Михась Южик - Лесвіца стр 29.

Шрифт
Фон

А там, ад пляжа якіх сто метраў, блішчыць на сонцы металічны дах чатырохпавярховага дома. Высокія кашлатыя дрэвы атачаюць яго. Побач — яшчэ некалькі захінутых зелянінай ніжэйшых будынкаў. У той чатырохпавярхоўцы нарадзіўся і вырас Павел Алегавіч. Тры гады ўжо там не бываў — як пахаваў бацьку. І карціць туды завітаць, а нешта не пускае, тармозіць. Ужо колькі прыездаў ходзіць вакол гэтага дома Багатка, прыглядаецца, да двара набліжаўся, у альтанцы суседняй сядзеў...

Жыве там цяпер братава дачка Ксеня з мужам і сынком Колем — Паўла Алегавіча, значыць, пляменнікам. Не паспелі, можна сказаць, памінкі прайсці, як яны туды пераехалі. Акурат гэтая паспешлівасць і ўразіла Паўла Алегавіча, затаіў ён з таго часу на пляменніцу злосць: нібы чакала яна дзедавага скону. Хутка, трывала абжылася Ксеня з сям’ёю. Адзін толькі раз і наведаўся да іх

Багатка, на саракавіны па бацьку. Ух і здзівілі яго перамены ў кватэры! Не тое каб рэчы якія новыя — а дух, у тым сэнсе, што і духу ад ягоных бацькоў за месяц не засталося. Як не жылі на свеце зусім.

А дом гэты для мінчаніна Паўла Алегавіча трыццаць пяць гадоў быў слаўным прыстанкам. На выхадныя, у водпуск, на святы ездзіў ён да бацькоў і заўсёды выдатна там пачуваўся. Спаў на тым жа ложку, што і ў дзяцінстве, глядзеў у тое ж акно, на раку. Ложак цяпер выкінуты, а замест яго стаіць шырокі, двухспальны.

І хоць, калі паглядзець аб’ектыўна, па-іншаму і быць не магло — дагэтуль Ксеня з мужам чатыры гады здымалі палову прыватнай хаты, — не ў стане ёй дараваць Павел Алегавіч той паспешлівасці пераезду, той гаспадарлівасці ды разважнасці. Не можа, і хоць ты трэсні.

Згадваецца, як бацька, што перажыў маці роўна на год, пасля пахавання жонкі катастрафічна драхлеў, дзяцінеў, хадзіў недагледжаны, і ніхто з ім, акрамя Вольгі, не няньчыўся. А ў той свае клопаты. Там Славік, якому штат абслугі патрэбны.

Зімой і ўлетку, цэлымі днямі, сядзеў Паўлаў бацька ў двары на лавачцы ды смаліў папяросы. Утравелы, маршчыністы, слязліва-смаркаты. Вечарам Вольга падскочыць з работы, завядзе яго наверх, пакорміць, памые. А зранку ён гарбаты нап’ецца — і чыкільгае ўніз, на двор. Апусціцца на лаўку, сядзіць нерухома. Так і заставаў яго заўсёды сын, калі прыязджаў са сталіцы на выхадныя. «Што ж ты, тата, так сябе губіш?» — больш пытаўся ў сябе, чым у старога, Павел Алегавіч. А той хмурыцца сабе моўчкі, зрэдчас адарве бляклыя вочы ад долу: на сына зірне, на неба, закурыць, уздыхне, праперхаецца. Страшна.

Памёр ён ціха, смерцю праведніка, у сне перад досвіткам. Занепакоіліся суседзі, што няма старога на звыклым месцы, на лаўцы, пазванілі Славіку ў школу. Прыджгаў ён, адчыніў ключамі дзверы — гэта ўжо апоўдні было, — а бацька ў пасцелі, на спіне, халодны. Было яму тады семдзесят шэсць. Нічым не хварэў аніколі. Так і сканаў, па сутнасці, здаровы. Ад тугі, ад немагчымасці жыць.

Таму ўсё памятае Багатка. Ні пра што не забыўся: ні пра бацькаў пакутны год, ні пра шпаркі пераезд пляменніцы на вызваленую жылплошчу.

...Ужо вечаровае, але яшчэ моцнае праменне лілося долу. Водары прыбярэжных раслін змешваліся з пахам нагрэтага асфальту і выхлапнымі газамі.

Павел Алегавіч стаяў і глядзеў на раку.

Шырокая стужка вады марудна паўзла на поўдзень.

З дзённіка...

16.06.200*

Дома. У Мінску. Учора прыцёгся а першай гадзіне ночы, зайшоў праз свае дзверы, забурыўся спаць. А сёння ніхто да мяне не падняўся, хоць ведаюць, што прыехаў. Ну адпаведна і я не спускаюся.

Унізе цэлы дзень сноўдаліся ўзрушаныя, вясёлыя. Падслухаў, што збіраюцца да Жыгоцкага, — Тамарка, выходзіць, запрасіла. Мыліся, апраналіся, прычэсваліся. Усё, халера, чутно мне было праз лесвіцу, дый пахі духоў цвялілі бязбожна. З-за гэтага ўвесь дзень не ў стане нічога рабіць, нібы застарэлая хвароба мая абвастрылася. І мог жа сысці з дому да вечара, каб залішне не раздражняцца. Дык не: тэпаў па кватэры, прыслухоўваўся і прынюхваўся. Ажно пачало сэрца балець.

Спрабаваў адарвацца тэлевізарам. Дзе там! Ці не адразу нарваўся на перадачу пра жывёл, пра сабак пародзістых. Быў ашаломлены тым, што да 90% асобін некаторых парод пакутуюць на хранічныя захворванні. У бульдогаў, напрыклад, праблемы з дыханнем; у нейкіх там тэр’ераў — з ныркамі... Гэта, аказваецца, чалавек, паскуда, дзеля сваёй пацехі выводзіць сабак, якія ўсё жыццё пакутуюць! Сволач, іншага слова і падабраць не магу. Як пасля гэтага любіць чалавека? Адразу ж абвастрыўся боль ад нядаўняй паездкі да брата. Ух мне гэтыя біёлагі-вынаходнікі, перавешаць іх мала. Даруй, Госпадзе, за кашчунскія словы. Зрываюся, слабы. Але ж балюча, балюча, балюча.

З нянавісцю выключыў тэлевізар. Хадзіў па кватэры, курыў. У ванную нават залез. Аднак не мог супакоіцца.

Гадзін у пяць за імі (за Веркай і цешчай) машына прыехала. Кінуўся да акна, назіраў: шырачэзная, бліскучая, чорная. Углядаўся да трэску ў вачах, хто там сядзіць (ці не Тамара?). Але ж выйшаў толькі кіроўца, дзяцюк двухметровы. Адчыняў дзверы, дагодліва саджаў іх. А шыбы ж, трасца, таніраваныя, не разгледзець салон. Дапускаю, што дачка там сядзела. Не выйшла, баіцца мяне як агню. Я для яе цяпер самы закляты вораг. Вось яно, брат Багатка, як у жыцці бывае. Ты іх кармі, гадуй, а яны табе дулю пад нос! Хораша.

І хоць, папраўдзе, на запрашэнне я не разлічваў, такая крыўда раптам агарнула, калі яны паехалі. Крыўда і злосць. Тры гадзіны мяне, як наркамана, ламала. Змагаўся з жаданнем рынуцца з дому, уварвацца да Жыгоцкага любой цаной і біць там усё, руйнаваць, дэбашырыць. Хай мяне ў пастарунак, думаў, хай наогул заб’юць яго малойцы, але ж і я ім «свята» наладжу.

Хоць ты звязвай сябе па руках і нагах — такое было жаданне. Насілу суняўся. Аднак да самага іх прыезду мяне патрэсвала. Лягу, здаецца, большменш заспакоены, куру — і раптам: то нага ў калене сагнецца, то тузанецца рука, а то і сківіцы заскачуць, заляскаюць зубы.

Як машына якая ў двор (мне добра чуваць) — бягом да акна, пільную. Позна яны прыбылі, а палове дванаццатай, мусіць. Тут ужо і Юрка з імі вылез, ён, аказваецца, таксама там быў. Гаманілі ўнізе гадзіны дзве, шоргалі, бразгалі, захоплена абмяркоўвалі асабняк. (Во, значыць, куды іх Пецька вазіў!)

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора