Михась Южик - Лесвіца стр 7.

Шрифт
Фон

— Як ты тут аказаўся? — крануўшы Багатку за плячо, палез абдымацца Чусевіч. — Ты ж на Маркса, здаецца, жыў? Дарэчы, званіў табе туды год таму, сказалі, што пераехаў.

— Пераехаў, — неахвотна пацвердзіў Павел Алегавіч; яму зусім не хацелася атрымаць у суседзі такога неспакойнага таварыша, і таму ён паспяшаўся скіраваць размову ўласна на Мішкаў лёс: — А ты сам як тут апынуўся?

Мішка паморшчыўся, падцягнуў спартыўныя штаны, заправіў у іх сваю прасцецкую кашулю.

— Гэх, — махнуў ён рукой, — доўга распавядаць, дый непрыемна. Карацей кажучы, не пашанцавала мне, Пашок. Жонка ўляпалася, а мне разграбай. Ні кватэры цяпер, ні машыны. Ат! — Ён апусціў галаву.

— Як жа гэта? — здзівіўся Багатка. — Ты ж на Багдановіча жыў, так?

— Гэта раней, — паправіў яго Чусевіч, — а потым пяць гадоў, як ажаніўся з Нэлкай, у яе жылі, а кватэру маю на Багдановіча здавалі... Закурыш? — Мішка дастаў з задняй кішэні штаноў пакамечаны пачак «Прымы».

Паўлу Алегавічу няёмка было сказаць: «У мяне свае», — бо тады б давялося дастаць «Гродна» і тым падкрэсліць, што ён курыць лепшыя цыгарэты. Таму запусціў пальцы ў працягнуты Мішкам пачак.

Падкурылі.

Цяпер Багатка ўспомніў, як пры апошняй сустрэчы Мішка хваліўся, што яго новая жонка — дырэктарка прамтаварнай крамы, што перасяліўся ён да яе, а сваю кватэру здае. Так. І яшчэ сам ён быццам бы экспедытарам тады працаваў.

— Так вось, браце, жыццё муціць. Уляпалася Нэлка. Колькі грошай на адвакатаў пайшло, — уздыхнуў Чусевіч. — Усё марна. А тут яшчэ бандыты нае­хали.. Словам, давялося кватэру з машынай прадаць, а самому ў бягі падацца. Мяне ж у Мінску шэсць гадоў не было.

— Ну?

— Вось табе і «ну». Мінулым летам толькі прыехаў. На Далёкім Усходзе быў, калыміў. Потым і ў Архангельску, і ў Барнауле пажыў. Цяперака пакуль тут. Ды, відаць, ненадоўга.

Мішка ўдвая хутчэй за Паўла Алегавіча дапаліў сваю цыгарэту. Шпурнуў на асфальт.

Дзядок, што сядзеў на лавачцы пры пад’ездзе, убачыў гэта, сярдзіта пахітаў галавой на тонкай маршчыністай шыі, але заўвагу зрабіць не наважыўся.

— Дык а жонка дзе? — спытаўся някемлівы Багатка.

— Дзе, дзе — у Карагандзе! — раптам успыхнуў Чусевіч і тут жа спахапіўся: — Выбачай, Паш, нервы. ох, нервы мае. — І, наблізіўшы твар, шапнуў: — У турме яна, дзе ж яшчэ. Толькі — тсс, ладна?

— А цяпер ты дзе? — працягваў дапытвацца Багатка, па сутнасці з адной толькі мэтай: каб Чусевіч сам яго не спытаў — пра сям’ю, дзяцей і падобнае. Няма чым хваліцца. Не хацелася і душою крывіць.

— Ат, прыткнуўся тут у адной, — гаманіў Мішка. — Харошая, дарэчы, жанчына. На фабрыцы майстрам працуе. І мяне хацела ўладкаваць, ды не магу я. не па мне такія работы. Вось яшчэ месяцок пакантуюся — і ў Маскву, на будоўлю, да восені.

— А потым — назад?

— Назад ці яшчэ куды. Там пабачым.

«Вось зараз бы і развітацца,» — толькі мільганула ў Багаткі гэтая думка, як твар Чусевіча ажывіўся.

— Слухай, — лёгенька піхнуў ён Паўла Алегавіча ў грудзі. — А ты пра Жыгоцкага нічога не чуў?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора