скончыў есці і толькі лена ляжаў на тым самым месцы, калі сястра павольна павярнула ключ у дзвярах — на знак таго, што яму пара схавацца. Гэта адразу спалохала яго, хоць ён амаль што драмаў, і Рыгор паспяшаўся адпаўзці пад сваю канапу. Але яму каштавала вялікіх намаганняў перасіліць сябе і заставацца пад канапаю нават тыя кароткія хвілі, пакуль сястра была ў пакоі, бо ад добрай ежы ягонае тулава крыху акруглілася і ён ледзьве мог дыхаць у цясноцці. Пераадольваючы слабыя прыступы ўдушша, ён крыху выпукленымі вачыма глядзеў, як сястра, нічога не падазраючы, змяла венікам не толькі рэшткі з’едзеных страў, але і тую ежу, да якой Рыгор і не дакрануўся — быццам яе ўжо таксама нельга спажываць,— потым хуценька ссыпала ўсё ў кубел, накрыла яго драўлянай накрыўкай і пасля гэтага вынесла. Толькі яна адвярнулася, як Рыгор вылез з-пад канапы, выцягнуўся і раздзьмуўся.

Гэткім спосабам Рыгор цяпер атрымліваў ежу штодня: адзін раз з раніцы, калі бацькі і пакаёўка яшчэ спалі, другі раз пасля агульнага абеду, бо тады бацькі яшчэ на хвілінку засыналі, а прыслугу сястра адсылала з якім-небудзь даручэннем. Вядома, яны таксама не хацелі, каб Рыгор памёр ад голаду, але, мажліва, даведвацца пра ягонае сілкаванне іначай як з расповядаў сястры,— гэтага яны проста не маглі трываць, а мажліва, сястра проста хацела аберагчы іх ад найменшых засмучэнняў, бо яны і праўда досыць шмат мусілі цярпець.

Якая была знойдзена нагода, каб у тую першую раніцу выправадзіць з кватэры доктара і слесара — пра тое Рыгор так і не даведаўся, бо паколькі яго не разумелі, дык нікому, у тым ліку і сястры, не прыходзіла ў галаву, што ён можа разумець іншых; і таму, калі сястра бывала ў ягоным пакоі, ён мусіў задавольвацца тым, што час ад часу чуў, як яна ўздыхала і скіроўвала свае модлы да святых. Толькі пазней, калі яны трохі да ўсяго прывыклі — пра тое, каб прывыкнуць зусім, натуральна, не магло быць і гаворкі,— Рыгор часам лавіў якую-небудзь заўвагу, што рабілася добразычліва або яе так магчыма было зразумець. «Але ж сёння яму было смачна»,— гаварыла яна, калі Рыгор старанна з’ядаў стравы; у адваротным жа выпадку (а яны паўтараліся ўсё часцей і часцей) яна звычайна амаль што са смуткам у голасе казала: «Зноў усё засталося».

Хоць, аднак, Рыгор нічога не мог уведаць непасрэдна, сёе-тое ён падслухоўваў з суседніх пакояў і як толькі чуў галасы, адразу ж бег да адпаведных дзвярэй. Напачатку не было ніводнай размовы, якая б нейкім чынам, хоць прыхавана, не датычылася яго. Два дні пры кожнай ядзе адбываліся, ён чуў гэта, нарады, як цяпер належыць сябе паводзіць; але і ў прамежках паміж сняданкамі, абедамі і вячэрамі размовы ішлі на тую самую тэму, бо заўсёды самае малое два сямейнікі былі ў доме, бо, напэўна, ніхто не хацеў заставацца адзін і ні ў якім выпадку ўсе адначасна не маглі пакінуць кватэру.

Таксама і пакаёўка адразу ж у першы дзень — не было цалкам зразумела, што і колькі яна ведала пра тое, што адбылося,— укленчыўшы, прасіла маці без затрымкі звольніць яе; і калі праз чвэрць гадзіны яна развітвалася з домам, дык са слязьмі ў вачах дзякавала за звальненне, як за найвялікшае дабрадзейства, зробленае тут у дачыненні да яе; хоць ніхто ад яе таго не патрабаваў, пакаёўка дала страшэнную клятву, што нікому не скажа ні слоўца.

