Бацька і маці паглядзелі адзін на аднаго і ўсміхнуліся.
— Ох ты, дзіця яшчэ горкае! — сказала маці. — Ты нават не ведаеш, што гэта значыць. Гэта значыць, што цябе лічаць за сапраўдную маці без мужа.
Ліза пахмурылася крыху, падумала, а потым, крутнуўшы галавой, сказала:
— Ну і няхай сабе думаюць! Нічога мне ад гэтага не станецца.
— Не, Ліза, — сказаў бацька, — ад такіх плётак дзяўчына вельмі і вельмі можа пацярпець.
— Ты жывеш і будзеш жыць сярод людзей, — павучальна сказала маці, — і трэба думаць пра будучае. І з гэтым дзіцём цябе не захочуць браць, а калі яшчэ пойдуць такія чуткі... І завошта нам такое няшчасце?..
Ліза пачырванела.
— Мама! — сказала яна з дакорам. — Навошта ты так гаворыш? Хіба можна цяпер аб гэтым думаць?
— Калі ты не думаеш, то мы абавязаны думаць, — строга сказаў бацька.
— Плёткі, кажаш, — сказала далей маці. — А што ты будзеш рабіць, калі кожны добры чалавек, пачуўшы гэтыя плёткі, будзе цурацца цябе, як заразы? Не будзеш жа ты сама забягаць ды тлумачыць, што гэта плёткі.
Ліза гатова была скрозь зямлю праваліцца ад сораму. Не за сябе і не за плёткі, а за той паварот, які прыняла размова. Нешта такое крыўднае і зневажальнае для іх усіх адчувалася ў гэтых словах, а бацькі нібы гэтага і не заўважаюць.
— Мамачка! — усклікнула Ліза, хаваючы твар на плячы маткі. — Не трэба так гаварыць, не трэба.
— Дзеля твайго шчасця і чэсці трэба гэтае дзіця аддаць на выхаванне ў якія-небудзь яслі, — прамовіў бацька. — Мне казалі, што і цяпер недзе яны ёсць.
Лізу нібы хто па галаве стукнуў.
— Ніколі! — крыкнула яна, адхіснуўшыся ад маткі. — Ніколі!
— Ціха, ціха! — сказала маці. — Для хлопчыка нічога дрэннага не будзе. Ён жа нічога яшчэ не разумее і будзе гадавацца, як іншыя дзеці. Ты думаеш, мы не любім і не шкадуем яго? Але і цябе мы павінны шкадаваць: ты ж сапсуеш усё сваё жыццё, ты ж маладосці не бачыш.
Фелікс прачнуўся і крыкнуў. Ліза кінулася да яго. Насустрач ёй працягнуліся ручкі і засвяціліся шчаслівыя вочкі тым самым шчырым дзіцячым смехам, які можа скарыць усё жывое, калі не лічыць фашыстаў. Ліза прагна схапіла яго і прыціснула да сваіх дзявочых грудзей.
Бацька тым часам тлумачыў:
— Мы ж не скажам, хто ён такі. Мы як-небудзь аформім яго іначай. І будзе сабе ён жыць спакойна, не горш, як тут. Родныя маткі і то разлучаюцца са сваімі дзецьмі, а табе чаго псаваць сваё маладое жыццё?
— Не, татачка, — цвёрда сказала Ліза, — я яго не пакіну. А калі яму прыйдзецца ад вас ісці, то толькі разам са мной.
— Вось і рабі з ёю, што хочаш, — развяла рукамі маці.
Але ў тоне яе зусім не было суровасці. Хто-хто, а яна ў першую чаргу магла адчуць і зразумець усё тое хараство душы, якое выяўляла іх дачка.