Франц Кафка - Прысуд стр 16.

Шрифт
Фон

«Зараз прыйду»,— сказаў павольна і задумліва Рыгор і не рухаўся, каб не прапусціць ніводнага слова з размовы.

«Я таксама, шаноўная спадарыня, не магу іначай сабе гэта растлумачыць,— сказаў выканаўчы дырэктар,— спадзяюся, што нічога сур'ёзнага не здарылася, хоць, з іншага боку, мушу сказаць, што мы, дзелавыя людзі — на жаль ці на шчасце, як хто хоча,— вельмі часта ў інтарэсах справы павінны не зважаць, калі нам крыху нездаровіцца».— «Ну, дык ці можа ўжо спадар выканаўчы дырэктар зайсці да цябе?» — спытаў нецярпліва бацька і зноўку пастукаўся ў дзверы. «Не»,— адказаў Рыгор. У пакоі злева запанавала непрыемная цішыня, у пакоі справа пачала ўсхліпваць сястра.

Але ж чаму сястра не пайшла да астатніх? Напэўна, яна толькі што ўстала і нават не пачала апранацца. I чаму яна плакала? З тае прычыны, што ён не ўстаў і не пусціў да сябе выканаўчага дырэктара, ці таму, што яму пагражала страта месца ў фірме і таму, што шэф пазней зноў стане палохаць бацькоў даўнімі прэтэнзіямі? Але гэта былі пакуль што хутчэй непатрэбныя турботы. Рыгор жа быў яшчэ тут, і ў яго не было ў галаве таго, каб пакінуць сваю сям'ю. У гэтай хвілі Рыгор ляжаў сабе на дыване, і ніхто з тых, хто ведаў бы пра яго цяперашні стан, сур'ёзна не мог бы патрабаваць, каб ён пусціў у пакой выканаўчага дырэктара. Але ў сувязі з гэтай маленькай няветлівасцю, на якую пазней можна ж будзе знайсці адпаведную адгаворку, Рыгора ніхто адразу з працы не звольніць. I яму здавалася, што было б куды разумней цяпер пакінуць яго ў спакоі, а не перашкаджаць плачам ды настойлівымі зваротамі да яго. Але менавіта гэтая няпэўнасць цвяліла іншых і апраўдвала іх дзеянні.

«Спадар Замза,— узвысіў голас выканаўчы дырэктар,— што здарылася? Вы ж забарыкадаваліся там у сваім пакоі, адказваеце «так» або «не», робіце сваім бацькам цяжкі і непатрэбны клопат і нечуваным спосабам ігнаруеце — пра гэта я ўзгадваю толькі да слова — свае службовыя абавязкі. Я гавару тут ад імя вашых бацькоў і вашага шэфа і самым сур'ёзным чынам прашу адразу ўсё дакладна растлумачыць. Дзіўна, дзіўна. Я меркаваў, што ведаю вас як спакойнага ды разважлівага чалавека, а цяпер, здаецца, вам раптам захацелася ўштукаваць тут нешта арыгінальнае. Шэф спрабаваў з раніцы растлумачыць ваша спазненне — гаварыў пра нядаўна даверанае вам інкаса, але я амаль што даў слова гонару, што гэтае тлумачэнне не можа адпавядаць сапраўднасці. Цяпер, аднак, бачу тут вашу незразумелую ўпартасць, і ў мяне зусім знікае ахвота хоць бы ў нечым за вас заступацца. А становішча ваша далёка не самае трывалае. Я напачатку хацеў вам сказаць пра гэта сам-насам, але раз вы ўжо прымушаеце мяне тут без усялякае карысці марнаваць час, не разумею, чаму вашыя шаноўныя бацькі не павінны пра гэта ведаць. Вынікі вашай працы былі апошнім часам таксама вельмі нездавальняючыя; пара года, праўда, цяпер не тая, калі робяцца асабліва добрыя гешэфты; але гэткай пары года, калі не робіцца ніякіх гешэфтаў, увогуле няма, спадар Замза, дый быць не можа».

«Але ж, спадар дырэктар,— загукаў Рыгор, перастаючы валодаць сабою і забыўшы ўмомант пра ўсё іншае,— я зараз жа, імгненна адчыню. Тут у мяне крыху закружылася галава — і я не здолеў устаць. Цяпер я яшчэ ў ложку. Але ўжо зноў адчуваю сябе зусім бадзёра. Якраз вось падымаюся з ложка. Толькі хвіліначку пацярпіце! Гэта яшчэ не атрымліваецца так хутка, як я думаў. Але мне ўжо зусім добра. Як гэта можа зваліцца на чалавека! Яшчэ ўчора ўвечары я адчуваў сябе зусім нармальна; бацькі ж гэта ведаюць... ці то ўжо ўчора ўвечары ў мяне было маленькае прадчуванне гэтага. Можна было бачыць па мне. Чаму толькі я не паведаміў у фірму! Але ж заўсёды ўзнікае думка, што хваробу ўдасца ператрываць, не застаючыся дома. Спадар выканаўчы дырэктар! Пашкадуйце маіх бацькоў! Усе гэтыя папрокі, што вы мне цяпер выказваеце, не маюць ніякіх падстаў; мне ж пра гэта не казалі ні слова. Вы, мажліва, не чыталі апошніх заказаў, якія я вам дасылаў. Зрэшты, я яшчэ змагу паехаць цягніком, што ідзе а восьмай; тыя колькі гадзін адпачынку надалі мне новых сіл. Толькі не затрымлівайцеся тут, спадар выканаўчы дырэктар; я зараз сам буду ў фірме; прашу, будзьце так ласкавы, сказаць пра ўсё і растлумачыць спадару шэфу!»

I ў той час, калі Рыгор спешна выціскаў усё гэта з сябе і наўрад ці ведаў, што казаў, ён з лёгкасцю, магчыма, у выніку практыкаванняў, што рабіліся яшчэ ў ложку, наблізіўся да куфэрка і цяпер спрабаваў ускараскацца на яго.

Ён сапраўды хацеў адчыніць дзверы, сапраўды хацеў паказацца на вочы і паразмаўляць з выканаўчым дырэктарам; ён прагнуў даведацца, што скажуць, убачыўшы яго ў такім выглядзе, іншыя, якія гэтак хочуць яго бачыць. Калі яны спалохаюцца, то Рыгор болей не будзе несці ніякай адказнасці і можа супакоіцца. Калі б, аднак, яны ўспрынялі ўсё спакойна, тады ў яго таксама не было б падстаў хвалявацца і ён, калі б паспяшаўся, быў бы а восьмай на вакзале. Спачатку ён некалькі разоў саслізгваў з гладкага куфэрка, але нарэшце сабраў сілы на апошні скачок і стаў вертыкальна; Рыгор нават не зважаў на боль у падбрушшы, хоць і вельмі пякучы. Цяпер ён дазволіў сабе ўпасці на спінку крэсла, што стаяла паблізу, і моцна трымаўся за яго білцы. Праз гэта ён зноў авалодаў сабою і заціх, бо цяпер мог слухаць, што кажа выканаўчы дырэктар.

«Ці зразумелі вы хоць адно слова? — пытаўся выканаўчы дырэктар у бацькоў.— Ці не робіць ён з нас дурняў?» — «Барані Божа! — ускрыкнула маці, ужо ўся ў слязах.— Ён, напэўна, сур'ёзна захварэў, а мы яго мучым. Грэта! Грэта!» — загукала яна пасля гэтага. «Мама?» — пачуўся голас сястры з другога боку. Яны дамаўляліся праз Рыгораў пакой. «Зараз жа ідзі па доктара. Рыгор захварэў. Хутчэй па доктара! Ці чула ты толькі што Рыгораў голас?» — «Гэта быў голас жывёлы»,— сказаў выканаўчы дырэктар, надзіва ціха, у параўнанні з матчыным лямантам. «Ганна! Ганна! — крычаў бацька праз пярэдні пакой у кухню і пляскаў у далоні,— зараз жа выклікай слесара!» I ўжо абедзве дзяўчыны, шоргаючы спадніцамі, беглі цераз пярэдні пакой — як гэта сястра паспела так хутка апрануцца? — і гучна адчынялі розныя дзверы. Ляпання дзвярэй зусім не было чутно, дзяўчаты, відаць, пакідалі іх адчыненымі — як гэта звычайна бывае ў кватэрах, дзе здарылася вялікае няшчасце.

Але Рыгор зрабіўся куды спакайнейшы. Ягоных слоў, што праўда, не разумелі, хоць яму яны здаваліся досыць выразнымі, больш выразнымі, чым раней,— мажліва, таму, што да іх ужо прызвычаілася вуха. Ды, ва ўсякім разе, іншыя паверылі ў тое, што з ім нешта не зусім у парадку, і былі гатовыя яму дапамагаць. Цвёрдасць і ўпэўненасць, з якою былі зробленыя першыя распараджэнні, добра падзейнічалі на яго. Ён зноўку адчуў сябе ўцягнутым у людское кола і спадзяваўся ад абодвух, ад лекара і ад слесара, дакладна не адрозніваючы іх адзін ад аднаго, выдатных і ашаламляльных вынікаў. Каб мець да вырашальных перамоў, што набліжаліся, як найвыразнейшы голас, ён трошкі адкашляўся — зрэшты, намагаючыся рабіць гэта як мага цішэй; бо нявыключана, што і гэты гук быў ужо не падобны да чалавечага кашлю, а вызначаць гэта ён ужо сабе не давяраў. Тым часам у суседнім пакоі зрабілася зусім ціха. Можа, бацькі сядзелі з выканаўчым дырэктарам каля стала і шапталіся, а можа, усе прыпалі да дзвярэй і слухалі.

Рыгор павольна пасунуўся разам з крэслам у бок дзвярэй, адпусціў крэсла, кінуўся на дзверы, выпрастаўшыся, затрымаўся каля іх — унізе, на яго ножках, было крыху клейкага рэчыва — і нейкую хвілю адпачываў пасля зробленых высілкаў. А потым паспрабаваў ротам паварочваць ключ у замку. На жаль, высветлілася, што ў яго няма сапраўдных зубоў — як жа было ўхапіць той ключ? — але затое ён меў вельмі моцныя сківіцы; з іх дапамогаю ён сапраўды зрушыў ключ з месца, не зважаючы на тое, што прычыняе сабе шкоду, бо нейкая карычняватая вадкасць пацякла ў яго з рота і пачала капаць на надлогу. «Ага, паслухайце,— сказаў у суседнім пакоі выканаўчы дырэктар,— ён круціць ключ». Гэта моцна падбадзёрыла Рыгора, але ўсе, бацька і маці таксама, павінны былі б крычаць яму: «Хутчэй, Рыгор,— павінны былі б яны крычаць,— гэтак і далей, за замок, з усяе сілы!» I, уявіўшы сабе, што ўсе напружана сочаць за яго высілкамі, ён, сабраўшы ўсе свае сілы і нічога ўжо не цямячы, угрызся ў ключ. Па меры павароту ключа ён круціўся вакол замка, толькі ротам трымаючыся ў вертыкальным становішчы; і, як было патрэбна, то павісаў на ключы або ціснуў яго ўніз усім цяжарам свайго цела. Выразнейшы гук званка, што нарэшце адскочыў, літаральна абудзіў Рыгора. Перавёўшы дых, ён сказаў сабе: «Вось так, я абышоўся без слесара»,— і паклаў галаву на клямку, каб зусім адчыніць дзверы.

Дзверы былі, уласна, расчыненыя досыць шырока, бо ён мусіў адчыняць іх гэткім чынам, але яго ўсё яшчэ не было відаць. Рыгор мусіў толькі павольна павярнуцца вакол аднае палавінкі дзвярэй, прытым вельмі асцярожна, каб не пляснуцца на спіну каля ўвахода ў пакой. Ён яшчэ быў заняты гэтым складаным рухам і не меў часу зважаць на штосьці іншае, але тут пачуў гучнае «ой!», што вырвалася з грудзей выканаўчага дырэктара: яно гучала нібы пошум ветру; і цяпер Рыгор таксама яго ўбачыў — як дырэктар, стоячы побач каля дзвярэй і прыціскаючы далонь да растуленага рота, павольна адступаў назад, як быццам яго гнала нейкая нябачная і раўнамерна разлічаная сіла. Маці — яна стаяла тут, нягледзячы на прысутнасць дырэктара, усё яшчэ з распушчанымі, высока ўскудлачанымі пасля начы, валасамі,— раскінуўшы рукі, напачатку паглядзела на бацьку, пасля зрабіла два крокі насустрач Рыгору і звалілася на падлогу сярод сваіх шырока раскінутых спадніц, са зняможана апушчанай на грудзі галавою. Бацька пагрозліва сціснуў кулакі, як быццам бы хочучы загнаць Рыгора назад у пакой; потым ён разгублена азірнуўся, затуліў вочы рукамі і заплакаў так, што ягоныя моцныя грудзі пачалі скаланацца.

Рыгор зусім і не зайшоў у гасцёўню, а толькі прытуліўся знутры да нерухомай палавінкі дзвярэй — так што толькі часткова былі відны ягонае тулава і нахіленая ўбок галава, якая пазірала на астатніх. Тым часам у пакоі значна пасвятлела; на другім баку вуліцы быў выразна відзён кавалак супрацьлеглага, бясконцага, чорна-шэрага будынка — гэта была лякарня — з ягонымі правільнымі вокнамі, што рэзка вылучаліся на фоне фасада; дождж не перапыняўся, але цяпер падалі толькі вялікія, паасобку відочныя кроплі: яны падалі на зямлю таксама паасобку. Стол быў увесь, аж занадта, застаўлены посудам ад снедання, бо для бацькі менавіта снеданне было найважнейшай штодзённай ядою, і бацька расцягваў яго на гадзіны, чытаючы разнастайныя газеты. На процілеглай сцяне, якраз насупраць, вісела Рыгорава фота з часоў яго службы ў войску: малодшы лейтэнант, рука на шпазе, з бесклапотнай усмешкай, ён выклікаў павагу сваёй вопраткай і вайсковай формай. Дзверы ў пярэдні пакой былі адчыненыя; адчыненыя былі і дзверы ў кватэру; відны былі нават лесвічная клетка і пачатак сходаў, якія вялі ўніз.

«Ну вось,— сказаў Рыгор, усведамляючы сабе, што толькі ён адзін застаўся па-ранейшаму спакойны,— зараз апрануся, упакую калекцыю і паеду. Ці вы дазволіце, ці дазволіце мне ехаць? Як бачыце, спадар дырэктар, я не ўпарты і працую з ахвотаю; паездкі стамляюць, але ж без іх я не мог бы жыць. Але куды ж вы пайшлі, спадар выканаўчы дырэктар? У фірму? Праўда? I вы раскажаце ўсё, як яно ёсць? Вядома ж, можна быць часова непрацаздольным, але гэта якраз той момант, каб прыгадаць сабе пра тое, чаго хтосьці дасягнуў раней; ён будзе працаваць тым старанней, з тым большай пільнасцю. Я ж гэтак абавязаны спадару шэфу, вы цудоўна ведаеце. А па-за тым я апякуюся бацькамі і сястрою. У мяне ёсць праблемы, але я выберуся з іх. Толькі не рабіце іх цяжэйшымі, чым яны напраўду ёсць. Займіце ў фірме мой бок! Ведаю, коміваяжораў не любяць. Думаюць, што яны зарабляюць шалёныя грошы і прытым цудоўна сабе жывуць. Папросту ў людзей няма адмысловай нагоды лепей падумаць пра гэтыя аблудныя ілюзіі. Але ж вы, спадар дырэктар, лепей валодаеце гэтай сітуацыяй, чым іншыя супрацоўнікі,— нават, калі гаварыць шчыра, лепш, чым сам спадар шэф, які, будучы прадпрымальнікам, лёгка можа памыляцца не на карысць працаўніка. Вы вельмі добра ведаеце таксама, што коміваяжор, які амаль цэлы год праводзіць па-за офісам фірмы, надта лёгка можа зрабіцца ахвяраю плётак, выпадковых і беспадстаўных абвінавачванняў, перад якімі ён зусім не можа сябе абараніць, бо часцей за ўсё проста нават не ведае пра іх; і толькі, калі, змораны, вяртаецца з камандзіроўкі, ён на сваёй скуры дома адчувае вынікі таго ліха, прычыну якога ён не можа распазнаць. Спадар дырэктар, не сыходзьце, не сказаўшы мне ніводнага слова, якое б сведчыла, што вы згодныя хоць бы з маленькай часткай таго, што я кажу!»

Але яшчэ калі толькі Рыгор пачынаў гаварыць, выканаўчы дырэктар адвярнуўся цераз плечы, якія раз-пораз варушыліся, азіраўся на Рыгора, надзьмуўшы пры гэтым губы. А пад час Рыгоравага маналога ён ні хвілі не быў спакойны, а паціху, не спускаючы з Рыгора вачэй, адступаўся да дзвярэй — надзвычай павольна, быццам бы існавала таемная забарона пакідаць пакой. Выканаўчы дырэктар быў ужо ў пярэднім пакоі, а раптоўны рух, з якім ён нарэшце адарваў нагу ад парога гасцёўні, наводзіў на думку, што ён спаліў сабе падэшвы. У пярэднім пакоі, аднак, ён выцягнуў правую руку далёка ў бок лесвіцы, нібыта там яго чакала незямное збавенне.

Рыгор уцяміў, што ні ў якім разе нельга дазволіць, каб выканаўчы дырэктар сышоў у гэткім настроі, калі не намервацца загадзя пагадзіцца з найвялікшай рызыкай для сваёй пасады ў фірме. Бацькі гэтага так добра не разумелі: за доўгія гады яны пераканалі сябе, што месца Рыгору там гарантаванае на ўсё жыццё; а, апроч таго, у іх было цяпер столькі бягучых праблем, што яны страцілі адчуванне асцярожнай прадбачлівасці. Рыгор жа меў гэтую прадбачлівасць. Дырэктара трэба было абавязкова затрымаць, супакоіць, пераканаць і, урэшце, схіліць на свой бок, бо ад гэтага ж залежала будучыня Рыгора і ўсёй яго сям'і! Ах, каб хоць тут была сястра! Яна была разумная; яна заплакала ўжо тады, калі Рыгор яшчэ спакойна ляжаў на спіне. I, напэўна ж, выканаўчы дырэктар, гэты аматар жаночага полу, паддаўся б на яе намовы; яна б зачыніла дзверы ў кватэру і ў пярэднім пакоі супакоіла б яго, разагнала спалох. Але сястры якраз не было, і Рыгор павінен быў дзейнічаць сам. I не падумаўшы пра тое, што цяперашніх сваіх здольнасцей рухацца ён яшчэ зусім не ведаў, не падумаўшы таксама, што ягоная мова, магчыма — а нават хутчэй за ўсё,— зноў не была зразуметая, ён пакінуў палавінку дзвярэй, прасунуўся цераз проймішча і хацеў быў падысці да выканаўчага дырэктара, які ўжо стаяў на лесвічнай пляцоўцы, смешна ўшчаперыўшыся абедзвюма рукамі ў парэнчы сходаў; але тут жа, шукаючы апірышча, Рыгор са слабым ускрыкам упаў на свае шматлікія ножкі. Як толькі гэта здарылася, ён першы раз у тую раніцу меў фізічнае задавальненне; ножкі адчулі пад сабой цвёрдую глебу і былі зусім яму паслухмяныя, як ён засведчыў з вялікай радасцю; гэтыя ножкі чакалі толькі таго, каб панесці яго туды, куды ён захоча; і ён паверыў ужо, што набліжаецца канец усім яго пакутам.

Але ў тую самую хвілю, калі ён, хістаючыся і стрымліваючы свае рухі ад штуршка, ляжаў на падлозе якраз насупраць маці, тая падскочыла — хоць, здавалася, толькі што была зусім здранцвелая,— шырока выпрастала рукі, расставіла пальцы і залямантавала: «Ратуйце, ах Божачкі, ратуйце!» — трымаючы галаву нахіленаю, нібыта яна хацела лепей разгледзець Рыгора, але, насуперак гэтаму, кінулася, нібы ашалелая, назад; зусім забыўшыся, што ззаду за ёй стаяў накрыты стол, і апынуўшыся каля гэтага стала, хутка, нібы ў рассеянасці, села на яго і, здавалася, зусім не заўважала, што побач з ёю з перакуленага вялікага кафейніка кава тоўстым струменем льецца на дыван.

«Мама! Мама!» — ціха сказаў Рыгор і скіраваў свой позірк угару, на яе. На нейкую хвілю ён зусім забыў пра выканаўчага дырэктара; затое, убачыўшы, як льецца кава, ён не здолеў стрымаць сябе і некалькі разоў сутаргава хапянуў паветра. На гэта маці зноў залямантавала, уцякла ад стала і кінулася на грудзі бацьку, які паспяшаўся да яе насустрач. Але цяпер у Рыгора не было часу на бацькоў; выканаўчы дырэктар стаяў ужо на сходах; абапёршыся падбароддзем аб парэнчы, ён апошні раз паглядзеў назад. Рыгор узяў разгон, каб абавязкова яго дагнаць, але дырэктар, напэўна, штосьці прадчуваючы, скокнуў праз некалькі прыступак уніз і тут жа знік. «Ух!» — крыкнуў ён напрыканцы — так, што гэты гук разнёсся па ўсёй лесвічнай клетцы. На жаль, гэтыя дырэктаравы ўцёкі, відаць, зусім збілі з тропу бацьку, які дагэтуль больш-менш трымаў сябе ў руках; бо замест таго, каб самому кінуцца ўслед за выканаўчым дырэктарам або хоць бы не перашкаджаць Рыгоравай пагоні, ён правай рукою схапіў кіёк, які дырэктар забыў разам з капелюшом і плашчом, левай узяў са стала тоўстую газету, а потым, тупаючы нагамі і махаючы кійком ды газетаю, пачаў заганяць Рыгора назад у ягоны пакой. Ніякія Рыгоравы просьбы не дапамагалі, ніякія просьбы, зрэшты, не былі зразуметыя; ён мог яшчэ больш пакорліва круціць галавою, а бацька толькі мацней тупаў нагамі. Маці, нягледзячы на халаднаватае надвор’е, расчыніла акно насупраць і, далёка высунуўшыся з яго на вуліцу, моцна прыціскала далоні да твару. Паміж вуліцай і лесвічнай клеткай утварыўся моцны скразняк, фіранкі ўзляцелі дагары, газеты на стале зашамацелі, асобныя лісты былі здзьмутыя на падлогу. Бацька няўмольна напіраў і шыпеў, нібы дзікун. Рыгор яшчэ зусім не быў спрактыкаваны хадзіць задам, таму ён сапраўды рухаўся надта павольна. Калі б Рыгор мог павярнуцца назад, ён бы адразу апынуўся ў сваім пакоі, але яго палохала тое, што бацька можа за гэты працяглы час яго паварочвання страціць цярпенне; а бацькаў кіёк кожную хвілю пагражаў нанесці смяртэльны ўдар яму па спіне або па галаве. Нарэшце Рыгору не заставалася нічога іншага, апроч як заўважыць з жахам, што, рухаючыся задам, ён не здолее трымацца патрэбнага накірунку; гэтак ён пачаў, увесь час кідаючы спалоханыя позіркі на бацьку, як мага хутчэй, а ў сапраўднасці вельмі павольна, паварочвацца назад. Магчыма, бацька зразумеў ягоную добрую волю, бо не перашкаджаў яму ў гэтым, а нават раз-пораз канцом кійка дапамагаў яму рабіць паварот. Каб жа толькі ён так агідна не шыпеў! Рыгор праз гэта зусім губляў галаву. Ён ужо амаль быў павярнуўся, калі, прыслухоўваючыся па-ранейшаму да таго шыпення, трохі памыліўся і нават зрабіў рух у адваротны бок. Пасля ж таго, як ён, нарэшце, удала прымерыўся галавою да проймішча дзвярэй, выявілася, што ягонае тулава было занадта шырокае, каб свабодна прайсці ў іх. Бацьку, з яго цяперашнім настроем, натуральна, і ў галаву не прыходзіла, каб крыху прыадчыніць другую палавінку дзвярэй і стварыць Рыгору магчымасць нармальна прайсці ў свой пакой. У бацькавай галаве была толькі адна ідэя-фікс: Рыгор як мага хутчэй павінен вярнуцца да сябе. Ён таксама ні за што не хацеў даць Рыгору спакойна падрыхтавацца, выпрастацца і, мажліва, гэткім спосабам прайсці цераз дзверы. Наадварот, ён — як быццам ніякіх перашкод наперадзе не было — падштурхоўваў Рыгора наперад, суправаджаючы гэта гучным лямантам; гэты лямант ужо не раздаваўся за Рыгорам як лямант аднаго толькі бацькі; тут было напраўду не да жартаў, і Рыгор уціснуўся — будзь што будзе! — паміж палавінкамі дзвярэй. Адзін бок ягонага тулава прыпадняўся: ён застыў у проймішчы нахілены; адзін ягоны бок быў абадраны да крыві, на белых дзвярах засталіся агідныя плямы; неўзабаве ён канчаткова засеў і самастойна ўжо не мог нават паварушыцца; ножкі з аднаго боку, дрыжачы, павіслі ў паветры; з другога боку яны былі моцна, да болю, прыціснутыя да падлогі — і тут бацька моцным штуршком ззаду, цяпер сапраўды выратавальным, пхнуў яго, і ён паляцеў, абліваючыся крывёю, далёка ў глыб свайго пакоя. Дзверы яшчэ гучна, ад удару кійка, зачыніліся, і тады нарэшце зрабілася ціха.

Толькі ў вечаровым сутонні Рыгор абудзіўся са свайго цяжкага сну, падобнага да непрытомнасці. Ён, вядома, крыху пазней прачнуўся б і так, бо адчуваў, што дастаткова адпачыў і выспаўся, але яму падалося, што пабудзілі яго нечыя лёгкія крокі і асцярожнае зачыньванне дзвярэй, што вялі ў пярэдні пакой. Святло вулічных электрычных ліхтароў блякла адбівалася сям-там на столі і на верхніх частках мэблі, але ўнізе, вакол Рыгора, было цёмна. Павольна, мацаючы нязграбна сваімі шчупальцамі, якія ён цяпер толькі вучыўся па-сапраўднаму цаніць, ён пасунуўся да дзвярэй, каб паглядзець, што ж там адбылося. Яго левы бок здаваўся яму суцэльным вялікім шнарам, які непрыемна смылеў, і ён мусіў літаральна кульгаць на двух шэрагах сваіх ножак. Зрэшты, адна з ножак была сур’ёзна параненая пад час ранішніх здарэнняў — гэта быў амаль цуд, што толькі адна,— і, нібы мёртвая, цягнулася па падлозе.

Толькі каля дзвярэй ён заўважыў, што, уласна, яго так туды вабіла: гэта быў пах нейкага едзіва. Бо там стаяла поўная міска з салодкім малаком, у якім плавалі кавалачкі белага хлеба. Ад радасці ён ледзьве не засмяяўся — бо быў галодны яшчэ болей, як уранні — і мала што не з вачыма ўлез галавою ў малако. Але неўзабаве, расчараваны, ён выцягнуў яе адтуль; не толькі таму, што яму з-за параненага левага бока было цяжка есці,— а есці ён мог толькі калі з сапеннем дапамагаў сабе ўсім тулавам,— але і таму, што малако, якое раней увогуле было ягоным улюбеным напоем і якое сястра, вядома ж, з тае прычыны яму і паставіла, цяпер было Рыгору зусім не смачнае; ён амаль з агідаю адвярнуўся ад міскі і адпоўз на сярэдзіну пакоя.

У гасцеўні, як Рыгор мог бачыць праз шчыліну ў дзвярах, была запаленая газоўка, але калі звычайна гэтаю парою бацька голасна чытаў маці, а часам таксама і сястры, вячэрнюю газету, дык цяпер не было чуваць ніводнага гуку. Мажліва, гэтае чытанне, пра якое яму сястра ўвесь час расказвала і пісала ў лістах, апошнім часам увогуле не практыкавалася. Але навокал таксама панавала ціша, хоць кватэра, напэўна ж, не была пустая. «Якое ж, аднак, ціхае жыццё вяла наша сям'я»,— падумаў Рыгор і, пільна ўглядаючыся ў цемру, адчуў вялікі гонар з тае прычыны, што гэта ён здолеў стварыць бацькам і сястры такое жыццё ў гэткай цудоўнай кватэры. Але што будзе, калі зараз увесь гэты спакой, увесь дабрабыт, усё задавальненне так жахліва скончацца?

Каб не цвяліць сябе такімі думкамі, Рыгор пачаў рухацца — поўзаць туды-сюды па падлозе.

Раз на працягу доўгага вечара крыху прыадчыніліся адны бакавыя дзверы, другі раз іншыя, але яны тут жа зноў зачыняліся; нехта, відаць, меў патрэбу зайсці, але надта баяўся. Рыгор спыніўся каля самых дзвярэй у гасцёўню, самым рашучым чынам жадаючы заахвоціць поўнага сумненняў наведніка ўвайсці або, прынамсі, даведацца, хто ён такі; але дзверы ўжо болей не адчыняліся, і Рыгорава чаканне было дарэмным. Раніцай, калі дзверы былі зачыненыя на замок, усе хацелі ўвайсці да яго, цяпер жа, калі ён адчыніў адны дзверы, а іншыя, відавочна, паадчынялі ўдзень, ніхто болей не прыходзіў, а ключы цяпер ужо былі ў замочнай шчыліне з другога боку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора