У гэтай хвілі на мосце быў якраз несупынны рух.
1913
Аднойчы раніцою Рыгор Замза ачомаўся ад неспакойнага сну і раптам заўважыў, што ён у сваім ложку ператварыўся ў пачварную жамяру. Лежачы на панцырна-мулкай спіне, ён бачыў, калі толькі трошкі падымаў галаву, свой выпуклаваты, карычневы, падзелены на дзве часткі дугападобнымі плеўкамі, жывот, на версе якога ўсё яшчэ трымалася, але гатовая ўжо была ссунуцца долу, коўдра. Шматлікія і танюсенькія — калі параўнаць з усім астатнім — ножкі ў беспарадку мітусіліся ў яго перад вачыма.
«Што гэта са мною здарылася?» — падумаў ён. Гэта быў не сон. Яго пакой — сапраўдны, хіба што занадта малаваты жылы пакой — і надалей мірна знаходзіўся паміж чатырох добра знаёмых муроў. Над сталом, дзе была раскладзеная калекцыя ўзораў сукна — Замза быў у камандзіроўцы,— вісеў партрэт, які ён незадоўга перад тым выразаў з ілюстраванага часопіса і ўставіў у прыгожую пазалочаную рамку. На партрэце была панна ў футраным капелюшы і баа: яна сядзела моцна выпрастаўшыся і працягвала гледачу цяжкую футравую муфту, у якую была загорнутая ўся яе рука.
Потым Рыгораў позірк спыніўся на акне, і пахмурнае надвор'е — было чуваць, як кроплі дажджу стукаюць па блясе падаконня — зрабіла яго зусім меланхалічным. «Каб яшчэ крыху паспаць ды забыцца на ўсе гэтыя дурніцы»,— падумаў ён, але зрабіць гэта было зусім немагчыма: ён прывык спаць на правым баку, але ў сваім цяперашнім стане ніяк не мог заняць гэтую пазіцыю. Нягледзячы на ўсе намаганні павярнуцца на правы бок, ён усё адно перакульваўся на спіну. Спрабуючы зрабіць паварот разоў мо сто, ён кожны раз заплюшчваў вочы, каб не бачыць сваіх ног, як яны мітусіліся; потым ён кінуў гэтыя спробы, адчуўшы ў баку раней невядомы, лёгкі, тупаваты боль. «Ах, Божа ж мой,— падумаў ён,— якую цяжкую прафесію я сабе выбраў! Штодня паездкі ды паездкі. Хваляванняў у справе куды больш, чым на месцы, у сваёй краме; ды, акрамя таго, яшчэ мусіш пакутаваць з гэтымі паездкамі, дапасоўвацца да раскладу руху цягнікоў, мірыцца з нерэгулярным ды дрэнным харчаваннем, распачынаць новыя і новыя знаёмствы, якія ніколі не робяцца сардэчнымі. Пайшло б яно ўсё да д'ябла!» Ён адчуў лёгкі сверб у жываце, паволі пасунуўся на спіне да стойкі ложка, каб было лягчэй падняць галаву, знайшоў тое месца, дзе свярбела; яно ўсё было ў маленькіх белых кропачках, паходжанне якіх ён не мог вызначыць; яму захацелася абмацаць гэтае месца адной з ног, але ён адразу ж рэзка рвануў яе назад, бо ад аднаго дотыку ў яго пабеглі мурашкі па скуры.
Ён слізгануў у сваё ранейшае становішча. «Ад гэтага ранняга ўставання,— падумаў ён,— робішся зусім дурным. Чалавек павінен высыпацца. Іншыя коміваяжоры жывуць як жанчыны з гарэма. Калі я, прыкладам, перад поўднем вяртаюся ў гатэль, каб перапісаць здабытыя заказы, гэтыя спадары яшчэ снедаюць. Калі б я, ды пры маім шэфе, паспрабаваў гэтак рабіць, ён бы тут жа выкінуў мяне з працы. Зрэшты, хто ведае, ці не было б гэта для мяне і вельмі добра. Калі б я не стрымліваў сябе, зважаючы на бацькоў, дык даўно б ужо звольніўся: пайшоў бы да шэфа і сказаў бы яму проста ў вочы ўсё, што я пра яго думаю. Ён бы зваліўся са сваёй канторкі! Гэта досыць своеасаблівы спосаб — сядзець на канторцы і зверху размаўляць з супрацоўнікам, які да таго ж мусіць падыходзіць зусім блізка, бо шэф кепска чуе. Ну, але ж надзея яшчэ не зусім страчаная: калі я выплачу пазыку за бацькоў — гэта можа доўжыцца гадоў пяць або шэсць,— дык я, безумоўна, вырашу гэтую справу. Тады мы і разыдземся канчаткова. А пакуль што мне трэба ўставаць, бо цягнік адыходзіць а пятай».
Тут ён паглядзеў на будзільнік, што цікаў на куфры.
«Ойча нябесны!» — падумаў ён. Была палова сёмай, а стрэлкі спакойна рухаліся наперад; было ўжо нават за палову сёмай — амаль што без чвэрці. Няўжо будзільнік не звінеў? З ложка было відаць, што ён наведзены правільна, акурат на чатыры гадзіны, вядома ж, ён ужо адзвінеў. Добра, але ж ці мажліва было спакойна праспаць гэты званок — такі пранізлівы, што ад яго аж мэбля калоціцца? Ну, спакойна ён, папраўдзе, не спаў, але, відаць, тым мацней. Што ж цяпер яму было рабіць? Наступны цягнік адыходзіць а сёмай: каб паспець на яго, трэба шалёна спяшацца, а калекцыя яшчэ не была ўпакаваная, і ён сам пачуваўся не надта свежым і жвавым. Нават калі б ён і злавіў цягнік, без шэфавых праклёнаў усё адно не абышлося б, бо пасыльны з фірмы чакаў яго з пяцігадзінным цягніком і ўжо даўно павінен быў далажыць пра ягонае спазненне. Гэта была крэатура шэфа, чалавека без пазваночніка і клёку ў галаве. А калі назвацца хворым? Але гэта выглядала б надзвычай непрыемна і падазрона, бо Рыгор за сваю пяцігадовую службу яшчэ ніводнага разу не хварэў. Напэўна, шэф прыйшоў бы тады з лекарам бальнічнай касы, рабіў бы папрокі бацькам з-за іх сына-гультая і не прымаў бы ніякіх тлумачэнняў, спасылаючыся на лекара бальнічнай касы, для якога ўвогуле існавалі людзі толькі зусім здаровыя, але не ахвочыя да працы. I зрэшты, у гэтым выпадку хіба ён не меў бы рацыі? Рыгор і праўда адчуваў сябе зусім добра — калі не браць пад увагу пэўную залішнюю санлівасць пасля такога доўгага сну — і нават вельмі хацеў есці.
Калі ён у вялікай спешцы абдумваў усё гэта, не наважваючыся вылезці з пасцелі,— будзільнік якраз прабіў тры чвэрці на сёмую,— нехта асцярожна пастукаўся ў дзверы, у галавах ягонага ложка.
«Рыгор, — пачуўся голас — то была яго маці,— ужо без пятнаццаці сем. Хіба ты не збіраўся ехаць?»
Гэты пяшчотны голас! Рыгор спалохаўся, пачуўшы, гучыць у адказ ягоны голас; ён быў, безумоўна, яго ранейшы, але аднекуль знізу да яго падмешваўся незнішчальны хваравіты піск, які толькі ў першай хвілі пакідаў словам іх яснасць, каб пры далейшым гучанні знявечыць іх так, што ўжо не было вядома, ці добра яны пачутыя. Рыгор збіраўся падрабязна адказаць і ўсё растлумачыць, але ў тых варунках абмежаваўся толькі словамі: «Ага, ага, дзякуй, мама; я ўжо ўстаю». З-за драўляных дзвярэй перамена ў Рыгоравым голасе звонку, відаць, не адчувалася, бо маці задаволілася яго тлумачэннем і патупала назад. Але гэтая кароткая размова прыцягнула ўвагу іншых сямейнікаў — тое, што Рыгор, насуперак спадзяванням, усё яшчэ дома; і ўжо бацька ціхенька, але кулаком пастукваў па адных бакавых дзвярах. «Рыгор! Рыгор,— загукаў ён,— што здарылася?» I праз нейкую хвілю ён зноў паклікаў, ужо мацнейшым голасам: «Рыгор! Рыгор!» Каля другіх бакавых дзвярэй голасам, поўным жалю, гаварыла сястра: «Рыгор? Табе блага? Можа, чаго-небудзь трэба?» Рыгор адказваў у абодва бакі: «Я ўжо гатовы»,— і намагаўся праз найдакладнейшае вымаўленне і доўгія паўзы паміж асобнымі словамі пазбавіць свой голас таго, што звяртала сваёй нязвыкласцю на яго ўвагу. Бацька таксама вярнуўся да свайго сняданку, а сястра шаптала: «Рыгор, малю цябе, адчыні». Рыгор, аднак, нават не думаў пра тое, каб адчыняць, а толькі пахваліў сябе за набытую ў паездках асцярожнасць, якая і дома падказвала яму зачыняць уначы на замок усе дзверы.
Напачатку ён хацеў спакойна і без перашкод устаць, апрануцца і, найперш, паснедаць, а пра далейшае падумаць пасля; бо ён разумеў, што яго роздумы ў ложку не прывядуць да якога-небудзь разумнага канца. Ён прыгадаў, што яму часцяком ужо даводзілася ў ложку адчуваць лёгкі боль у выніку нязграбнай позы пры ляжанні; гэты боль, пасля таго як ён уставаў, здаваўся абсалютна прымроеным, і Рыгор напружана чакаў, як паступова будуць знікаць ягоныя сённяшнія мроі. А тое, што змяненне голасу было ўсяго толькі звеставаннем моцнай прастуды — прафесійнай хваробы камандзіраваных — не выклікала ў яго ніякіх сумневаў.
Скінуць коўдру было зусім няцяжка: яму было досыць толькі крыху надзьмуцца, і яна звалілася сама. Але далей усё ішло горш, асабліва з-за таго, што ён быў нязвыкла шырокі. Каб выпрастацца, яму былі б патрэбныя рукі ды ногі, але, замест гэтага, у яго было толькі шмат ножак, што ўвесь час рабілі самыя разнастайныя рухі, якія да таго ж ён ніяк не мог кантраляваць. Калі ён хацеў сагнуць адну з іх, яна адразу выпроствалася, а калі ў яго атрымлівалася зрабіць тое, што ён хацеў, гэтай ножкаю, дык усе астатнія тым часам, нібы адпушчаныя на волю, рухаліся з найбольшым і найхваравіцейшым хваляваннем. «Толькі не заставацца без усялякай карысці ў ложку»,— сказаў сабе Рыгор.
Спачатку ён хацеў выбрацца з ложка ніжняй часткаю цела, ды гэтая ніжняя частка, якой ён, зрэшты, яшчэ не бачыў і пра якую не мог скласці сабе сапраўднага ўяўлення, была занадта цяжкая, каб ёю магчыма было рухаць; гэта ішло так марудна; і калі ён нарэшце, амаль дайшоўшы да шаленства, з усёй сілай неабачліва кінуўся ўперад, накірунак быў выбраны не той; і ён моцна выцяўся аб ніжні край нагі ложка; а пякучы боль, які ён адчуў, навучыў яго, што менавіта ўнізе ягонае цела было цяпер найбольш адчувальным.
Таму ён паспрабаваў выбрацца спачатку верхняю часткаю тулава і асцярожна павярнуў голаў да краю ложка. Гэта яму таксама ўдалося лёгка зрабіць, і, нягледзячы на шырыню ды цяжар, усё ягонае цела нарэшце павольна пайшло ўслед за рухам галавы. Калі ж ён, аднак, ужо трымаў голаў над свабоднай прасторай па-за ложкам, яму зрабілася боязна пасоўвацца далей гэткім самым чынам, бо калі б ён нарэшце так зваліўся долу, павінен быў бы здарыцца цуд, каб галава засталася непашкоджанаю. А менавіта цяпер яму ніяк нельга было траціць прытомнасць; лепей ужо было заставацца ў пасцелі.
Але калі ён, пераводзячы дых пасля чарговага высілку, зноў заняў ранейшае месца і ўбачыў, што ягоныя ножкі яшчэ болей — наколькі гэта мажліва — б'юцца адна аб адну, то ён, не могучы навесці парадак у гэтым бязладдзі, сказаў сабе зноў, што болей у пасцелі заставацца нельга, што самае разумнае зараз ахвяравацца ўсім і пры першай-лепшай магчымасці вызваліцца з ложка. Адначасна ён, аднак, не забываў раз-пораз напамінаць сабе, што спакойная і найспакайнейшая разважлівасць куды лепшая за роспачныя памкненні ды рашэнні. У такія хвілі ён як найпільней углядаўся ў акно, ды, на жаль, ранішняя імгла, што рабіла нябачным нават процілеглы бок вузкай вуліцы, надавала мала ўцехі ды пэўнасці. «Ужо сем,— сказаў сабе Рыгор, калі пачуліся новыя ўдары будзільніка,— ужо сем, а ўсё яшчэ гэткая імгла». І праз хвілю ён ляжаў спакойна, стрымліваючы дыханне і быццам бы чакаючы ад поўнай цішыні вяртання сапраўдных і ясных стасункаў паміж рэчамі.
Але пазней ён сказаў сабе: «Перш чым праб'е чвэрць на восьмую, я нарэшце абавязкова павінен пакінуць ложак. Зрэшты, да таго часу нехта з фірмы, напэўна, прыйдзе да мяне, бо фірма пачынае працаваць з сямі». І ён скіраваў свае намаганні на тое, каб раўнамерна і на ўсю даўжыню выкуліць сваё цела з ложка. Калі б ён гэткім чынам зваліўся на падлогу, галава, якую ён, падаючы, абавязкова трымаў бы як найвышэй, напэўна, засталася б непашкоджаная. Спіна, здавалася, зрабілася цвёрдаю: калі ўпасці на дыван, дык ёй, відаць, нічога не будзе. Найбольш турбавала яго думка пра тое, што, напэўна, здарыцца вялікі грукат, які выкліча калі не жах, дык, прынамсі, непакой за ўсімі дзвярамі. Але трэба было адважыцца на гэта.
Калі Рыгор ужо напалову ссунуўся з ложка,— новы спосаб быў больш гульнёю, чым высілкам: ён мусіў, каб рухацца, толькі злёгку пакалыхвацца на спіне,— яму раптам прыйшло ў галаву, што рабіць гэта было б нашмат прасцей, калі б нехта яму дапамог. Двух дужых людзей (ён падумаў пра бацьку і пакаёўку) цалкам хапіла б; ім трэба было б адно што падсунуць рукі пад яго скляпеністую спіну ды выцягнуць яго з таго ложка, нахіліцца пад ягоным цяжарам, а потым адно асцярожна прытрымліваць, каб ён перакуліўся на падлогу, дзе, пэўна, нарэшце знайшлі б ужытак ягоныя ножкі. Гэтак вось, не зважаючы на тое, што дзверы былі зачыненыя, ці ён павінен быў клікаць на дапамогу? Хоць і надта цяжкое было яго становішча, але ён не мог не ўсміхнуцца ў адказ на тую думку.
Да гэтай хвілі ён пасунуўся гэтак далёка, што пры мацнейшым раскалыхванні свайго цела ўжо ледзьве мог трымаць раўнавагу і неўзабаве павінен быў прыняць канчатковае рашэнне, бо да чвэрці на восьмую заставалася пяць хвілін, калі ў дзвярах кватэры пачуўся званок. «Гэта нехта з фірмы»,— сказаў ён сабе і амаль што здранцвеў, хоць ягоныя ножкі мітусіліся яшчэ хутчэй. Нейкую хвілю было зусім ціха. «Яны не адчыняюць»,— падумаў Рыгор, апанаваны нейкімі аблуднымі спадзяваннямі. Але потым, натуральна, пакаёўка, як заўсёды, цвёрдымі крокамі падышла да дзвярэй і адчыніла іх. Рыгору было досыць пачуць толькі першае слова вітання таго, хто прыйшоў,— і ён ужо ведаў, хто гэта быў: сам выканаўчы дырэктар фірмы. I чаму толькі Рыгору наканавана было працаваць ва ўстанове, дзе самае малое спазненне адразу ж выклікала найвялікшыя падазрэнні? Няўжо ж усе супрацоўнікі, разам узятыя, былі лайдакамі; хіба сярод іх не было ніводнага чалавека адданага ды вартага даверу, які, не выкарыстаўшы дзеля фірмы нават тых адной-дзвюх ранішніх гадзін, пакутаваў ад згрызот сумлення і якраз не мог аніяк вылезці з ложка? Ці напраўду не было б дастаткова прыслаць запытацца пра яго якога-небудзь звычайнага практыканта — калі наогул трэба было некага прысылаць? Навошта было прыходзіць самому выканаўчаму дырэктару і ці варта было гэтым дэманстраваць усёй ні ў чым не вінаватай сям'і, што даследаванне гэтай падазронай справы можна давяраць толькі розуму выканаўчага дырэктара? І хутчэй ад хвалявання, якое апанавала Рыгора, чым у выніку слушнага рашэння, ён з усяе сілы рвануўся і вылецеў з ложка. Моцна грукнула, але сапраўднага шуму не пачулася. Дыван крыху змякчыў удар; дый спіна была больш эластычная, чым думаў Рыгор; таму пачуўся адно не надта выразны, глухі стук. Толькі галаву ён трымаў не вельмі асцярожна і моцна выцяўся; ён круціў ёю і цёрся ад болю і засмучэння аб дыван.
«Штосьці там упала»,— сказаў выканаўчы дырэктар у пакоі з левага боку. Рыгор спрабаваў уявіць сабе, ці не магло б нешта падобнае, як сёння з ім, здарыцца з шэфам; такую магчымасць, уласна, трэба было браць пад увагу. Але як быццам бы груба адказваючы на гэтае пытанне, выканаўчы дырэктар у суседнім пакоі цяпер зрабіў некалькі рашучых крокаў; пры гэтым зарыпелі ягоныя лакіраваныя боты. З пакоя, што справа, зашаптала сястра, хочучы паведаміць Рыгору: «Рыгор, прыйшоў выканаўчы дырэктар».— «Ведаю»,— адказаў Рыгор, але так ціха, каб сястра не магла пачуць.
«Рыгор,— сказаў цяпер бацька з правага боку,— прыйшоў спадар выканаўчы дырэктар і пытаецца, чаму ты не паехаў ранішнім цягніком. Мы не ведаем, што яму адказаць. Зрэшты, ён хоча таксама асабіста пагаварыць з табою. Таму прашу цябе: адчыні дзверы. Спадар выканаўчы дырэктар будзе такі ласкавы і прабачыць табе за непарадак у пакоі...»
«Добры дзень, спадар Замза»,— голасна перапыніў яго выканаўчы дырэктар. «Ён нядобра сябе адчувае,— звярнулася да яго маці, у той час як бацька яшчэ гаварыў каля дзвярэй,— яму кепска, паверце мне, спадар выканаўчы дырэктар. Як жа іначай Рыгор мог не прыйсці на цягнік! У хлопца, акрамя фірмы, і ў галаве нічога няма. Я заўсёды амаль што злуюся, калі ён ніколі і нікуды ўвечары не выходзіць; цяпер жа ён быў восем дзен у горадзе, але кожны вечар сядзеў дома. Ён застаецца з намі за сталом і спакойна чытае газету або вывучае расклады руху. Для яго, калі ён працуе лобзікам, і тое ўжо забава. Вось, напрыклад, ён за два ці тры вечары выразаў маленькую рамку; вы здзівіліся б, каб убачылі, якая яна прыгожая; вунь яна вісіць у пакоі. Зараз... убачыце, як толькі Рыгор адчыніць. Зрэшты, я шчаслівая, што вы да нас прыйшлі, спадар выканаўчы дырэктар; мы б адны ніколі не ўгаварылі Рыгора адчыніць дзверы; ён такі ўпарты і, напэўна, кепска сябе адчувае, хоць з раніцы ў тым не прызнаваўся».