— Ведаеш, ёсць па музычным канале адна перадача, — працягваў абурацца Павел Алегавіч, — не памятаю, як яна, халера, называецца. Дык сэнс яе ў тым, што чарговая поп-зорка свае харомы паказвае. Божа ж ты мой! Ды цары так не жылі, як цяпер гэтыя малпы. Асабнякі ў пяць паверхаў, з басейнамі, а ў басейнах — коўзкія горкі; ды з лазнямі фінскімі, ды з пакоямі для гасцей, ды ў кожным — джакузі. Цьфу, трасца на іх!
— Во, хутка мацюкацца пачне, — пракаментавала гэта сястра. — Ігароша, падавай, а?!
— А яны, чэрці, — не сунімаўся Багатка, — водзяць карэспандэнта з камерай па сваіх харомах і нядбайненька так, мімаходзь, дэманструюць мэблю, уборы, каштоўнасці. А ў саміх на твары напісана, што для таго толькі яны і зямлю тапталі, каб у рэшце рэшт перад намі хваліцца. Вочкі хцівыя так і гараць! Глядзіце, маўляў, які я багаты, радуйцеся за мяне, а галоўнае — зайздросце. І начхаць мне на вас, бо я непамерна за вас вышэйшы! Во!
У пакой убег Ігар з вялікім падносам, пачаў спрытненька выстаўляць на стол талеркі.
— Частуйцеся, Павел Алегавіч. Смаката.
Перад Багаткам апынуліся духмяныя стравы: нейкае мяса ў тушаных бабах, рыба пад белым соусам, яшчэ тое-сёе.
— Ігарок, што там у нас з віна? — міла ўсміхнулася Ліна.
— «Кадарка», Ліначка, і белае, французскае. як яго. забыў.
— Нясі, мой харошы, французскае.
Ігар выбег з залы і хутка вярнуўся з доўгай зялёнай бутэлькай.
Абслугоўваў ён надзіва ўмела, як афіцыянт, хаця працаваў, наколькі ведаў Багатка, чыноўнікам у Міністэрстве знешняга гандлю.
— Дык вось, паслухай і ты, — звярнуўся да яго Павел Алегавіч, калупнуўшы відэльцам у талерцы.
— Так? — Ігар, што сеў насупраць госця, зляпіў на твары найпаўнейшую ўвагу.
— Паслухай, мой дарагі, што ў свеце дзеецца. Спявачкі гэтыя эстрадныя, шэльмы, цяперака адны з багацейшых у Расеі людзей. Гэта нармальна?
— Ну, як вам сказаць. — Ігарок такі паспеў сунуць у рот ладны кавалак мяса і таму мямліў з набітым ротам. — Яны ж зарабілі.
— Ага, яны зарабілі, — ускінуўся Павел Алегавіч, — таму што такія, як ты з маёй сястрой, ім заплацілі са сваіх кроўных. Ты на канцэрты ходзіш?! — строга тыцнуў ён пальцам у Ігарка.
— Я?.. Ну. — сумеўся той. — Калі што гожае.
— Ой! Паша, — уступілася за сужыцеля Ліна, — што ж гэта мы ўсухамятку! А віно? Ігарок, як жа гэта ты.
Той дагодліва схапіў бутэльку, спрытна зняў корак, замітусіўся над келіхамі.
— Нішто сабе, — прыгубіў Багатка гэты слабаалкагольны напой. — Ну дык вось, пра што я казаў. — Пры гэтых словах Ліна ўдала на твары пакуту. — Нагледзяцца нашы маладзёны такіх перадачак пра асабнякі з джакузямі і падумаюць: а і я ж такое хачу! Вось і дачушка мая, калісьці лежачы на канапе, такое задумала. Дай, маўляў, у Маскву падамся, зоркай стану ды такі самы асабнячок атрымаю. А калі я яе, бесталковую, з пяці гадоў у музычную школу вадзіў, — капрызіла, не хацела вучыцца, так і не скончыла, — разыходзіўся Павел Алегавіч. — Бо для гэтага карпець трэба, разумееце, мае любыя: карпець і высільвацца. Тут яна не хацела! Затое вельмі ёй заманулася адразу зоркаю стаць — скок, так бы мовіць, і ў дамкі. Толькі дуля ёй! Хрэн яна ўгадала. — Павел Алегавіч выставіў самую сапраўдную дулю перад сабой (траха што ў нос Ігарку).
— Ды ты што, Паш! — з дакорам паглядзела на яго сястра.
— Павел Алегавіч, — рахмана пачаў Ігар, — ды не хвалюйцеся вы так моцна. Імкненне чалавека да лепшага — гэта нармальна, гэта закладзена ў ягонай прыродзе.