Гэткім чынам цяпер сястра разам з маці павінны былі гатаваць ежу; што праўда, гэта не нарабіла ім вялікага клопату, бо ніхто амаль нічога не еў. Рыгор раз за разам чуў, як адзін дарэмна намаўляў другога што-небудзь з'есці і не атрымліваў іншага адказу, акрамя як: «Дзякуй, мне ўжо досыць» або нешта падобнае. Піць гэтаксама, відаць, нічога не пілі. Часцяком сястра пыталася ў бацькі, ці не хацеў бы ён выпіць піва, і шчыра прапаноўвала прынесці яго сама, а калі бацька маўчаў, яна казала, каб не даваць яму задумвацца, што магла б паслаць па піва дворнічыху; але бацька нарэшце гаварыў сваё вялікае «НЕ» — і болей пра гэта размоў не вялося.

Ужо на працягу першага дня бацька абмаляваў, як маці, так і сястры, усю маёмасную сітуацыю і перспектывы на будучыню. Ён раз-пораз падымаўся з-за стала і прыносіў з малой вертгаймаўскай касы, што пяць год таму была ўратаваная са збанкрутаванай тады бацькавай фірмы, якую-небудзь даведку або нейкія нататкі. Было чуваць, як ён адчыняў складаны замок, а выцягнуўшы тое, што шукаў, зноў яго зачыняў. Гэтыя бацькавы тлумачэнні былі часткова першай суцяшальнай навіною, якую Рыгор здолеў пачуць за час свайго палону. Ён раней думаў, што бацьку з тае фірмы нічога не засталося; прынамсі, бацька ніколі адваротнага не казаў, а Рыгор, зрэшты, і не пытаўся ў яго пра тое. Рыгор меў тады толькі адзін клопат: зрабіць усё, каб сям’я як найхутчэй забылася пра фінансавыя няшчасці, якія зрабілі становішча ўсіх цалкам безнадзейным. I ён з незвычайным проста запалам узяўся быў тады за працу і літаральна назаўтра з дробнага гандляра-службоўца ператварыўся ў коміваяжора, які, натуральна, меў зусім іншыя магчымасці зарабляць грошы і поспехі ў працы якога адразу ж у форме платы за камерцыйныя паслугі ператвараліся ў гатоўку; а яе можна было пакласці дома на стол перад агаломшанай і ашчасліўленай сям'ёю. Гэта былі цудоўныя часіны, яны ніколі пасля не паўтараліся — прынамсі, у гэткім сваім бляску,— хоць Рыгор пазней зарабляў грошай столькі, што меў магчымасць аплачваць выдаткі ўсёй сям’і і сапраўды іх аплачваў. Да гэтага папросту ўсе прывыклі — як сям’я, так і Рыгор,— грошы бралі ў яго з удзячнасцю, а ён ахвотна іх прыносіў і аддаваў, але тае асаблівае цеплыні пры гэтым ужо не стваралася. Яшчэ ўсё-такі блізкая заставалася Рыгору яго сястра; і ў яго існаваў патаемны план праз год паслаць яе,— бо яна, у адрозненне ад Рыгора, вельмі любіла музыку і ўмела кранальна-прыгожа граць на скрыпцы,— на вучобу ў кансерваторыю, якіх бы вялікіх грошай гэта ні каштавала, хоць іх і трэба было б зарабляць ужо іншым спосабам. Часцяком, пад час непрацяглых Рыгоравых вяртанняў у горад, у размовах з сястрою часта згадвалася пра кансерваторыю, але заўсёды толькі як пра цудоўную мару, ажыццявіць якую не было чаго і думаць; а бацькі нават з неахвотаю слухалі гэтыя бязвінныя згадкі; Рыгор, аднак, думаў пра гэта вельмі пэўна і меў намер урачыста абвясціць пра гэта ў перадкалядны вечар, на Куццю.

Гэткія, у сённяшнім ягоным стане абсалютна бескарысныя, думкі мітусіліся ў ягонай галаве, калі ён, выпрастаўшыся, прыклейваўся да дзвярэй і прыслухоўваўся. Часам ад агульнай стомленасці ён ужо не мог слухаць і, страціўшы пільнасць, стукаўся галавою аб дзверы, але тут жа падымаў яе і трымаў высока, бо нават да таго слабага стуку, што даносіўся, усе за сцяною прыслухоўваліся і адразу ж сцішваліся. «Што ён там зноў вытварае?» — казаў праз нейкую хвілю бацька, відавочна, павярнуўшыся да дзвярэй; і толькі пасля гэтага перарваная размова паступова завязвалася зноў.

Рыгор цяпер дакладна даведаўся,— бо бацька прывык у сваіх тлумачэннях паўтарацца, часткова таму, што сам ужо даўно гэтымі справамі не займаўся, а часткова таксама з-за таго, што маці не ўсё разумела з першага разу,— ён даведаўся, што, нягледзячы на ўсё няшчасце, усё ж з даўніх часоў захаваліся невялікія грошы, якіх трохі паболела праз нечапаныя пэўны час працэнты. Апроч таго, грошы, якія Рыгор штомесяц прыносіў дадому — сабе ён пакідаў толькі якую пару гульдэнаў,— не ўсе расходаваліся і з іх сабраўся невялікі капітал. Рыгор за сваімі дзвярыма старанна ківаў галавою, усцешаны гэтай нечаканай асцярожлівасцю і ашчаднасцю. Уласна кажучы, ён бы мог з тых лішніх грошай пакрыць частку бацькавай запазычанасці перад шэфам, і той дзень, калі ён мог сысці са сваёй пасады, істотна наблізіўся б, але цяпер, несумненна, лепей было так, як гэта зрабіў бацька.

Грошай тых, аднак, было зусім і зусім мала, каб сям'я магла жыць з працэнтаў; іх хапіла б, мажліва, толькі, каб утрымліваць сям'ю год, самае большае два, але не болей. Гэта проста была сума, якую, уласна, нельга было чапаць і якая адкладвалася на чорны дзень; але грошы на пражыццё трэба было зарабіць. Бацька быў цяпер хоць і здаровы, але стары чалавек: пяць год ужо не працаваў і, ва ўсялякім разе, не мог празмерна сабе давяраць; за гэтыя пяць гадоў, што былі першымі вольнымі ад працы гадамі ў ягоным поўным намаганняў, але пазбаўленым поспехаў жыцці, ён патлусцеў і, у выніку гэтага, зрабіўся досыць цяжкі і неразваротлівы. I што, можа, цяпер зарабляць грошы павінна была маці, якая пакутавала ад астмы, з-за чаго ёй было цяжка нават хадзіць у пакоі, і якая з прычыны задышкі праводзіла кожны другі дзень на канапе каля адчыненага акна? Ці тыя грошы трэба было зарабляць сястры, якая ў свае семнаццаць была яшчэ зусім дзіцё і чый лад жыцця дагэтуль быў варты зайздрасці і заключаўся ў тым, каб прыгожа апранацца, доўга спаць, дапамагаць у гаспадарцы, мець пару сціплых забаўлянак і, перш за ўсё, граць на скрыпцы? Калі гаворка заходзіла пра гэтую неабходнасць зарабляць грошы, Рыгор заўсёды адыходзіў ад дзвярэй і кідаўся на халаднаватую скураную канапу, што стаяла побач, бо яму было горача ад сораму і смутку.

Нярэдка ён ляжаў там цэлыя ночы, ані хвілі не спаў і толькі гадзінамі драпаў скуру. Альбо не шкадаваў вялікіх высілкаў, каб падсунуць крэсла да акна, а потым ускараскацца на падаконне і, маючы за апору крэсла, прытуліцца да шыбы — напэўна, пад уплывам няяснай думкі пра тое, каб расслабіцца,— што ён раней мог рабіць, гледзячы ў акно. Бо ў сапраўднасці з дня ў дзень ён усё больш невыразна бачыў нават не надта аддаленыя рэчы; бальніцу, што была насупраць,— занадта часта бачачы перад вачыма, ён яе раней проста праклінаў,— цяпер ён увогуле не мог разгледзець. I калі б Рыгор дакладна не ведаў, што жыве на ціхай, але тыпова гарадской Шарлотэнштрасэ, ён бы мог паверыць, што са свайго акна глядзіць на пустэльню, у якой непарыўна зліваюцца ў адно шэрае неба і шэрая зямля. Уважлівай сястры досыць было два разы згледзець, што крэсла стаіць каля акна,— і ўжо за кожным разам пасля прыбірання ў пакоі яна падстаўляла крэсла назад, пад акно, і нават з таго часу пакідала адчыненай унутраную палавінку акна.

Каб жа Рыгор мог хоць паразмаўляць з сястрою ды падзякаваць ёй за ўсё, што яна мусіла дзеля яго рабіць, дык яму было б лягчэй трываць гэтую паслужлівасць; але тое было немагчыма, і ён пакутаваў праз гэта. Сястра, натуральна, імкнулася, як магла, абмінаць прыкрыя бакі ўсяе справы — і чым больш праходзіла часу, тым, вядома, ёй гэта лепей удавалася, але Рыгор з часам разумеў усё таксама намнога дакладней. Ужо тое, што яна заходзіць у пакой, было для яго жахлівым. Не паспявала яна зайсці, не марнуючы часу на тое, каб зачыніць дзверы — хоць іншым разам вельмі зважала, каб ніхто болей не зазіраў у Рыгораў пакой,— дык адразу ж спяшалася да акна, сутаргавымі рухамі адчыняла яго, нібы задыхаючыся; потым яна затрымлівалася, нават калі было вельмі холадна, на якую хвілю пры акне і прагна ўцягвала паветра. Гэтым забяганнем у пакой і шумам яна два разы на дзень абуджала ў Рыгору страх; увесь гэты час ён, дрыжачы, сядзеў пад канапаю, а добра ж ведаў, што яна пашкадавала б яго і гэтак бы не рабіла, каб толькі магла вытрымаць пры зачыненым акне ў пакоі, дзе знаходзіўся ён.

Аднаго разу — а прайшло недзе каля месяца пасля Рыгоравага ператварэння, і для сястры ўжо не было асаблівай прычыны бянтэжыцца ад ягонага выгляду,— яна прыйшла крыху раней, чым звычайна, і заспела яго ў тую хвілю, калі ён нерухома і, як быццам выстаўлены на тое, каб палохаць, глядзеў у акно. Для Рыгора не было б нечаканасцю, калі б яна не ўвайшла ў пакой, бо, знаходзячыся на гэтым месцы, ён замінаў ёй імгненна адчыніць акно; але яна не толькі не ўвайшла, але хутка адступіла назад і зачыніла дзверы; хтосьці чужы мог бы папросту падумаць, што Рыгор яе падпільноўваў і хацеў укусіць. Рыгор, натуральна, адразу ж схаваўся пад канапу, але мусіў чакаць ажно да абеду, пакуль сястра вярнулася, выглядаючы куды менш спакойнаю, чым звычайна. З гэтага ён зразумеў, што ягонага выгляду яна дагэтуль усё яшчэ не магла трываць і надалей не зможа і што ёй даводзілася моцна пераадольваць сябе, каб не ўцякаць, бачачы нават тую маленькую частку ягонага цела, што тырчала з-пад канапы. Каб не змушаць яе і далей так пакутаваць, аднаго разу ён — а праца гэтая забрала ў Рыгора чатыры гадзіны — на спіне перанёс на канапу прасцірадла, паклаў яго гэткім чынам, што цяпер Рыгор быў увесь закрыты і сястра не магла яго бачыць, нават калі нахілялася. Калі б у гэтым прасцірадле не было патрэбы, яна магла б, напраўду, прыбраць яго, бо цалкам жа было зразумела, што ў Рыгора не магло выклікаць задавальненне тое, што ён гэтак зусім адгароджваецца ад яе; але яна пакінула прасцірадла на месцы, і Рыгору нават падалося, што ён злавіў яе ўдзячны пагляд, калі аднаго разу асцярожна прыпадняў галавою прасцірадла, каб спраўдзіць, як сястра ўспрыняла гэтае новаўвядзенне.

