— Не крыўляйся, людзі. — спалохана і злосна зашаптала Тамара, маланкава сказеліла па баках вочы. — Чаго ты прыйшоў?
— Чаго я прыйшоў, пытаеш? — іранічна працягваў бацька. — Ды з дачкой сваёй высакаўзнесенай пабачыцца, засведчыць, так бы мовіць, сваю пашаноту.
— Я зараз развярнуся і пайду, — папярэдзіла яго Тамара, горда трасянуўшы галавой.
— Нікуды ты не пойдзеш, дачушка, — з каварнай ласкавасцю сказаў Павел Алегавіч, наблізіўся да Тамары і далікатна ўзяў яе пад руку. — Бо вось што я табе скажу цікавага ды займальнага.
Яны рушылі цяпер поплеч. Нетаропка, уздоўж дома, аддаляліся ад брамы і аўто з вадзіцелем, які за імі пільна сачыў.
— Што ты ад мяне хочаш? — скоса, апасліва і непрыязна пазірала на бацьку дачка.
— А хачу я цябе папярэдзіць, — ціха, напеўна доўжыў Багатка, — што ты зарана і дарэмна, па сваёй, мабыць, нявопытнасці, узрадавалася. Што Жыгоцкі — не той чалавек, з якім ты зможаш шчасліва жыць, а чалавек ён даволі подлы і вераломны.
— Замаўчы! — у крайнім абурэнні тарганулася дачка, спрабуючы ад яго адхіснуцца.
Але Багатка з нечаканай сілай сцяў яе локаць.
— Пусці! Пусці, а то закрычу — ты не ведаеш, што з табой будзе! — раз’юшана прашыпела Тамара.
Ззаду, вадзіцелю, было відаць толькі тое, што бацька з дачкой мірна прагульваюцца і аб нечым гамоняць.
— Не закрычыш, — са штучнай лагодай працягваў бацька, — бо ведаеш, які я магу наладзіць скандал. Ну падскочаць твае малайцы, ну аддубасяць мяне. Але ж бачыш, — ён паказаў рукой, — на тым рагу таварыш міліцыянт, паставы. Ён абавязкова прыбяжыць на мой лямант. А я, — Багатка яшчэ мацней сцяў даччын локцік, — буду качацца па зямлі, біцца галавой аб асфальт і, скрываўлены, гарлаць, што родная дачка мяне на парог не пускае.
— Які ж ты падлюга! — збарвянелая, Тамара злосна касіла вочы на бацьку.
— Буду раўці як рэзаны. І пакуль мяне завалакуць у пастарунак, увесь ваш элітны дом маю ганьбу ўбачыць. А мая ганьба — гэта і твая, і сужыцеля твайго, Жыгоцкага, ганьба.
Тамара цяжка дыхала ў бяссільным, бязмоўным шале.
— Хай пачуюць ды пабачаць усе суседзі, як дачка беднага бацьку з дапамогай целаахоўнікаў пляжыць. А таму. — усё больш распаляўся Павел Алегавіч, — а таму ты слухай мяне і бойся, трапячы, ненавідзь, але моўчкі. Таму што ты, у тваім цяперашнім статусе, для Жыгоцкага юрыдычна ніхто. Разумееш? І выкінуць ён цябе са сваіх харомаў можа гэтак жа лёгка, як і прывёў.
— Ты яшчэ пашкадуеш аб гэтых словах.
— А ты мяне не пужай. З мяне — як з гусі вада. Дый жыццё маё, можна сказаць, пражылося. А вось табе, харошая мая, ёсць што губляць, ёсць чаго баяцца, — Павел Алегавіч груба прытуліў дачку да сябе, — а таму слухай, пакуль яшчэ не позна зусім.
— Ты мне пагражаеш?
— Пагражаю табе не я, а жыццё. І гэта ты ўразумееш тады, калі апынешся на вуліцы, выкінутая тваім Пятром Вацлававічам, як прастытутка.
— Ненавіджу цябе, — роспачна прашаптала дачка.
— А каб гэтага не было, каб не апынуцца табе па-за вось гэтых, — ён кіўнуў направа, — харомаў, каб не глытаць слёзы і соплі, калі на тваім месцы акажацца новая, прыгажэйшая ды маладзейшая.