Ад гэтых слоў няшчаснага Багатку ледзь не падкінула на месцы. «Што ж адказаць? — ліхаманкава шукаў выйсце ягоны розум. — І што ж ён такое ведае?»
— Жыгоцкага. — замямліў Павел Алегавіч, марудзячы час.
— Ну кінь ты прыдурвацца! — расплыўся ва ўхмылцы Мішка. — Пецьку Жыгоцкага ён не ведае, з якім у адным пакоі жылі!
— Ды ведаю я, чаму. — апусціў вочы Багатка; ён ужо рыхтаваўся да горшага. — У бізнесе ён, здаецца, цяпер.
— «У бізнесе», — перадражніў яго Чусевіч. — Тыя, што на латках ішачаць, таксама ў бізнесе! Ну ты, брат, параўнаў дуб з вольхаю.
— Ну ведаю я, хто ён і што, — неахвотна працадзіў Багатка.
— А ведаеш, што ў яго ў сям’і адбылося?
Павел Алегавіч стрэльнуў у Чусевіча позіркам. І тут яго апанавала нечаканае і нерэальнае жаданне кінуцца на Мішку, ухапіць аберуч за горла, сціснуць, душыць — так, каб больш ніводнага слова не вылецела з гэтага балбатлівага рота, каб ніхто не пачуў Багаткаву ганебную тайну.
— А што ў яго такое? — ледзь чутна выціснуў з сябе Алегавіч.
— Ха! — узрадаваўся Мішаня. — Толькі ўмова — паміж намі хлопчыкамі, лады?
— Ды годзе табе валынку цягнуць. — Нервы Паўла Алегавіча гатовы былі парвацца.
— Ведаеш, што ад яго год таму жонка сышла? — прыжмурыўся Чусевіч.
— Нешта такое чуў. — (Яшчэ б не чуў пра гэта Багатка! Як бы тады яго дачка да Жыгоцкага пераехала.)
— Дык вось, ходзіць пагудка, што гэта з-за сынка іх малодшага, якога Жыгоцкі з дому выставіў.
«Ну, дзякаваць Богу, мусіць, не ведае!» — азарыла Багатку надзея.
— І што? — Тут ён праявіў да слоў Чусевіча ўжо сапраўдную, а не падробную цікавасць.
— А тое, — як дзяўчынка, крыўляўся Мішка, — што прыехаў, кажуць, Жыгоцкі ў свой асабняк, зайшоў без стуку ў адзін пакой, а там яго дваццацігадовы сынок з адным мужыком, з абслугі, хе-хе, любошчы разводзяць.
Шчэць уздыбілася на шчоках Паўла Алегавіча. Ён міжвольна сцяў правай далонню ніз свайго твару, затуліў рот.
— Хто там у каго на каленях сядзеў — не так важна, — пацяшаўся Чусевіч, — а толькі развар’яваўся Пецька Жыгоцкі. Служку таго — ледзь насмерць нагамі не замяцеліў. Сына ж па мардасах хвастаў, выгнаў вон і дагэтуль на парог не пускае. Адрокся, кажуць, пазбавіў усялякіх правоў. — Мішкаў твар прамяніўся ад радасці.
— А ты адкуль ведаеш у такіх падрабязнасцях? — недаверліва, спадылба зірнуў на яго Багатка.
— Дакладна ведаю. Два розныя чалавекі расказвалі. Там скандал быў — ого! Цяперака долю ў Пецькавым бізнесе толькі старэйшы сын атрымаў.
— Ды хлусня гэта. — дэпрэсіўна, самому сабе пад нос прабубнеў Багатка.