Першыя чатырнаццаць дзён бацькі не маглі пераадолець сябе ды зайсці да яго, і Рыгор часцяком чуў, як яны выказвалі найвялікшую павагу да цяперашняй працы сястры, хоць дагэтуль яны нярэдка на яе злаваліся, бо, на іх думку, ад гэтай дзяўчыны раней вялікай карысці не было. Але цяпер абое, бацька і маці, почасту чакалі перад Рыгоравым пакоем, пакуль сястра робіць там прыборку, і як толькі яна адтуль выходзіла, дык павінна была вельмі дакладна расказваць, які выгляд меў пакой, што Рыгор з'еў, як сябе гэтым разам паводзіў і ці можна заўважыць хоць маленькае паляпшэнне. Маці хацела, зрэшты, адносна ў кароткім часе наведаць Рыгора, але бацька з сястрою стрымлівалі яе з дапамогай аргументаў, што апелявалі да розуму і да якіх Рыгор вельмі ўважліва прыслухоўваўся; і тыя аргументы ён цалкам прызнаваў за слушныя. Пазней, аднак, яны мусілі ўтрымліваць яе сілай, а калі яна пачынала крычаць: «Пусціце мяне да Рыгора, гэта ж мой няшчасны сынок! Хіба вы не разумееце, што я павінна пайсці да яго?!» — Рыгору думалася, што, можа, усё-такі было б добра, каб маці прыходзіла да яго; вядома ж, не кожны дзень, але, мажліва, хоць раз на тыдзень; яна ж усё разумела нашмат лепей за сястру, якая, нягледзячы на сваю смеласць, усё ж была толькі дзіцём і, цалкам магчыма, адно што праз сваю дзіцячую легкадумнасць узяла на сябе такі цяжар.

Рыгорава жаданне ўбачыць маці неўзабаве здзейснілася. Удзень Рыгор, зважаючы на бацькоў, ужо не хацеў паказвацца каля акна, але па тых некалькіх квадратных метрах падлогі шмат поўзаць таксама не мог; спакойнае ляжанне моцна даймала яго і ўначы; ад ежы хутка ён перастаў атрымліваць нават найменшае задавальненне, і дзеля разнастайнасці ён прызвычаіўся поўзаць у розныя бакі па сценах ды столі. З асаблівай ахвотаю ён вісеў на столі; гэта было нешта зусім інакшае, як ляжанне на падлозе; лягчэй дыхалася; яго тулава крыху гайдалася; і ад тае лёгкай рассеянасці, якая апаноўвала яго там, уверсе, Рыгор, здаралася, нечакана для сябе адрываўся і пляскаўся на падлогу. Але цяпер ён, натуральна, валодаў сваім целам зусім іначай, чым тое было раней, і нават пры такіх сур'ёзных падзеннях не прычыняў сабе шкоды. Сястра адразу ж заўважыла, якую новую забаву знайшоў сабе Рыгор: поўзаючы, ён там і сям пакідаў сляды сваіх клейкіх ножак,— і тут яна ўзяла сабе ў галаву зрабіць так, каб ён меў як мага болей прасторы для поўзання, і прыбраць мэблю, якая гэтаму перашкаджала,— гэта найперш куфэрак ды пісьмовы стол. Самой ёй, аднак, на гэта не ставала сілы; папрасіць на дапамогу бацьку яна не наважылася; пакаёўка, вядома, ёй бы не дапамагла, бо гэтая, прыкладна шаснаццацігадовая, дзяўчына хоць і смела трывала на сваёй працы пасля звальнення былой кухаркі, але ўсё ж выпрасіла сабе дазвол трымаць кухню пастаянна зачыненаю на замок і адчыняць толькі на адмысловы зварот; гэтак сястры не заставалася нічога іншага, як аднаго разу, калі бацькі не было дома, паклікаць маці. Маці прыйшла з радасна-ўсхваляванымі воклічамі, але перад дзвярыма Рыгоравага пакоя прыціхла. Спачатку сястра, натуральна, разгледзелася, ці ў пакоі ўсё ў парадку, і толькі потым дазволіла маці ўвайсці. Рыгор надзвычай паспешліва ссунуў прасцірадла яшчэ ніжэй і зрабіў на ім яшчэ болей складак; гэта выглядала, нібыта прасцірадла накінутае на канапу і сапраўды выпадкова. Рыгор і гэтым разам не стаў віжаваць з-пад свайго прасцірадла; ён адмовіўся пры гэтым ад магчымасці ўбачыць маці і быў толькі рады, што яна ўсё ж такі прыйшла. «Заходзь, яго не відаць»,— сказала сястра і, відавочна, павяла маці за руку. Цяпер Рыгор чуў, як дзве слабыя жанчыны імкнуліся зрушыць з месца досыць цяжкі стары куфэрак і як сястра брала ўвесь час на сябе большую частку працы, не слухаючы папярэджанняў маці, якая непакоілася, што дачка можа падарвацца. Гэта працягвалася вельмі доўга. Недзе ўжо пасля чвэрці гадзіны спроб маці сказала, што лепей было б пакінуць куфэрак на месцы, бо, па-першае, ён цяжкі, і яны да бацькавага прыходу не здолеюць усяго зрабіць і куфэркам, пакінутым пасярод пакоя, заваляць Рыгору ўсю дарогу; па-другое, яшчэ невядома, ці Рыгору спадабаецца, калі будзе выносіцца мэбля. Ёй здаецца, што, наадварот, выгляд пустой сцяны яе толькі засмучае — а чаму ў Рыгора не можа быць гэткага самага адчування, бо ён даўно прывык да гэтай мэблі ў сябе і будзе адчуваць сябе ў пустым пакоі самотным. «I хіба гэта не так? — скончыла маці зусім прыцішана, хоць яна і так прамаўляла амаль шэптам, быццам бы не хочучы, каб Рыгор — пра якога яна не ведала, дзе ён дакладна можа знаходзіцца — пачуў хоць бы гучанне яе голасу; бо ў тым, што ён не разумее слоў, яна была перакананая,— хіба гэта не так, што, прымаючы мэблю з пакоя, мы тым самым паказваем, што ўжо страцілі ўсякую надзею на паляпшэнне і пакідаем яго выключна самому сабе? Думаю, што будзе сама лепей, калі мы паспрабуем утрымаць пакой дакладна ў тым стане, у якім ён быў раней, каб Рыгор, калі ён зноў вернецца да нас, знайшоў усё нязменным і лягчэй забыўся пра ўсё, што тады адбывалася».

Слухаючы гэтыя матчыны словы, Рыгор уцяміў, што немажлівасць таго непасрэднага звароту, спалучаная з ягоным аднастайным жыццём сярод сямейнікаў, павінна была на працягу гэтых двух месяцаў замуціць ягоны розум, бо іначай немагчыма было сабе растлумачыць, што ён быў здольны сур'ёзна жадаць, каб усе пакінулі яго пакой. Ці ён напраўду меў ахвоту змяніць цеплы, утульна абсталяваны атрыманай у спадчыну мэбляй пакой на дзірку, у якой ён бы бесперашкодна мог поўзаць у розныя бакі, аднак адначасна хутка і цалкам забыўся б пра сваё чалавечае мінулае? Ён жа ўжо быў зусім блізкі да таго, каб забыцца, але даўно не чуты голас маці скалануў ягоны розум. Нічога не павінна было перамяшчацца, усё трэба было пакінуць на месцы, ён не мог абысціся без добрага ўплыву мэблі на сваё самаадчуванне, а калі мэбля перашкаджала яму бессэнсоўна поўзаць, гэта зусім не шкодзіла, а давала вялікія перавагі.

На жаль, сястра, аднак, мела іншую думку: яна, не зусім беспадстаўна, прывыкла пры абмеркаванні Рыгоравага становішча выступаць перад бацькамі ў якасці кампетэнтнай асобы; гэтак і цяпер матчына парада была для сястры дастатковай нагодай, каб дамагацца вынасу не толькі куфэрка ды пісьмовага стала, але і ўсяе мэблі, за выключэннем нязменнай і патрэбнай канапы. Гэта, натуральна, была не толькі дзіцячая ўпартасць і так нечакана апошнім часам з цяжкасцю здабытая ўпэўненасць у сабе, якая падштурхоўвала яе да такога рашэння; яна і праўда бачыла, што Рыгору трэба шмат месца, каб поўзаць, а мэблю — наколькі магчыма было заўважыць — ён зусім ніяк не выкарыстоўваў. Мажліва, сваю ролю тут адыгрывалі таксама летуценныя схільнасці дзяўчат гэтага ўзросту, якія шукаюць пры выпадку задавальнення і якія спакушалі цяпер Грэту, і яна ўяўляла сабе Рыгораў стан яшчэ больш жахлівым і хацела пасля яшчэ больш, чым дагэтуль, клапаціцца пра яго. Бо ў пакой, дзе Рыгор адзін быў валадаром усіх пустых сцен, ніхто, апроч Грэты, ніколі, напэўна, не наважыўся б заходзіць.

Гэтак вось яна не дазволіла маці змяніць першапачатковае сваё рашэнне; зрэшты, здавалася, што ў гэтым пакоі тая адчувала сябе неспакойна і няўпэўнена і хутка змоўкла ды пачала ў меру сваіх сіл дапамагаць сястры перасоўваць куфэрак. Ну, без куфэрка Рыгор сяк-так мог яшчэ абысціся, але пісьмовы стол павінен быў застацца на месцы. I як толькі жанчыны разам з куфэркам — у які яны, вохкаючы, упіраліся — пакінулі пакой, Рыгор высунуў галаву з-пад канапы, каб паглядзець, як па магчымасці асцярожна і абачліва ўмяшацца. На тую бяду, якраз маці вярнулася першая, у той час як Грэта ў суседнім пакоі, абшчапіўшы абедзвюма рукамі куфэрак, спрабавала адна пхаць яго то ў адзін, то ў другі бок і не магла, натуральна, скрануць з месца. А маці не прывыкла да Рыгоравага выгляду, ад якога магла б дастаць хваробу, і Рыгор, напалоханы, памкнуўся назад, аж пад другі канец канапы, але не мог ужо запабегчы таму, што прасцірадла спераду трохі пасунулася. Гэтага было досыць, каб звярнуць матчыну ўвагу. Яна спынілася, з хвілю пастаяла на месцы, а потым вярнулася да Грэты.

Хоць Рыгор увесь час казаў сам сабе, што не адбываецца нічога надзвычайнага, а толькі перастаўляецца сякая-такая мэбля, але ён мусіў прызнаць, што гэтае хаджэнне жанчын туды і сюды, іхнія ціхія перашэптванні паміж сабою, шкрэбанне мэблі па падлозе ўздзейнічае на яго як вялікі, з усіх бакоў мацаваны пярэпалах; і, падцягваючы ножкі, тулячы да тулава галаву і прыціскаючыся моцна ўсім целам да падлогі, Рыгор мусіў шчыра сабе сказаць, што доўга ён усяго гэтага не стрывае. Яны выносілі ўсё з яго пакоя, забіралі ўсё, што было яму дарагім; куфэрак, дзе ляжаў лобзік і іншы рыштунак, яны ўжо прыбралі; цяпер яны ўжо трэслі пісьмовы стол, моцна ўкапаны ў падлогу; стол, за якім ён рабіў свае заданні, будучы студэнтам гандлёвага інстытута, гімназістам, ды нават вучнем пачатковай школы,— і тут ён ужо напраўду не меў часу раздумваць пра добрыя памкненні жанчын, на існаванне якіх, зрэшты, ён амаль зусім быў забыўся, бо, стомленыя, яны працавалі ўжо моўчкі і чутно было толькі тупаценне іх ног.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора