I ён нарэшце выскачыў — жанчыны ў суседнім пакоі якраз стаялі, абапершыся на стол, каб крыху адсапціся,— і, чатыры разы памяняўшы накірунак свайго бегу, сапраўды не ведаў, што ратаваць у першую чаргу; тут раптоўна ягоны позірк спыніўся на карціне з паннай, апранутай у футра; карціна гэтая вісела, зрэшты, на пустой ужо сцяне. Ён хутка папоўз угару і прыціснуўся да шкла, якое яго затрымала і халадок якога ён з прыемнасцю адчуў сваім разгарачаным брухам. Прынамсі, гэтай карціны, якую Рыгор цяпер цалкам затуліў сваім целам, ужо, вядома, ніхто не забярэ. Ён павярнуў галаву ў бок гасцёўні, каб назіраць за жанчынамі, калі яны будуць вяртацца.
Яны адпачывалі нядоўга і ўжо ішлі назад; Грэта абняла маці адной рукою і амаль несла яе. «Ну, дык што возьмем зараз?» — спыталася Грэта і азірнулася. У гэты момант яе позірк скрыжаваўся з позіркам Рыгора на сцяне. Напэўна, толькі прысутнасць маці не дала ёй страціць кантроль над сабою; яна нахілілася да маці і дрыготкім голасам, не раздумваючы, сказала: «Пастой, можа, давай яшчэ на хвіліну вернемся ў наш пакой?» Рыгору быў зразумелы Грэцін намер: яна хацела адвесці маці ў бяспечнае месца, а пасля сагнаць яго са сцяны. Што ж, няхай толькі яна паспрабуе! Ён сядзеў на карціне і не збіраўся яе аддаваць. Хутчэй ён кінецца Грэце ў твар.
Але адно Грэціны словы па-сапраўднаму занепакоілі маці: яна адышла ўбок; убачыла вялікую карычневую пляму на квяцістых шпалерах і, перш чым яна сапраўды ўсвядоміла, што тое, што яна бачыла, было Рыгорам, яна залямантавала пранізлівым ахрыплым голасам: «Ах, Божа! Ах, Божа!» — і, раскінуўшы рукі, нібы канчаткова здаўшыся, звалілася на канапу і болей не варушылася.
«Ты, Рыгор!» — закрычала сястра з паднятым кулаком і вострым позіркам. З часу яго ператварэння гэта былі першыя словы, скіраваныя непасрэдна да яго. Яна пабегла ў суседні пакой па нейкую эсенцыю, каб вярнуць маці прытомнасць, Рыгор таксама хацеў дапамагчы — каб уратаваць карціну, яшчэ быў час,— але моцна прыклеіўся да шкла і мусіў адрывацца ад яго, ужыўшы сілу, потым ён пабег у суседні пакой, быццам бы хочучы нешта параіць сястры, як гэта было раней; але, урэшце, мусіў бяздзейна стаяць за ёю, калі яна корпалася ў розных бутэлечках, і яшчэ яе напалохаў, калі яна павярнулася: адна бутэлечка ўпала на падлогу і разбілася; асколак параніў Рыгора ў твар, і яго абліло нейкімі едкімі лекамі; тут Грэта, болей не затрымліваючыся, схапіла столькі бутэлечак, колькі магла несці, і пабегла з імі да маці; а дзверы зачыніла нагою. Рыгор цяпер быў адсечаны ад маці, якая праз ягоную віну, мажліва, была пры смерці; ён не мог адчыніць дзверы, калі не хацеў напалохаць сястру, што павінна была заставацца каля маці; зараз яму не заставалася нічога іншага, як чакаць. I, пакутуючы ад турбот і згрызот сумлення, ён пачаў поўзаць — поўзаў па ўсім: па сценах, па мэблі і столі, а, урэшце, калі ўвесь пакой пачаў ужо як бы круціцца ў яго ўваччу, зваліўся проста на сярэдзіну вялікага стала.
Прайшла нейкая хвіля; Рыгор, здранцвелы, ляжаў там; наўкола панавала цішыня; мажліва, гэта быў добры знак. Тут пачуўся званок. Дзяўчына-пакаёўка, натуральна, зачынілася ў сябе на кухні, і таму Грэта мусіла ісці адчыняць дзверы. Прыйшоў бацька. «Што здарылася?» — былі яго першыя словы; напэўна, Грэцін выгляд сказаў яму пра ўсё. Грэта адказала прыглушаным голасам, прыціснуўшыся, відавочна, тварам да бацькавых грудзей: «Маці была непрытомная, але цяпер ёй ужо лепш. Рыгор уцёк».— «Я гэтага і чакаў,— адказаў бацька,— я ж заўсёды казаў, але вы, жанчыны, не хочаце слухаць». Рыгору было зразумела, што бацька дрэнна зразумеў Грэціна занадта кароткае паведамленне і падумаў, што Рыгор учыніў тут нейкі гвалт. Таму зараз Рыгор мусіў неяк улагодзіць бацьку, бо на тое, каб яму ўсё растлумачыць, у яго не было ані часу, ані магчымасці. I вось ён уцёк пад дзверы ў свой пакой і прыціснуўся да іх, каб, яшчэ выходзячы з пярэдняга пакоя, бацька мог адразу ж заўважыць, што Рыгор мае самыя лепшыя намеры — вярнуцца да сябе, і яго зусім не трэба выганяць, а толькі трэба адчыніць дзверы, і ён тут жа знікне.
Але бацька меў зусім не той настрой, каб зважаць на гэткія тонкасці. «Ах!» — крыкнуў ён, заходзячы, такім голасам, які адначасна здаваўся і раззлаваным, і радасным. Рыгор адхіліў галаву ад дзвярэй і павярнуў яе ў бацькаў бок. Напраўду, ён не ўяўляў сабе бацьку такога, які стаяў цяпер перад ім; апошнім часам, навучыўшыся па-новаму поўзаць, ён, праўда, перастаў так, як раней, турбавацца пра тое, што дзеецца ў астатняй частцы кватэры, і, уласна, павінен быў адчуваць сябе падрыхтаваным да змененых умоў. I ўсё-такі, і ўсё-такі... ці быў гэта яшчэ бацька? Той самы чалавек, які некалі стомлена ляжаў, закапаўшыся ў пасцелі, тады, калі Рыгор збіраўся ў камандзіроўку па гандлёвых справах; той самы, які вечарамі, калі ён вяртаўся, сустракаў яго ў шлафроку, седзячы ў фатэлі, і зусім нават не мог падняцца, а толькі, выяўляючы радасць, уздымаў рукі; той самы, які пад час рэдкіх сумесных праходак, што надараліся ў нядзелі некалькі разоў на год ды ў самыя галоўныя святы, ідучы паміж Рыгорам і маці, якія і самі ішлі вельмі павольна, сунуўся наперад заўжды яшчэ марудней, загорнуты ў сваё старое паліто, нязменна асцярожліва ставячы свой кіёк; і калі ён хацеў нешта сказаць, дык заўсёды спыняўся, а ўсе астатнія абступалі яго? Цяпер жа ён прыкметна выпрастаўся, на ім была добра падагнаная блакітная форма з залатымі гузікамі — гэткая, якую носяць служкі ў банкаўскіх установах; над высокім цвёрдым каўняром сурдута з'явіўся моцны падвойны падбародак; з-пад кусцістых броваў чорныя вочы выглядалі свежа і ўважліва; колісь ускудлачаныя белыя валасы былі старанна і да прыкрасці педантычна зачасаныя ў блішчастую прычоску з праборам. Ён кінуў сваю шапку, на якой была вышытая манаграма — відавочна, нейкага банка,— цераз увесь пакой, і яна, апісаўшы дугу, упала на канапу; адгарнуўшы фалды свайго доўгага форменнага сурдута, ён пайшоў на Рыгора, рукі ў кішэнях, на твары выраз зацятасці. Бацька, відаць, і сам не ведаў, што збіраўся рабіць; ён нязвыкла высока падымаў ногі, і Рыгор дзівіўся, якія агромністыя ў бацькі падэшвы. Але Рыгор не застаўся стаяць на месцы, бо ўжо, пачынаючы з першага дня свайго новага жыцця, ведаў, што бацька лічыў слушным самае што ні ёсць суровае стаўленне да яго. Гэтак вось Рыгор бег перад бацькам, прыпыняўся, калі бацька стаяў на месцы і паспешліва рухаўся наперад, варта было толькі варухнуцца. Такім чынам яны зрабілі некалькі кругоў у пакоі, і не здарылася нічога вырашальнага, а паколькі хуткасць была невялікаю, гэта не выглядала нават на пагоню. Таму Рыгор пакуль што не сыходзіў з падлогі, тым болей што яму было боязна: бацька можа вельмі ўзлавацца, калі ён уцячэ на сцены альбо на столь. Але Рыгор мусіў сказаць сабе, што нават такой беганіны ён доўга не вытрымае, бо калі бацька рабіў адзін крок, ён павінен быў выконваць безліч розных рухаў. Ён пачынаў ужо задыхацца — гэта можна было заўважыць,— балазе і даўней ягоныя лёгкія не выклікалі вялікага даверу. I калі ён вось гэтак клыпаў наперад, збіраючыся з сіламі, каб пабегчы, ледзьве расплюшчыўшы павекі, не думаючы пра ніякі іншы спосаб уратавання, акрамя бегу наперад, і ўжо амаль забыўшыся, што ў яго распараджэнні былі сцены, якія, зрэшты, былі тут застаўленыя старанна выразанай мэбляю са шматлікімі зубцамі і карункамі,— і вось тут раптоўна нешта праляцела побач і пакацілася перад ім. Гэта быў яблык; за першым адразу паляцеў другі; Рыгор у жаху спыніўся; бегчы далей не было ніякага сэнсу, бо бацька наважыўся бамбардаваць яго. Са спода, што стаяў на падносе, ён напоўніў сабе кішэні яблыкамі і кідаў іх цяпер, пакуль што дакладна не цаляючы, адзін за адным у ягоны бок. Гэтыя маленькія чырвоныя яблыкі, як наэлектрызаваныя, збіваліся на падлозе ў кола, стукаліся адзін аб адзін. Па Рыгоравай спіне зачапіў адзін слаба кінуты яблык і, слізгануўшы, упаў, не прычыніўшы яму шкоды. Наступны яблык, кінуты адразу ж за папярэднім, літаральна ўцяўся яму ў спіну; Рыгор хацеў валачыся далей, нібыта ад змены месца мог сцішыцца неспадзяваны і неверагодны боль, але ён адчуў сябе нібы прыбітым цвікамі, у ягонай галаве ўсё змяшалася, і ён расцягнуўся на падлозе. Апошнім позіркам ён яшчэ ўбачыў, як рэзка адчыніліся дзверы з ягонага пакоя і як адтуль перад сястрою, што заходзілася крыкам, выбегла маці, у кашулі, бо сястра распранула яе, каб даць непрытомнай доступ да паветра; ён убачыў, як маці пабегла потым да бацькі, губляючы па дарозе развязаныя спадніцы, што адна за адною саслізгвалі на падлогу; блытаючыся ў іх, маці кінулася бацьку на грудзі і, моцна абняўшы яго,— тут Рыгораў зрок ужо яму адмовіў,— ліхаманкава сціснула далонямі бацькаву галаву і маліла яго дараваць Рыгору жыццё.
Рыгорава цяжкае раненне, ад якога ён пакутаваў больш як месяц,— яблык застаўся ў целе, бо ніхто не наважваўся яго выдаліць,— здавалася, нават бацьку нагадала, што Рыгор, нягледзячы на яго цяперашні варты жалю і брыдкі стан, усё-такі належаў да сям'і і яго нельга было трактаваць як ворага, а, наадварот, сямейны абавязак патрабаваў падаўляць у сабе гідлівасць і цярпець, толькі цярпець.
I хоць Рыгор з-за свае раны, відаць, назаўсёды страціў у рухавасці і пакуль што яму, нібы старому інваліду, патрабавалася шмат хвілін, каб перапаўзці свой пакой з канца ў канец,— пра поўзанне ўверсе не было чаго і думаць,— гэткім чынам за гэтае пагаршэнне свайго стану ён атрымаў зусім дастатковую, на ягоную думку, кампенсацыю праз тое, што заўсёды пад вечар дзверы ў гасцёўню, за якімі ён ужо раней меў звычку назіраць адну-дзве гадзіны, адчыняліся, і ён, лежачы ў цемрыве свайго пакоя, невідочны з гасцёўні, мог бачыць усю сям'ю за асветленым сталом і чуць усе размовы — вядома ж, з агульнага дазволу, гэта значыць зусім не так, як раней.
Натуральна, гэта ўжо не былі тыя ажыўленыя гутаркі ранейшага часу, пра якія Рыгор заўсёды з пэўнай тугою ўзгадваў у малых гатэльных нумарах, калі стомлена кідаўся ў пасцель з вільготнай бялізнай. Найчасцей цяпер гаварылі вельмі ціха. Бацька пасля вячэры часцяком хутка засынаў; маці і сястра заклікалі адна адну паводзіць сябе ціха; маці, моцна нагінаючыся над святлом, шыла тонкую бялізну для атэлье мод; сястра, якая заняла пасаду прадаўшчыцы, па вечарах вывучала стэнаграфію і французскую мову, каб пазней, мажліва, займець лепшую пасаду. Часам бацька прачынаўся і, як быццам забыўшыся, што ён перад гэтым спаў, звяртаўся да маці: «Як зноў доўга ты сёння шыеш!» — і адразу ж ізноў засынаў, у той час як маці і сястра стомлена ўсміхаліся адна адной.
Выяўляючы пэўнага кшталту ўпартасць, бацька нават дома адмаўляўся здымаць з сябе форму; і калі шлафрок без усялякае карысці вісеў на вешаку, бацька, апрануты, драмаў на сваім месцы, нібыта ён заўсёды быў гатовы да сваёй службы і чакаў таксама тут загадаў свайго непасрэднага начальніка. У выніку гэтага не зусім новая і напачатку форма, нягледзячы на ўвесь клопат маці і сястры, не вылучалася сваёй чысцінёю, і Рыгор часцяком цэлымі вечарамі глядзеў на гэты абплямлены, але зіхоткі ад сваіх заўсёды начышчаных залатых гузікаў убор, у якім старому чалавеку спалася надзвычай нязручна, але ўсё-такі спакойна.
Як толькі гадзіннік біў дзесяць, маці ціхімі словамі спрабавала абудзіць бацьку і намовіць яго пайсці ў ложак, бо тут жа ён не мог добра выспацца, а сон яму быў вельмі патрэбны: ужо а шостай ён мусіў заступаць на сваю службу. Але бацька з упартасцю, што апанавала яго з тае пары, як ён зрабіўся банкаўскім прыдзвернікам, заўсёды стаяў на тым, каб яшчэ даўжэй заставацца пры стале, хоць ён рэгулярна засынаў і пасля адно вялікімі намаганнямі ўдавалася змусіць яго мяняць крэсла на ложак. Хоць маці і сястра насядалі тады на яго з далікатнымі намёкамі, ды ён па пятнаццаць хвілін запар павольна вадзіў галавою, не расплюшчваў вачэй і не ўставаў. Маці церабіла яго за рукаў, гаварыла яму ў вуха ліслівыя слоўцы, сястра пераставала выконваць сваё заданне, каб памагчы маці, але на бацьку гэта не дзейнічала. Ён адно тады ўціскаўся глыбей у сваё крэсла. Толькі тады, калі жанчыны падхоплівалі яго пад рукі, ён рэзка расплюшчваў вочы, глядзеў па чарзе то на маці, то на сястру і гаварыў звычайна: «Вось гэта жыццё. Вось гэта спакойныя дні маёй старасці». I, абапёршыся на абедзвюх жанчын, падымаўся,— з цяжкасцю, нібыта быў сам сабе найвялікшым цяжарам, і дазваляў ім праводзіць сябе да дзвярэй; там развітваўся, кіўнуўшы галавою, і далей ішоў самастойна; маці ж, наколькі магчыма, паспешліва адкідала свае прылады для шыцця, а сястра — пяро, каб пабегчы за бацькам і далей дапамагаць яму.
У каго ж з гэтай выпетранай працаю і ператамлёнай сям'і быў час, каб клапаціцца пра Рыгора лепш, чым тое абавязкова патрабавалася? Хатняя гаспадарка ўсё болей абмяжоўвалася; пакаёўка была ўжо звольненая; раніцай і ўвечары прыходзіла прыслуга, агромністая, касцістая жанчына з белымі распушчанымі валасамі, каб зрабіць самую цяжкую працу; пра ўсё астатняе дбала маці адначасна са сваімі шматлікімі кравецкімі работамі. Здаралася нават, што прадаваліся тыя розныя фамільныя аздобы, якія маці і сястра раней, звышшчаслівыя, насілі ў час забаў і на святы; пра гэта Рыгор даведваўся ўвечары з агульных абмеркаванняў дасягнутых коштаў. Найбольш, аднак, чуліся скаргі на тое, што немагчыма было пакінуць гэтую, як на сённяшнія ўмовы занадта вялікую, кватэру, бо цяжка было прыдумаць, якім чынам можна перасяліць Рыгора. Але Рыгор, відавочна, разумеў, што не толькі тое, што зважалі на яго, было перашкодаю такому перасяленню, бо, зрэшты, яго можна было б перавозіць у адпаведнай скрыні з некалькімі адтулінамі для доступу паветра; сям'ю стрымлівала ад абмену кватэры хутчэй адчуванне поўнай безнадзейнасці і думка пра тое, што сямейнікаў напаткала такое няшчасце, якое не закранула нікога болей з кола іх сваякоў і знаёмых. Яны дарэшты выконвалі ўсё тое, чаго свет патрабуе ад бедных людзей: бацька прыносіў сняданкі дробным банкаўскім службоўцам, маці ахвяравала сабою дзеля бялізны чужых людзей, сястра па патрабаванні кліентаў бегала сюды-туды за прылаўкам, але на большае ў сям'і сілы ўжо не ставала. I пашкоджаная спіна пачынала Рыгору смылець нанова, калі маці і сястра, адправіўшы бацьку спаць, цяпер, вярнуўшыся, не браліся зноў за работу, а сядалі блізка адна каля аднае, шчака да шчакі; маці ж, паказваючы на Рыгораў пакой, казала: «Зачыні тыя дзверы, Грэта»; і калі гэтым разам Рыгор зноў апынаўся ў цемры, дык тут жа побач жанчыны змешвалі свае слёзы або зусім без слёз уваччу моўчкі ўтаропліваліся на стол.
Дні і ночы Рыгор праводзіў амаль без сну. Часам ён думаў пра тое, што, калі дзверы адчыняцца наступным разам, ён зноў, зусім як даўней, возьме справы сям'і ў свае рукі; у ягоных думках пасля доўгага часу зноў паяўляліся шэф і выканаўчы дырэктар, дробныя службоўцы фірмы і вучні-практыканты, малазразумелы служка, двое ці трое сяброў з іншых фірмаў, пакаёўка з правінцыяльнага гатэля; мілы, мімалётны ўспамін: касірка з капялюшнай крамы, вакол якой ён завіхаўся доўга, але занадта павольна,— вось жа ўсе яны з'яўляліся ўперамешку з чужакамі або ўжо забытымі асобамі; але, замест таго каб дапамагчы яму і ягонай сям'і, усе яны выяўлялі сваю непрыступнасць; і ён быў рады, калі яны знікалі. Потым у Рыгора зусім знікала ахвота клапаціцца пра сям'ю; яго перапаўняла толькі злосць з прычыны кепскага дагляду, і хоць ён не здольны быў сабе ўявіць нічога, што магло б выклікаць у яго апетыт, усё-такі ён складаў планы, як патрапіць у кладоўку і ўзяць там тое, што яму — хай сабе ён і не адчуваў голаду — так ці іначай належала. Сястра, ужо болей не раздумваючы, чым зрабіць асаблівую прыемнасць Рыгору, у вялікай спешцы, перш чым уранні ды ў абед пабегчы ў краму, упіхвала нагою ў Рыгораў пакой якое-небудзь едзіва, каб увечары, не зважаючы, ці яго толькі пакаштавалі, ці — што бывала найчасцей — пакінулі некранутым, вымесці яго адным узмахам мяцёлкі. Прыбіраць пакой, якім яна цяпер займалася толькі ўвечары, хутчэй ужо было проста немагчыма. Уздоўж сцен цягнуліся палоскі бруду, там і сям ляжалі купкі пылу і смецця. Напачатку Рыгор, калі сястра ўваходзіла, займаў пазіцыю ў падобным, найбольш красамоўнага выгляду, куце, каб сваёю паставай неяк выказаць ёй папрок. Але ён мог бы стаяць там цэлымі тыднямі, а сястра не зрабілася б лепшая; яна, гэтаксама як ён, добра бачыла бруд, але для сябе якраз вырашыла, што будзе пакідаць яго. Пры гэтым яна з новай для яе ўразлівасцю, якую набыла, урэшце, і ўся сям'я, пільнавала за тым, каб прыбіранне ў Рыгоравым пакоі заўсёды заставалася яе справаю. Аднаго разу маці занялася вялікай прыборкаю ў тым пакоі; гэта ёй удалося зрабіць з дапамогаю некалькіх кублаў вады,— ад той вялікай вільготнасці Рыгору, аднак, таксама зрабілася крыўдна, і ён выцягнуўся, зацяты і нерухомы, на канапе,— але затое кары маці пазбегнуць не здолела. Бо як толькі сястра ўвечары заўважыла змяненні ў Рыгоравым пакоі, яна тут жа, моцна ўзятая за жывое, пабегла ў гасцёўню і, хоць маці ўмольна ўзняла рукі, выбухнула спазматычным плачам, да чаго бацька і маці — бацьку, натуральна, спалохам паднялі з крэсла — прыглядаліся збянтэжана і бездапаможна; пасля пачаліся сваркі паміж сабою: бацька, з правага боку, рабіў папрокі маці за тое, што яна не пакінула сястры прыборку ў Рыгоравым пакоі; з другога боку ён крычаў на сястру, што ёй больш ніколі не будзе дазволена прыбіраць той пакой, у гэты час маці спрабавала зацягнуць у спальню бацьку, які ад хвалявання ўжо не мог валодаць сабою; а сястра, агаломшаная ад стогнаў, барабаніла сваімі маленькімі кулачкамі аб стол; Рыгор жа моцна шыпеў ад злосці, што нікому не прыйшло ў галаву зачыніць дзверы і ўберагчы яго ад гэтага відовішча і ад гэтага вэрхалу.
Але нават калі сястры, стомленай сваёй прафесійнай працай, надакучыла клапаціцца пра Рыгора гэтак, як даўней, дык маці зусім не была абавязаная замяшчаць яе, а, нягледзячы на гэта, Рыгор мог не быць занядбаны. Бо цяпер жа тут была прыслуга. Гэтая старая ўдава, якая за сваё доўгае жыццё, дзякуючы моцным касцям, перажыла самае горшае, не адчувала ніякай агіды да Рыгора. Без усялякай цікаўнасці аднойчы яна выпадкова адчыніла дзверы ў Рыгораў пакой і здзіўлена спынілася, сашчапіўшы рукі на жываце, у той час як Рыгор, страшэнна збянтэжаны, пачаў бегаць туды і сюды, хоць яго ніхто не гнаў. З таго часу яна ніколі не ўпускала магчымасці ўранні і ўвечары мімаходзь прыадчыніць дзверы і зазірнуць да Рыгора. Напачатку яна клікала яго да сябе словамі, якія, відаць, лічыла прыязнымі: «Хадзі сюды, стары жучок-гнаевічок!» альбо: «Паглядзіце во на старога жука-гнаевіка!» На гэткія звароты Рыгор ніяк не адказваў, а сядзеў нерухома на сваім месцы, як быццам бы ўвогуле ніхто не адчыняў дзвярэй. Увогуле трэба было не дазваляць прыслузе без усякай патрэбы перашкаджаць яму, калі толькі ёй таго захочацца, а лепей загадаць ёй штодня прыбіраць у ягоным пакоі! Аднойчы з самае раніцы — па шыбах лупіў моцны дождж, гэта, магчыма, ужо быў знак надыходу вясны,— калі прыслуга зноў пачала свае размовы-зачэпкі, Рыгор адчуў такое раздражненне, што павярнуўся да яе — зрэшты, вельмі павольна і ледзьве трымаючыся на ножках, але быццам бы збіраючыся ісці ў атаку. Ды прыслуга, замест таго каб напалохацца, толькі падняла ўгору крэсла, што стаяла паблізу дзвярэй; і калі яна там застыла з раскрытым ротам, выразна быў відзён яе намер закрыць рот толькі тады, калі крэсла, што яна трымала ў руцэ, абрынецца на Рыгораву спіну. «Ну што, далей ніяк?» — спыталася прыслуга, калі Рыгор зноў ад яе адвярнуўся, і спакойна паставіла крэсла назад у кут.
Рыгор ужо амаль нічога не еў. Адно калі яму даводзілася выпадкова праходзіць каля прыгатаванай стравы, ён дзеля забавы браў кавалак у рот, трымаў яго там па некалькі гадзін запар, а потым найчасцей зноў выплеўваў. Спачатку ён думаў, што яму не дае есці засмучэнне, выкліканае знешнім выглядам пакоя; але акурат з пераменамі, што адбыліся ў пакоі, ён пагадзіўся вельмі хутка. У астатніх жа з'явілася звычка састаўляць у гэты пакой рэчы, якім не было іншага месца; а гэткіх рэчаў было цяпер шмат, бо пакой здавалі тром кватарантам. Гэтыя сур'ёзныя паны — усе трое барадатыя, як гэта аднаго разу прыкмеціў Рыгор, зазіраючы праз дзвярную шчыліну,— надта скрупулёзна зважалі на парадак: і не толькі ў іхнім пакоі, але, раз яны ўжо тут пасяліліся, і ва ўсёй гаспадарцы, а найперш на кухні. Яны не маглі цярпець неўжываных рэчаў, а тым болей — брудных. Да таго ж яны прывезлі з сабою ў большасці сваё начынне ды мэблю. З гэтае прычыны зрабіліся лішнімі шмат якія рэчы: іх, вядома, немагчыма было прадаць, але і шкада выкінуць. Усе яны павандравалі ў Рыгораў пакой. Гэтаксама і скрыня пад попел, і сметніца з кухні. Тое, што ў гэтай хвілі рабілася непатрэбным, прыслуга, заўсёды вельмі паспешліва, папросту ўкідала ў ягоны пакой; добра, што Рыгор найчасцей бачыў толькі адпаведную рэч ды руку, якая яе трымала. Прыслуга, відаць, мела намер — пры выпадку ды калі будзе час — ізноў вынесці тыя рэчы або выкінуць іх за адным разам, але ў сапраўднасці яны заставаліся ляжаць там, куды іх адразу кінулі, хіба што Рыгор, грукаючы, пралазіў паміж імі і перасоўваў іх на іншае месца; спачатку ён займаўся гэтым змушаны неабходнасцю, бо не было іншага месца, каб поўзаць; але потым ён рабіў гэта з усё большым задавальненнем, хоць пасля такіх вандровак, да смерці змораны і сумны, ён гадзінамі ляжаў без руху.
Паколькі кватаранты часам вячэралі таксама дома, у агульнай гасцёўні, дзверы туды ўвечары былі сяды-тады зачыненыя, але Рыгор зусім лёгка трываў гэта, бо ўжо шмат вечароў, калі яны стаялі адчыненыя, ён не скарыстоўваў моманту, а толькі ляжаў у самым цёмным куце свайго пакоя; сям’я ж таго нават не заўважала. Але аднойчы прыслуга пакінула дзверы ў гасцёўню крыху прачыненымі; яны засталіся прачыненымі і тады, калі ўвечары прыйшлі кватаранты і было запалена святло. Кватаранты селі за стол на тыя месцы, дзе раней сядалі бацька, маці і Рыгор, расклалі сурвэткі і ўзялі ў рукі нажы і відэльцы. Тут жа ў дзвярах з’явілася маці з паўміскам мяса, а адразу за ёй — сястра з паўміскам, на якім высокім узгоркам ляжала бульба. Ад ежы ішла густая пара. Кватаранты нахіліліся над талеркамі, як быццам бы хацелі перад ядою іх спраўдзіць; і напраўду той, хто сядзеў пасярэдзіне і, здавалася, быў аўтарытэтам для двух астатніх, адрэзаў яшчэ на паўміску кавалак мяса — відавочна, дзеля таго, каб высветліць, ці яно ўжо добра ўварылася альбо яго трэба адправіць назад на кухню. Ён быў задаволены, а маці ды сястра, якія з напружаннем глядзелі на яго, цяпер з палёгкай уздыхнулі і пачалі ўсміхацца.
Сама сям'я вячэрала ў кухні. Тым не менш бацька, перш чым пайсці на кухню, зайшоў у пакой і, адзін-адзіны раз пакланіўшыся, з шапкаю ў руцэ, абышоў вакол стала. Кватаранты падняліся з месцаў і прамармыталі нешта ў свае бароды. Пасля, застаўшыся сам-насам, яны елі, захоўваючы амаль поўнае маўчанне. Дзіўным падалося Рыгору тое, што з самых разнастайных гукаў, што ўзнікалі пры ядзе, ён пастаянна вылоўліваў слыхам скрыгат іхніх зубоў — нібыта ён павінен быў атрымаць доказ, што дзеля таго, каб есці, яму трэба мець зубы і што нават з самымі прыгожымі бяззубымі сківіцамі нічога не зробіш. «У мяне ж ёсць апетыт,— падумаў заклапочана Рыгор,— але не на гэтыя рэчы. Вось гэтыя кватаранты ядуць сабе, а я гіну!»
Якраз у той вечар з кухні пачулася скрыпка: Рыгор не мог узгадаць, калі ён чуў яе за ўвесь гэты час. Кватаранты ўжо скончылі сваю вячэру; той, што сядзеў пасярэдзіне, выцягнуў газету, даў двум астатнім па адным аркушы, і цяпер яны, адкінуўшыся назад, чыталі і палілі цыгарэты. Калі пачала граць скрыпка, яны звярнулі на гэта ўвагу, падняліся з месцаў і на дыбачках падышлі да дзвярэй пярэдняга пакоя, дзе, збіўшыся разам, спыніліся. Відаць, іх пачулі на кухні, бо адтуль данёсся бацькаў голас: «Можа, гэтую ігру спадарам непрыемна слухаць? Яе мажліва адразу спыніць».— «Наадварот,— адказаў пан, што перад гэтым сядзеў пасярэдзіне,— ці не магла б паненка зайсці да нас і зайграць тут, у пакоі, дзе нашмат жа зручней і прыемней?» — «О, калі ласка!» — усклікнуў бацька, нібыта гэта ён і быў скрыпачом. Тыя паны вярнуліся ў пакой і чакалі. Неўзабаве прыйшоў бацька з пюпітрам пад ноты, маці з нотамі і сястра са скрыпкаю. Сястра спакойна рыхтавала ўсё да ігры; бацькі, якія самі ніколі раней не наймалі кватэры і таму перабольшвалі ў сваёй ветлівасці да кватарантаў, нават не наважыліся сесці ў свае фатэлі; бацька абапёрся аб дзверы, прасунуўшы правую руку паміж гузікамі зашпіленай ліўрэі; маці ж села ў фатэль, прапанаваны ёй адным з паноў, збоку, у куце — там, дзе кватарант выпадкова яго паставіў.
Сястра пачала граць; бацька і маці, кожны са свайго месца, уважліва сачылі за рухамі яе рук. Рыгор, прываблены тым граннем, наважыўся крыху пасунуцца наперад, і галава ягоная была ўжо ў гасцёўні. Ён, зрэшты, амаль не здзіўляўся, што апошнім часам гэтак мала зважаў на іншых; раней ён гэтым зважаннем ганарыўся. Прытым жа якраз цяпер ён меў болей падстаў хавацца ад іх, бо ад пылу, што густа ляжаў у ягоным пакоі і ўздымаўся пры найменшым руху, ён сам увесь быў у пыле; ніткі, валасы, рэшткі ежы — усё гэта ён цяпер насіў на сваёй спіне і на баках; яго абыякавасць да ўсяго была занадта вялікая, каб узяць ды легчы на падлогу і — гэтак, як ён раней рабіў некалькі разоў на працягу аднаго дня,— пачысціцца аб дыван. Ды, нягледзячы на свой цяперашні стан, ён не саромеўся высунуцца крыху наперад па бездакорнай падлозе гасцеўні.
Зрэшты, ніхто на яго не звяртаў увагі. Сям'я была цалкам захопленая граннем на скрыпцы; а кватаранты, якія напачатку стаялі, рукі ў кішэнях штаноў, занадта блізка за сестрыным пюпітрам, як быццам бы ўсім трэба было зазіраць у ноты, што, напэўна, замінала сястры, неўзабаве, размаўляючы напаўголаса і нахіліўшы галовы, адступілі да акна, дзе і заставаліся пад заклапочаным бацькавым позіркам. Цяпер гэта рабіла аж надта выразнае ўражанне, нібыта яны расчараваліся, мяркуючы пачуць прыгожую або забаўляльную ігру, нібыта яны ўжо мелі досыць усяго гэтага паказу і толькі праз сваю ветлівасць дазвалялі яшчэ турбаваць свой спакой. Асабліва той спосаб, якім яны ўсе цяпер выдзьмухвалі носам і ротам дым угору, сведчыў пра іх вялікую знерваванасць. А сястра ж іграла так прыгожа! Яна схіліла твар убок, а вочы тужліва і дапытліва сачылі за нотнымі радкамі. Рыгор прапоўз яшчэ крыху наперад і трымаў галаву каля самай падлогі, каб па магчымасці сустрэцца з яе позіркам. Ці ён быў жывелай, раз яго так вабіла музыка? Ён адчуваў сябе так, як быццам перад ім адкрыўся шлях да жаданай і невядомай крыніцы сілкавання. Ён наважыўся прабрацца аж да сястры, пацягнуць яе за сукенку і даць ёй гэткім чынам зразумець, што яна магла б прыйсці ў ягоны пакой, бо ніхто тут не цаніў яе ігру гэтак, як хацеў ацаніць ён. Рыгор не выпусціў бы яе са свайго пакоя — прынамсі, пакуль ён жывы; яго жахлівая постаць першы раз магла б яму быць карыснай; ён бы адначасова пільнаваў каля ўсіх дзвярэй свайго пакоя і шыпеў бы на кожнага, хто паспрабаваў бы на яго напасці; але сястра павінна была заставацца каля яго не пад прымусам, а добраахвотна; яна б сядзела побач з ім на канапе, схіліўшыся адным вухам, і ён бы даверыў ёй тады сваё колішняе патаемнае жаданне — паслаць яе на вучобу ў кансерваторыю; і калі б тым часам не здарылася няшчасце, у мінулыя Каляды — а Каляды ўжо, напэўна, прайшлі? — ён бы абвясціў пра гэта ўсім, зусім не зважаючы на якія-небудзь пярэчанні. Пасля гэтага абвяшчэння сястра выбухнула б узрушана слязьмі, а Рыгор падняўся б ёй аж па плечы і пацалаваў бы яе ў шыю, якая была з тае пары, як яна пачала хадзіць у краму, адкрытая, без стужкі і без каўнерыка.
«Спадар Замза!» — загукаў той сярэдні пан да бацькі і, не мовячы болей ні слова, паказаў пальцам на Рыгора, які павольна рухаўся наперад. Скрыпка сціхла, сярэдні кватарант найперш усміхнуўся, матляючы галавою, сваім сябрам і пасля зноў стаў глядзець на Рыгора. Бацьку падалося, што, замест таго каб прагнаць Рыгора, трэба ў першую чаргу супакоіць кватарантаў, хоць тыя зусім не былі знерваваныя, а Рыгор, здаецца, даваў ім забаву большую, чым ігра на скрыпцы. Бацька паспешліва падбег да іх і, шырока расставіўшы рукі, спрабаваў прымусіць іх пайсці ў свой пакой. Яны сапраўды трохі ўзлаваліся: не было вядома, ці з прычыны бацькавых паводзін, ці таму, што яны раптам даведаліся, што маюць за суседа штосьці такое, як Рыгор. Яны патрабавалі ад бацькі тлумачэнняў, самі ўзнімалі рукі, неспакойна скублі свае бароды і, з неахвотаю, павольна адступалі да свайго пакоя. За гэты час сястра пераадолела здранцвенне, якое ахапіла яе пасля перапыненай ігры: яна пэўны час трымала ў бяссільна апушчаных руках скрыпку ды смычок і, быццам бы яшчэ граючы, усё яшчэ глядзела ў ноты; але потым раптоўна сарвалася з месца, паклала інструмент на калені маці, якая яшчэ сядзела ў сваім фатэлі, цяжка дыхаючы ў прыпадку ўдушша, і пабегла ў суседні пакой, да якога пад націскам бацькі ўсё хутчэй набліжаліся кватаранты. Было відаць, як пад спраўнымі рукамі сястры ўзляталі ўгору, а потым акуратна ўкладаліся на ложках коўдры і падушкі. Перш чым тыя паны ўвайшлі ў пакой, яна ўжо заслала пасцель і выслізнула адтуль. Бацька, здавалася, зноў гэтак зацяўся ў сваёй упартасці, што забыўся на ўсялякую павагу, якую ён быў павінен аказваць сваім кватарантам. Ён адно падганяў і падганяў іх, аж пакуль, ужо ў дзвярах, сярэдні пан не грымнуў, тупнуўшы нагою, і гэткім спосабам не затрымаў бацьку. «Гэтым абвяшчаю,— прамовіў ён, узняўшы рукі ўгору і шукаючы вачыма таксама маці і сястру,— што, зважаючы на брыдкія адносіны, што пануюць у гэтай кватэры і сям’і,— пры гэтым ён рашуча і рэзка плюнуў на падлогу,— я з гэтай хвілі адмаўляюся ад свайго пакоя. Натуральна, я не збіраюся плаціць ані граша таксама за тыя дні, што тут жыў, а, наадварот, яшчэ падумаю, ці не варта было б мне выставіць супраць спадарства пэўныя — прашу мне паверыць,— зусім абгрунтаваныя прэтэнзіі». Ён змоўк, гледзячы проста перад сабою і нібыта нечага чакаючы. I напраўду, абодва яго сябры тут жа далучыліся да ягоных слоў. «Мы таксама зараз жа адмаўляемся ад кватэры». Пасля гэтага сярэдні пан схапіўся за клямку і з ляскатам зачыніў дзверы.
Бацька вобмацкам давалокся да свайго фатэля і зваліўся ў яго; усё гэта выглядала, нібы ён расслабіўся для сваёй звычайнай вячэрняй дрымоты, але моцнае дрыжанне галавы, быццам пазбаўленай апоры, сведчыла, што ён зусім не спаў. Рыгор увесь гэты час ціха ляжаў на тым месцы, дзе яго заспелі кватаранты. Расчараванне з прычыны неажыццяўлення задуманага, але, магчыма, і слабасць, выкліканая доўгім галаданнем, зрабілі так, што ён не мог рухацца. Ён баяўся — прытым з дзіўнай упэўненасцю,— што ў наступнай хвілі над ім выбухне нейкая катастрофа і — чакаў яе. Не адпалохала яго нават скрыпка, якая, выслізнуўшы з-пад дрыготкіх пальцаў маці, упала ў яе з каленяў, выдаўшы з сябе моцны гук.