— Ды хай спрахне такая прырода, — перабіў яго Багатка, — са сваімі законам^ Бач ты, абламалі яе ў Маскве. Тыцнулі ў дзярмо носам. І правільна. Дык яна вось што прыдумала: не буду я, маўляў, спяваць і танчыць, каб у такі асабняк увайсці. І ў Маскву больш не паеду. — Ён прыўзняўся з крэсла і ваяўніча размахваў рукамі. — А, маўляў, вазьму я і заскочу ў гэты запаветны асабняк наўпрост — праз пасцель яго ўладальніка. Во як файна!
— Як ты можаш так пра дачку. — хітала галавой Ліна.
Ігарок толькі моўчкі жаваў.
— Во як хвацка! Проста — спадніцу на галаву, і заўтра ж ты ў асабняку гаспадыня, — працягваў Павел Алегавіч. — Ды нават Жыгоцкі, хоць падлейшага чалавека не ведаю, гадамі свой дабрабыт здабываў. Хай хітраваў, хай шальмаваў — але ж проста так гэта яму не далося. А дочачка мая ўсіх пераплюнула. У школе — троечніца, у інстытуце, дзе я яе за грошы вучыў, — прагульшчыца. А затым і наогул кінула. Дарма што бацька гэтулькі заплаціў. Хрэн на яго! Не хачу — і баста. А хачу я — у джакузю, у лазню, у спальню на пятым паверсе. — Тут Багатка зусім непрыстойна вылаяўся, абмяк і паваліўся ў крэсла.
— Павел Алегавіч, вінца? — лагодна цягнуўся да яго з бутэлькай Ігар. — Выпіце, яно размякчае. Дальбог, нельга вам так хвалявацца. узрост.
— Ат! — адмахнуўся ад яго Багатка. Налітае віно не крануў.
З хвіліну ўсе бязмоўнічалі.
— Пайду курну, — прабурчаў нарэшце госць.
— Куды ты, Паш? — аклікнула Паўла Алегавіча сястра, калі той пасунуўся з залы. — Ідзі на балкон.
— Не, я на пляцоўку. — І выйшаў. Сухі, пляшывы, пакрыўджаны. У старых жаваных штанах.
Вярнуўся хвілін праз пяць ужо весялейшы, прапахлы тытунём і з празрыстым пакетам у руках. Там былі цукеркі «Сталічныя».
— Во, бачыце, — ён кінуў цукеркі на стол, — ледзь не заскнарыў. Спецыяльна ж купіў. Што там у вас, чай, кава?
— А што хочаш. Усё будзе, — усміхнулася Ліна, радая перамене ў настроі брата. — Ігарок, — па-змоўніцку падміргнула яна сужыцелю.
Той сарваўся з месца і памкнуўся на кухню.
— Ігар нейкі новы спосаб варкі кавы адкрыў.
— Не, мне чай, а то не засну, — катэгарычна сказаў Павел Алегавіч. — Заўтра рана ўставаць, на дачу паеду. А яшчэ і па крамах прабегчыся трэба паспець. Жратвы ж там няма.
— А чаму абавязкова рана?
— Рамонтніка прыслаць абяцалі. Я ж без электрычнасці два дні праседзеў, як печанег. Дрот сарвала.
— А... Ну я табе, як заўсёды, у вялікай спальні пасцялю. Добра?
— Ды хоць на кухні, — буркнуў Багатка.
Крыху памаўчаўшы, раздумліва дадаў:
— Ведаеш, сястра. Нічога няма горшага, чым познія дзеці. Нашчадкаў трэба штампаваць у васемнаццаць гадоў, калі ёсць наперадзе час і здароўе іх гадаваць. А я ўжо ўсё — вычарпаўся.