— Ён мяне любіць. І я яго люблю. А ты няўдачнік.
— Ха-ха! У тое, што ён цябе любіць, я веру. Гэты ласун заўсёды любіў свежачок.
— Ты пашляк.
— А вось тое, што ты кахаеш яго, — не хлусі, мая мілая. У вас трыццаць два гады розніцы.
— Ну і што?
— А калі ты такая шчадралюбная, то пакахай якога старога без грошай, без асабняка, без машын ды элітнай кватэры. Пакахай, і я першы вас бласлаўлю.
Дачка маўчала. Яны прайшлі дом Жыгоцкага і рушылі паўз суседні.
— Так што кахаеш ты не яго, а выгоды, — працягваў бацька. — І калі гэтыя выгоды для цябе так многа значаць, то паклапаціся, мая любая, каб вашы ўзаемаадносіны належным чынам аформіць. Калі ў цябе хапіла розуму перабрацца ў гэтыя апартаменты, задраўшы спадніцу ў яго кабінеце (ці, як там у вас першага разу было?), то і скумекаеш, як стаць яго законнаю жонкай.
— Гэта наша апошняя размова з табой. Больш ты мяне не ўбачыш. Пеця — ты ўжо мне павер — пастараецца.
— А цяпер слухай мяне ўважліва. Я зараз з’язджаю на дачу, буду тыдзень. І калі ты за гэты час або не зарэгіструешся з Жыгоцкім як мае быць, або не вернешся дадому, — то я. — Павел Алегавіч схіліўся да даччынага вуха, — крыўдуйце тады на сябе. Абое.
— Ха-ха! Пагразіла моська слану, — пагардліва фыркнула Тамара.
— Бо я, — працягваў бацька, — раскрыю пра Жыгоцкага такое, ад чаго ён па смерць не адмыецца. І не ведаю, ці захочаш ты пасля гэтага з ім жыць.
— А пайшоў ты. Нічога ты не зробіш.
Павел Алегавіч адпусціў яе локаць.
— А цепер ідзі. І падумай.
— Сёння ж пашкадуеш аб сваіх словах, — паабяцала яму дачка, спрытна павярнулася на абцасах і горда паплыла назад. Статная, даўганогая, пагойдваючы крутымі, выйгрышна абцягнутымі плаццем сцёгнамі. Нібы ўсё жыццё ў такіх плаццях хадзіла, нібы не швэндалася яшчэ год таму ў драных джынсах па дыскатэках і не цалавалася ў пад’ездах з прышчавымі юнакамі.
«Адкуль яны такія бяруцца? — думаў Багатка, гледзячы ўслед наравістай дачцэ. — Усё жыццё — на вачах, і зусім чужы чалавек. Парода, відаць, такая. Учора сала рукамі без хлеба елі, як Жыгоцкі ў студэнцтве, а сёння не могуць з машыны выйсці, пакуль халуй дзверы не адчыніць, за ручку не выведзе. Цьфу».
Ён павярнуўся і пайшоў прэч. Вахлакавата апрануты, пляшывы, з утравелым сярдзітым тварам.
На дачу. Схавацца. Забыцца. Хай яно спрахне.
8
З электрычкі Павел Алегавіч ішоў лясным логам. Праваруч ад сцяжынкі лес быў высокі, стромыя сосны прасторна размясціліся на схіле, адтуль веяла прыемнымі жыццядайнымі водарамі. Злева ж курчыўся нізкі алешнік, шчыльны хмызняк, трапляліся адзінокія яліны і цягнула балотнай сырасцю.
Дачнікі, што сышлі з Багаткам на станцыі, засталіся метрах у трохстах ззаду. Павел Алегавіч знарок, яшчэ на самым пачатку шляху, патрухаў, каб абагнаць усіх спадарожнікаў. Цяпер жа ішоў у іхнім тэмпе — не падпускаў і не аддаляўся.