Михась Южик - Лесвіца стр 30.

Шрифт
Фон

Дзе ж тут заснеш! Зноў разгарэлася злосць. Карцела спусціцца ўніз і скандаліць. Не ведаю, як стрымаўся...

Зараз тры гадзіны. Яшчэ не сплю. Нервы на грані. Схапіўся за дзённік, як за ратунак. Прадчуваю, што ўсё гэта (маю на ўвазе эпапею з Жыгоцкім) кепска закончыцца. Слабы я, не зжыў, не зміруся, стрываць не змагу. Малюся, каб толькі не крымінал. Баюся турмы. Стары я ўжо для яе, нямоглы. Ведаю, гэта спакуса д’ябальская, жахлівае выпрабаванне маё. Дай Госпадзе сіл!

Адзінае выйсце пакуль — з’ехаць як найхутчэй на дачу. Аддаліцца ад іх. Але што потым? Вось у чым штука. Праз колькі дзён — на работу, хочаш не хочаш, а будзеш у Мінску сядзець па пяць дзён. Во калі ўся мая воля спатрэбіцца.

Несціханы, ужо колькі гадзін, боль за грудзінай. Цяжка дыхаць, хоць і насцеж акно. Ноч бязветраная, цёплая.

Ведаю — не засну. Але ж і хадзіць ужо не магу, натупаўся. Сядзець — ломіць у паясніцы. Словам, ні дня табе, Багатка, ні ночы.

17.06.200*

Ну, нарэшце, хоць у нечым пашанцавала. Аказваецца, за дні маёй адсутнасці на дачы дрот паднялі. Дзякуй, цяпер з электрычнасцю.

Перад абедам пасунуўся ў лес і быў там да вечара. Нарваўся на сунічную палянку — аж чырвана ўсё. За якую гадзіну набраў пяцілітровае вядро з вер­хам. Шкада, больш не было тары. Планую праз пару дзён яшчэ туды падысці.

Але не бывае, відаць, у мяне, каб усё добра. Такі чалавек. На зваротным шляху здарылася нешта незразумелае. Ішоў, задумаўся і раптам адчуў трывогу. Гляджу, стаю на паляне, пад дубам. Наўкол, у радыусе мо пятнаццаці метраў — ні дрэўца, ні кусціка, а толькі куртатая траўка. Абкружае гэтую паляну малады шчыльны сасняк. І не відаць, як я сюды выбрыў, па якой такой сцежцы. І куды мне ісці? Знерухомеў, аглядаюся баязліва. А дуб нада мной сваю крону раскінуў, пакалыхваецца, як жывая істота. Сасняк жа, што наўкол, наадварот — быццам мёртвы зусім. Сухі, рукасты, каравы. І паляна нейкая дзіўная, высахлая: пад нагамі пашэрхлая трава, пясчаная глеба.

А трывога, што спыніла мой рух, расце-нарастае.

Да таго ж і сонца, як на грэх, за аблокі нырнула.

Ужо не толькі ў страўніку ные, але і цяснее ў грудзях, не стае паветра; у нагах і руках кволасць з’явілася. Паставіў вядро. Баязліва пратупаў вакол дуба. Дрэва не старое, не дужа тоўстае, але ўжо вельмі высокае, разгалістае. Стаіць, весела зелянее пасярод гэтага сухоцця. І падумалася чамусь: гэта ад таго так мёртва наўкол, што дуб сваім магутным карэннем усе сокі зямныя забраў.

І яшчэ адна з прычын майго страху (не адразу даўмеўся): амаль поўная адсутнасць гукаў. Хоць бы птушка якая чырыкнула, хоць бы прадзумкаў чмель... Нібы замкнуў мяне гэты безжыццёвы сасняк, нібы счапілі свае сукаватыя рукі дрэвы. Ані прагалінкі паміж імі няма. Як выйсці?

А страх, халера, усё нарастае, усё мацнее задуха. Гляджу: кісці рук маіх сінія, схаладзелыя. Бацюхны, думаю, што ж гэта са мной дзеецца? І галоўнае, як волю хто маю адабраў. Ні на што не магу рашыцца. Ногі, рукі як быццам непадуладныя сталі.

Урэшце скінуў я з сябе гэтае ачмурэнне. Праўдзівей, не скінуў, а як бы каманду пачуў: лезь на дрэва. Бы ў спіну мяне хто штурхнуў. Адкуль толькі спрыт з’явіўся! Скачок — за галіну рукамі, рывок — падцягнуў ногі, штуршок — ускараскаўся, і гэтак вышэй і вышэй. Па меры таго як лез, страх слабеў, адпускаў. Недзе на палове вышыні дуба згледзеў, што сасняк, які мяне абкружаў, з аднаго боку вузкі зусім, метраў дваццаць. Там, аказва­ецца, край пагорка, які пераходзіць у лугавіну, а за ёй — хутка і прыветны ліставы лес.

Праз пяць хвілін быў я пад дубам. Яшчэ праз тры — спускаўся з пагорка. А неўзабаве і наогул на знаёмую дарогу выйшаў.

Сяджу вось зараз, мудрую над дзённікам, а перад вачыма тая паляна з ду­бам. Няздорава там усё ж, анамальна неяк. Ці, можа, гэта ў маёй галаве глузды пазліпаліся? Пранясі, Божа.

А такі ўсцешна, што суніц назбіраў. Дарэчы, па дарозе ў свой «бярлог» завітаў у вясковую краму, цукрам прыбарахліўся. Мяшэчак такі сціпленькі, сем кіло. Адным словам, ледзь дапёрся да хаты. Заўтра варэнне буду варыць.

Ды ўсё з галавы не выходзіць: што ж такое сёння са мной адбылося, чаму кісці ссінелі, чаму ногі як адняло, а потым, наадварот, незвычайная сіла ўва мне паявілася.

Ой, Алегавіч, глядзі за сабой. Нешта ў табе не тое, браток. Дзічэеш, злосны, як Бармалей. Гэх, ну ды ладна. На бакавую пара. Як той казаў, пераначуем — лепш пачуем. Каб так!

21.06.200*

Вечар. На дачы. Знадворку грымае навальніца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора