Хоць і вельмі цяжкія мінуты пражыла Ліза ад гэтага неспадзяванага наступлення бацькоў, але барацьба была нядоўгай. Спачатку здалася маці, а потым яны, ужо разам, скарылі і суровага бацьку.
Жыццё пайшло па-ранейшаму. Але ў Лізы застаўся след, нібы яна дакранулася да чагосьці бруднага. Яна яшчэ больш стала ўхіляцца суседзяў; ёй усё здавалася, што на яе глядзяць неяк асабліва. Нават калі хто спачуваў і хваліў яе, ёй было непрыемна.
Толькі са сваім дзіцем яна адпачывала душою і забывалася на ўсе непрыемнасці. Ды яшчэ было вялікае шчасце, калі дайшлі звесткі, што немцаў разграмілі пад Масквой. Успыхнула надзея, што хутка скончыцца гэтая ноч, што прыйдзе з Усходу святло. Але паступова ўсё заціхла — ноч панавала...
VI
Надыходзіў канец зімы. Палявая вуліца зноў пагражала ператварыцца ў балотную. Жыхары яе ўжо страцілі цікавасць да дзіцяці. Пасля меркаванняў усе згадзіліся ўсё ж такі на тым, што яно яўрэйскае. Ну і хай сабе жыве шчасліва! Каму патрэбна, каб яго забілі? Плёткі спыніліся, нават усё больш і больш было чуваць, што Лізу за гэта хваляць, паважаюць.
Адно толькі вельмі непакоіла Лізу: каб не даведаўся звер-паліцай. Яна сустракала яго яшчэ разы са два, але ёй удавалася загадзя схавацца. Часам яна бачыла, як ён ідзе каля іх дома і пазірае ў вакно. Яна з жахам адхінулася ўбок. Мусіць ён яшчэ не ведае. Але ці доўга так будзе?
І вось аднаго разу, калі бацькоў дома не было, яна ўбачыла, што па вуліцы ідзе ён і немец. Яны глядзелі на яе дом, а потым... завярнуліся на двор! Ліза вымушана была напружыць усе сілы, каб устаяць на нагах. Інстынктыўна кінулася да соннага дзіцяці і прыкрыла яго хусткай.
Страшныя крокі набліжаліся. Вось ужо стук у сенцах — і яны ўвайшлі ў хату.
— Добры дзень! — весела сказаў Шаціла.
Ліза нічога адказаць не магла, а толькі глядзела на іх вялізнымі вачыма. Немец моўчкі і сурова агледзеў пакой, зазірнуў у Лізін куток, але дзіця не заўважыў.
— Мы прыйшлі паглядзець, хто тут жыве, — сказаў Шаціла.
— Мае бацькі, я і... ды вось паперка, — і яна падала загадзя падрыхтаваную паперу немцу.
У ёй было сказана, што муж і жонка Карнейкі працуюць на чыгунцы, а дома ў іх дачка-вучаніца і васьмімесячны сын.
— Я, я, — сказаў немец, не пацікавіўшыся малым дзіцем, і павярнуў назад.
Але Шаціла прыпыніўся і спытаў:
— А дзе ж дзіця?
У Лізы заняло дух.
— Спіць, — ледзь вымавіла яна.
— Пакажыце, — сказаў Шаціла і пайшоў у другі пакой, дзе на ложку спала дзіця.
— Не чапайце! Яно спіць! — крыкнула Ліза і загарадзіла сабой ложак.
Немец пачуў, спыніўся і спытаў:
— Вер іст дорт?