— Не баішся, кажаш?! — Ён зрабіў двухсекундную паўзу: — А ну выварочвай кішэні і грошы, што ўзяў у цёткі, — на стол! Я табе пакажу — «не баюся»!
Ашаломлены, Юрась толькі лыпаў вачыма.
— Ты здурнеў, Пашка?! — усклікнула Ліна; яна стаяла паміж праціўнікамі.
— Выварочвай, шэльма, кішэні! Лічу да трох! — зароў раз’ятраны Павел Алегавіч.
Грымаса жаху перакасіла Юрасёў твар. Але грошы ён не дастаў.
— Раз, два, тры! — адрывіста вымавіў Багатка-старэйшы і, адштурхнуўшы сястру, рынуўся на сына.
Той спрытна зманеўраваў за сталом, і Паўлу Алегавічу не ўдалося злавіць яго за каўнер джынсоўкі. Да таго ж Ліна ўхапіла брата за рэмень штаноў, цягнула назад. Бразнулі на стале патрывожаныя талеркі і кубкі.
— Дурань, спыніся! — лямантавала сястра.
— Кладзі грошы на абрус! — настойліва патрабаваў бацька і намагаўся авалодаць праз стол сынавымі рукамі. Адну ён такі ўхапіў, вывернуў. Не зважаючы на супраціўленне сястры, абабег стол і прыціснуў сына да сцяны тварам. Руку заламаў назад.
Юрась, які з прычыны хілага целаскладу не мог аказаць годнага супраціўлення, пусціў у ход голас:
— А-а-а! — тонка закрычаў ён. — Адпусці, зломіш! А-а-а!
— Пашка, стары ідыёт! — вісла на Багаткавых плячах Ліна.
І тут яна машынальна схапіла нападніка пяцярнёю за твар, сціснула нос, губы, падрапала пазногцямі скуру. З-за гэтага Павел Алегавіч аслабіў захоп сынавай рукі, чым Юрась не марудзячы скарыстаўся, тузануўся, павярнуўся тварам да бацькі і, сутаргава адбіваючыся, патрапіў таму кулаком у кадык. Павел Алегавіч усхліпнуў, схапіўся за горла, засоп.
Юрась тут жа вужом праскочыў паміж бацькам, сцяной і сталом, выслізнуў з кухні. Літаральна праз дзесяць секунд ляпнулі ўваходныя дзверы.
— Задушу гадзянё! — адсопваўся Павел Алегавіч, паціраючы ўдаранае горла.
Ускудлачаная расчырванелая Ліна стаяла перад ім і не ведала, што сказаць.
Яны даволі доўга маўчалі.
— Даруй, сястра, — нарэшце прамовіў брат і апусціўся на табурэтку, на якой нядаўна вячэраў Юрась. — Сам не ведаю, што са мной робіцца. Давялі, павер, так яны мяне давялі. — Ён перавёў дух. — На мяне, Ліна, як на быка, ягоныя чырвоныя валасы дзейнічаюць.
— Ну-ну, супакойся. — Ліна правяла далонню па братавай плешыне.
— Але гэта нішто, — працягваў узмакрэлы ад бойкі і духаты Павел Алегавіч, — гэта кветачкі ў параўнанні з тым, што дачка са мной вычварае. — Ён зноў крыху памаўчаў. — Дарэчы, да твайго ведама: мяне нядаўна выштурхалі ў каршэнь з асабняка Жыгоцкага. Выкінулі як сабаку. Ды яшчэ і скалечылі. — Багатка сунуў сястры пад нос пасінелую кісць. — Дзякуй роднай дачцэ. Гэта яна загадала мяне з лесвіцы скінуць. Але ж, Лінка, па сакрэце табе скажу, не гэта мяне найболей раз’юшвае. А ведаеш, што. — Ён нахіліўся бліжэй да сястры. — Не магу прымірыцца з тым, што гэты смярдзюк Жыгоцкі непадзельна валодае яе целам. Як уяўлю гэта — гатовы за сякеру і забіць падлу.
— Ну-ну, — толькі і прамовіла сястра.
— Ты дзяўчынка дарослая, — доўжыў Багатка, — табе гэта можна казаць. Без сораму, як на духу. Дык вось, Ліна, я, жывучы з Жыгоцкім у інтэрнаце, бачыў усіх путан, з якімі ён пераспаў. Гэта ж шлюхі, брудныя, гнойныя, мярзотныя пачварыны. І пасля гэтага як мне прымірыцца, што ён, гад, тымі ж рукамі, што ціскаў гэтых шалаў, дакранаецца да маёй дачкі, а значыць, і да мяне. Бо яна ж — мая плоць. Страшна!