Михась Южик - Лесвіца стр 19.

Шрифт
Фон

З таго часу і таварышуюць. Колькі ўжо гадоў прамінула, а рэдкі тыдзень не перазвоньваюцца. Сястра змоладу працуе цырульніцай, апошнія гадоў дзесяць — у найпрэстыжнейшым салоне Мінска. Мае шмат заможных кліентаў, а таму жыве прыпяваючы. Прасторная трохпакаёўка блізу праспекта Скарыны, іншамарка. Ліна пешкі нават у краму, што каля дома, не ходзіць. Адно прыкра: ніколі не мела, дый, мусіць, ужо не займее дзяцей. Ад няўдала зробленага ў шаснаццаць гадоў аборту развілося ў Ліны бясплоддзе. Гэта яе боль, мо адзін Павел Алегавіч пра тое і ведае.

Аднак з асабістым жыццём (у тым сэнсе, як цяпер яго разумеюць) у сястры ўсё ў парадку. З васемнаццаці гадоў рэдка і месяц яна жыла без мужчыны. Прычым спачатку гэта былі законныя мужы, чалавекі чатыры. Потым неяк стала нямодна распісвацца, і новыя сужыцелі Ліны да слова «муж» атрымалі абразлівую прыстаўку «грамадзянскі». Усе яны былі людзьмі прыстойнымі — не альфонсы ні ў якім разе. Хоць і пражывалі заўсёды ў ейнай кватэры, але мелі не толькі свае даходы, а, як правіла, і сур’ёзны сацыяльны статус. Жылі мужчыны з Багаткавай сястрой мірна — без скандалаў, але і без асаблівых страсцей. Усе яны вызначаліся нейкай знешняй бясколернасцю, празмернай памяркоўнасцю, ці што. Бясспрэчна, Ліна іх выбірала на ўласны густ. Выканаўшы сваю функцыю, у сярэднім праз чатыры гады, чарговы муж знікаў, і яго месца амаль адразу займаў гэтакі ж самавіта-добранадзейны дзядзька.

Доўгі час з’яўляецца для Паўла Алегавіча загадкай тое, як хутка і безнапружна прываблівае да сябе Ліна мужчын. Нічога асаблівага ў ёй не было: ні ростам, ні даўжынёй ног, ні пышнымі формамі не вылучаецца яго сястра. Твар, канешне ж, абаяльны, мякка-ўсмешлівы, але не болей. Дый па характары сястра не з тых жанчын, на кім шкура гарыць, — абы зачапіць хахаля. Не, тут быў якісьці сакрэт.

Здаралася, «месца» ў Лінінага сужыцеля адбіраў сябар іхняй сям’і, які, напрыклад, цэлы год хадзіў да іх у госці з іншай жанчынаю. Потым сужыцель неўпрыкмет знікаў, як раствараўся, а сябар сям’і заставаўся выконваць ягоныя абавязкі.

Падчас міжволі прыходзіла да Паўла Алегавіча думка, што, калі б раптам памёр чарговы Лінін чалавек, то адразу пасля памінак з ёй бы нехта застаўся — настолькі не ўяўляў ён сваю сястру без мужчыны, які верным ценем стаіць за яе спінаю. Відаць, тут было нешта геннае. Мажліва, нараджаюцца такія людзі, што з’яўляюцца жанчынамі і мужчынамі на ўсю поўніцу, то бок нічога ў іх душы ад процілеглага полу няма, і яны адчуваюць магутную і ўсёпераможную патрэбу ў партнёры. Калі ж гэты партнёр па нейкай прычыне адсутнічае, яны зазнаюць жудасны дыскамфорт — настолькі моцны, што само наканаванне ім яго тут жа падсоўвае.

11

Павел Алегавіч падышоў да пад’езда пяціпавярховага цаглянага дома, набраў на дзвярах з кодавым замком нумар кватэры.

У дынаміку пачуўся сястрын голас.

— Ліна, гэта я, — лаканічна буркнуў Багатка.

— Ага, адчыняю.

Павел Алегавіч борздзенька ўзбег на трэці паверх, збочыў налева і пазваніў у адны з дзвюх дзвярэй.

— Прывітанне, праходзь. — Ліна была ў блакітным махровым халаце і з макраватымі, зацягнутымі ў сетку валасамі.

— Ігар дома? — спытаўся Багатка, скідаючы абутак.

— Дома, на кухні. Давай павешу. — Сястра прыняла ў яго куртку. — Ты што, прамок?

— Угу, трошкі. Пад лівень патрапіў.

— Ну надзявай гэтыя тапкі, — паказала яна рукой. — Праходзь у залу.

— Трэба ж з Ігарам павітацца. — Багатка прыбіў рукой да лысіны рэшткі валасоў і пасунуўся ўбок кухні.

Там у квяцістым фартушку завіхаўся перад плітой саракагадовы паўнаваты мужчына. На патэльні нешта свірчэла і пырскала, ад яе паднімаўся пахкі дым.

Паздароўкаліся.

— Што ты тут накухарыў? — Багатка пакасіўся на патэльню і каструлі, што пыхкалі на пліце.

— А вось хутка ацэніце, — хітравата ўсміхнуўся Ігар.

— Паша, хадзем у залу, — паявілася ў дзвярах Ліна. — Ігар не любіць, калі яму замінаюць на кухні. Хутчэй згатуе — хутчэй паядзім.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора