— Добра. — Багатка зірнуў на поўную сутулую спіну Ігара, які схіліўся над каструляй і памешваў у ёй лыжкай.
— Праз пяць, максімум дзесяць хвілін будзе гатовае! — крыкнуў ён, калі брат з сястрой выходзілі з кухні.
— Ён у мяне — золата, — падміргнула Ліна Паўлу Алегавічу.
У зале, куды яны зайшлі, нізкі столік быў накрыты абрусам. На ім стаялі келіхі, упарадкавана ляжалі сурвэткі, нажы і відэльцы. У далёкім куце тлеў зялёны таршэр. За акном, што глядзела на двор, было цемнавата — у небе зноўку нахмарыла. Праз фортку веяла свежасцю.
Дываны і шпалеры ў зале адсутнічалі. Ліна была прыхільніцай еўрапейскай прастаты інтэр’еру. Падлога з паліраваных дошак, белыя сцены і столь. Дарагая, але някідкая мэбля займала мала прасторы. Уключаны тэлевізар з метровым экранам узвышаўся на чорнай металічнай падстаўцы, па ім, пры выключаным гуку, ішоў канцэрт, дрыгаліся нагастыя дзеўкі.
Кніжных паліц у зале не было. Нічога не валялася, не тырчала, не муляла вока. Багатка ведаў, што гэты ўзорны парадак падтрымлівае Ігарок. Сястра страшэнна не любіць вэрхалу.
— Ну сядай, брацік. — Ліна мякка апусцілася на канапу і кіўнула на нізкае крэсла, найбліжэйшае да яе.
— Прысядзем, — няёмка паваліўся ў крэсла Павел Алегавіч.
Толькі зараз ён зразумеў, як здарожыўся за дзень. Занылі калені, забалела ў паясніцы. Калі ж гадзінамі бегаў па горадзе, хаваўся ад дажджу, лётаў з паверха на паверх, то не адчуваў ні ног, ні спіны.
— Дык што ў цябе здарылася, Паш?
— Ат! — паморшчыўся Багатка. — Лепш спытай, калі ў мяне нічога не здаралася. — Ён сярдзіта змоўк, зірнуў на тэлевізар, у раздражненні адвёў ад яго вочы, яшчэ памаўчаў, а затым не стрымаўся: — Слухай, як ты можаш гэта глядзець! — і грэбліва паказаў рукой на экран.
— А што тут такога? — здзівілася Ліна. — Звычайны кліп паказваюць.
— Ага, звычайны! — з’едліва прашыпеў Павел Алегавіч. — Толькі выгляд у іх незвычайны: спадніцы на пупе, грудзі з ліфчыкаў вывальваюцца, потныя, брыдкія... Цьфу!
— Зусім яны не брыдкія, — крытычна агледзела Ліна спявачак у тэлевізары. — Наадварот, вельмі нават прывабныя.
— Слухай, — ускіпеў Багатка, — ты гэта сур’ёзна гаворыш ці з мяне здзекуешся?! Прыходзіш тут да яе, каб адпачыць ад дамашняга пекла, а табе голыя задніцы на ўвесь экран паказваюць!
Ліна пацягнулася па пульт, што ляжаў на стале, і выключыла тэлевізар.
— Задаволены?
Павел Алегавіч толькі сярдзіта хмыкнуў. Не адказаў.
Маўчала і Ліна.
— Як вы, інтэлігенты, не можаце зразумець, што гэта, — кіўнуў Багатка на ўжо счарнелы экран, — усяго толькі блазны. А вы на іх, як на іконы, моліцеся. Блазнам адвеку было месца пад каралеўскім сталом, і харчаваліся яны падачкамі. А цяпер! Цяпер яны самі палацы будуюць. Пакрыўляюцца, высалапяць язык, трусы спусцяць — а вы ім тысячы даляраў за гэта аддаяце.
— Ды ладна табе. — млява махнула рукой сястра. — Знайшоў пра што гаварыць. Ігарок, як там, мой харошы, з вячэрай?! — крыкнула яна ў дзвярны праём.
— Нясу, нясу! — прыглушана данеслася з кухні.