Михась Южик - Лесвіца стр 43.

Шрифт
Фон

.Доўга яшчэ сядзелі Павел Алегавіч і Ліна на кухні. Затым пайшлі ў залу, уключылі тэлевізар, даседзелі перад ім, збольшага зноў жа гамонячы, да дзвюх гадзін ночы. Сястра паслала брату на звыклым ложку. Як ні дзіўна, спаў ён гэтую ноч непрабудна, без сноў. Ліна ж задрамала на якую гадзінку, а так усё круцілася, уставала, выходзіла на балкон пакурыць. Назаўтра выправілася на працу з каламутнаю галавой і без сіл.

З дзённіка...

11.07.200*

Серада. Сяджу на сваім «паддашку», як сыч. А яны, мабыць, спадзяваліся, што з’еду. Дык вось не, панове. Непрыемны я вам, але буду сядзець у Мінску, цярпіце.

А на добры лад, трэ было сёння паехаць. Гэта пасля ўчарашняга дэбошу ў Ліны. Ужо на вакзал нават прыбыў, ужо ў білетнай касе стаяў. Ды падштурхнула мяне нялёгкая застацца. Падумалася, што гэта ім вельмі прыкра будзе, турботліва. А значыць, мне — радасць. Вось такая я дрэнь.

Ну ды паспрабую крыху папярэдні дзень узнавіць.

Даўно не пісаў. Думаў нават, што кіну. Але зноў засвярбела рука, сама пацягнулася да нататніка.

Чаму я прыпёрся ўчора ў Мінск? Дакладна і сам не ведаю. Логікі тут няма, а ёсць адна алагічнасць. Ляжаў сабе на дачы, пакурваў, загараў — і раптам неадольна ў Мінск пацягнула. Падхапіўся, як быў, не пераапранаючыся, — на электрычку і пакаціў.

І толькі на вакзале, выбраўшыся з душнага вагона ў гарадское спякоцце, зразумеў: прыехаў я Жыгоцкаму насаліць. Не магу ўжо, аказваецца, без яго, роднага. Зяць як-ніяк. Хоць і грамадзянскі. Хе-хе. Ды ведама ж мне, дурню, што Пятро Вацлававіч да сябе цяпер на кіламетр не падпусціць. Як жа я яго дапяку? А вось як. Тэлефончык жа ў мяне ягоненькі маецца. Не мабільны, шкада. Не асабняковы. Але і той, кватэрны, прыдасца.

Шуснуў я ў будку, набраў нумар. Пасля трох гудкоў адказвае незнаёмы голас. Вітаюся і патрабую Пятра Вацлававіча. Няма. А іначай і быць не магло — сярэдзіна працоўнага дня, я і не спадзяваўся. Але гавару афіцыйным тонам, што тэлефануе яму Павел Багатка, просіць абавязкова звязацца да вечара. І папярэджваю, што пытанне вельмі важнае і ў Жыгоцкага, калі ён не выйдзе на сувязь, могуць быць непрыемнасці. Тут жа вешаю трубку. Ха-ха. Непрыемнасці, вядома ж, я яму наладзіць наўрад ці змагу. А вось пужануць, пасеяць смуту ў яго подлай душы — гэта як лёду.

Затым бадзяўся па горадзе. Наведаў парк Чэлюскінцаў, падымаўся на «чортавым коле». Ездзіў на Камсамольскае возера. Драмаў у цянёчку. У ваду не палез — гідка, не можа яна ў рысе горада чыстай быць. Адвечар спусціўся ў падземку і з гадзіну катаўся па ўсіх лініях. Там прахалода. Вечарам рашыў наведаць сястру. Нарваўся ў яе на сына. Прыйшоў ён, пусты чалавек, грошы вымольваць. Застрашыў яго, выгнаў вон. Ух, і ненавідзіць жа ён мяне — па вачах бачна. Начхаць. Пасля ўжо расхацелася ехаць дамоў. Застаўся ў Ліны. Ігар у камандзіроўцы. Шкада. Добры ён чалавек. Спаў надзвычай хораша. Нічога са сноў не прыпомню.

Пра сёння ўжо казаў: вырашыў нервы ім патрапаць, каб жыццё мёдам не падавалася. А то, нябось, і радыя, што я ўсё на лецішчы перабываю.

А наступная мэта мая такая: ноччу, пасля дзвюх гадзін, выйсці на раён і пазваніць з якога аўтамата на кватэру Жыгоцкага. Шанцаў зноў жа няшмат, што ён там з Тамаркай начуе. Напэўна, з прычыны страшнай спякоты яны там і не паяўляюцца. У асабняку песцяцца, з адчыненымі ва ўласны сквер вокнамі. Гэх, датэлефанавацца б туды! Аднак і на гарадскую кватэру дзынкну: хоць невялікі шанцік ды ёсць. А калі не будзе, паганцаў, я ім паведамленнечка надыктую або зноў жа праз слугу перадам. Хаця, навошта ж з аўтамата званіць, калі я сябе ўсё адно назаву? Можна ж і з дому. Не ведаю, ці насмелюся: а што, калі ўзлуецца Жыгоцкі і тэлефон мой адключыць — у яго ж, гада, усё куплена. Неяк усё ж спакайней — з аўтамата. Дый, папраўдзе, не ведаю, што канкрэтна я гаварыць стану. Усё залежыць ад таго, хто падніме. Імправізацыя, чорт яго бяры.

Драману, бадай што, пару гадзін. А каб не праспаць, будзільнік на палову другой выстаўлю.

Так што, вельмізаможныя Пятро Вацлававіч і Тамара Паўлаўна, спакою я вам не дам. Бо Багатка такі чалавек, што ліха не забывае. Але і добрае памятае. Вось як перад Богам клянуся: калі выканаюць яны мае патрабаванні (афіцыйна пажэняцца або расстануцца), — адразу ж палагаднею. Любіць, зразумела, не буду, але ні разу не папракну.

Ладна, нешта балбатлівы я стаў, мнагаслоўны. Заканчваю.

12.07.200*

Пераехаў на дачу. І адразу стала лягчэй. Цэлы дзень збіраў каларадскага жука, і надзвычай гэты занятак мяне супакоіў. Пасвятлелі думкі. Нягледзячы на трыццаціградусную спёку, працаваў лёгка, з настроем. Гэх, каб гэтак заўсёды.

Зараз сутонне, вечар. Гадзіну таму адгрымела магутная навальніца. І знадворку, і ў хаце дыхацца стала прывольней. А збіралася навальніца доўга, з абеду. Марудна цямнела на захадзе. Не раз здавалася, што вось-вось даастатку захмарыць. Ды колькі разоў пачынала гэтак жа марудна святлець. Хмары паўзлі наўзбоч. Усё ж такі каля сямі гадзін вечара сабраліся. Счарнела, як уначы. Грымнула. Палілося. Забліскалі маланкі, адна за адной. Выбухі перуна дык наогул не аціхалі, зліваліся ў безупынную грымоту. Вецер біў у акно, і я назіраў, як вада ліецца долу суцэльным патокам.

Навальніца доўжылася з гадзіну. Тады адваліла на ўсход. Стала цудоўна, лёгка. Нібы электрычныя разрады знялі з мяне жудасную напругу апошніх дзён. Словам, хочацца быць тут, збіраць жука, хадзіць па грыбы ці на возера. А не хочацца аднаго — успамінаць прамінулае.

Але ж трэба. Хоць трошкі. Не для таго я распачаў гэты дзённік, каб адно замілоўвацца хараством наваколля. Праўда жыцця — вось, пэўна, што стаяла на мэце.

А праўда такая, што ўчора ўначы я такі здзейсніў задуманае. Прачнуўся па будзільніку а палове другой, крадком выбраўся з дому, паглыбіўся ў цёмны квартал, выбраў сабе зацішную тэлефонную будку і набраў нумар кватэры Жыгоцкага. Усё ж быў невялікі спадзеў, што палюбоўнікі там начуюць. Але не толькі яны не ўзнялі трубку, а наогул ніхто. Няўжо гэты чорт такі смелы, што кватэру без нагляду можа нанач пакінуць? Дзівата. Хаця магчымы варыянт, што прыслуга самавольна адлучылася ці дрыхла і наплявала на гэты званок. Ва ўсякім разе, я налічыў ажно восем гудкоў і ўжо мерыўся павесіць трубку, як раздаўся голас аўтаадказчыка, які прапанаваў пакінуць паведамленне. Што ж, я скарыстаўся гэтай прапановай і нагаварыў Жыгоцкаму багата ўсялякай брыды. У прыватнасці гразіў яму, што, калі будзе пазбягаць са мной стрэч, падам у жоўтую прэсу матэрыял пра яго малодшага сына. Малодшы сын — гэта былі ключавыя словы маёй пагрозы. Бо і Жыгоцаму, і Тамары за ўвесь час нашае варажнечы я ўпершыню свой козыр адкрыў. Дагэтуль яны маглі спадзявацца, што я бляфую. Цяпер жа Пятро несумненна ў штаны накладзе. І гэта я яшчэ не называў падрабязнасцяў. Адно сказаў: «пра малодшага сына». Для Тамары, калі яна першая праслухае плёнку, гэта будзе няпэўнасць, падазрэнне — не болей. Для Жыгоцкага ж, які сам лупцаваў па мардасах і выганяў з дому сына-гомасексуаліста, сумненняў, мяркую, у маёй дасведчанасці не ўзнікне. І напрыканцы паведамлення, каб дадаткова паказытаць яму нервы, я яшчэ раз паўтарыў чатыры важкія словы: «Дзе твой малодшы сын?»

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора