Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 9.

Шрифт
Фон

— Пачакайце, — узмахнуўшы рукой, перапыніў Сяргея Мікалаевіча Юрый, і калі настаўнік, здзіўлены такім жэстам, замоўк, сам прадоўжыў апавяданне:

— Бітва адбылася паміж войскам, якое ўзначальваў Сувораў, і атрадам канфедэратаў пад камандаваннем гетмана Агінскага. Прычым, да гэтай бітвы нейкім чынам датычны мясцовы ксёндз Валяр’ян Дзюрдзевіч.

— Вы нават пра Дзюрдзевіча ведаеце? — настаўнік акругліў вочы і некалькі разоў з адабрэннем хітнуў галавой.

— Праца ў мяне такая — пра ўсіх усё ведаць, — пажартаваў Юрый і, быццам успомніўшы нешта важнае, павярнуўся да святара:

— А вось скажыце мне, айцец Анатолій, адкуль бярэ свой пачатак зло? Можа, яно нараджаецца ў дзіцячым узросце і чаму тады яго нельга вырваць адразу, так, як гэтыя дзеці знішчаюць пустазелле ля гэтага валуна?

Святар на імгненне задумаўся, глыбокім, разумным позіркам зазірнуў у зрэнкі Юрыю. Што ён там убачыў — не сказаў, аднак па лёгкай, ледзь прыкметнай усмешцы, што кранула самыя куткі яго вуснаў, Юрый зразумеў — айцец Анатолій пачуў яго пытанне і зараз збіраецца з думкамі.

— Вы хочаце ведаць, адкуль бяруцца людзі-пустазеллі са злой, чэрствай, абыякавай да чужога болю душой? — святар зноў зазірнуў у вочы суразмоўцы, зноў ледзь прыкметна ўсміхнуўся. — На гэтае пытанне няма адназначнага адказу. Дабро — усё тое, што адпавядае нормам хрысціянскай маралі. Яно закладзена Богам у кожнай разумнай істоце з нараджэння і не залежыць ад умоў, у якіх жыве чалавек. Зло. — айцец Анатолій уздыхнуў. — Зло нараджаецца ў чалавечым сэрцы ўжо потым, паступова, разам з яго сталеннем.

— Як жа з ім змагацца і дзе шукаць яго карані?

— У барацьбе са злом у кожнага з нас заўсёды ёсць два шляхі: шлях лёгкі — прыняць зло ў сваё сэрца, і шлях цярністы — змагацца са злымі намерамі. Менавіта тады, у залежнасці ад абранага шляху, і адбываецца або маральнае падзенне чалавека, або яго ўзлёт, калі ўнутраны свет застаецца чыстым і незаплямленым. Але прырода зла такая, што яно ніколі не з’яўляецца да нас у сваім адкрытым, нізкім і агідным выглядзе. Наадварот, зло заўсёды прымае спакуслівы выгляд, абяцае нейкія выгоды, спакушае нас. І толькі веруючыя людзі, людзі з дужай здаровай псіхікай і цвёрдымі маральнымі асновамі, могуць супрацьстаяць сілам зла і, толькі цэласныя натуры змогуць адужаць спакусу. А тыя, каго зло ахіне прагай золата, улады або распустай, знойдуць тысячу прычын, каб апраўдаць свой выбар, сваё падзенне. І ніхто з іх не пажадае паглядзець на сябе ў люстэрка і сказаць: «Браце, ты робіш не тое». Таму, Юрый Міхайлавіч, у кожным з нас адначасна жывуць і дабро, і зло, і нават калі чалавек чысты, адкрыты і добры, ён усё адно не застрахаваны ад маральнага падзення.

— Атрымліваецца — чалавек раз у жыцці спакусіўся, зрабіў няправільны выбар, спатыкнуўся і гэтым вырак сябе на вечныя пакуты?

— Не, гэта не так. Выбар у паўсядзённым жыцці нам даводзіцца рабіць кожны дзень, кожную гадзіну і ад памылкі ніхто з нас не застрахаваны. Калі ж чалавек зразумеў сваю памылку, то яго выратаванне складаецца ў шчырым усведамленні зробленага. Але толькі ў шчырым. А шчырае ўсведамленне — гэта такое шкадаванне пра зробленае, такое ўзрушэнне ўнутранага стану чалавека, яго душы, пасля якога ўжо немагчыма вярнуцца да старога.

— Але ж кожны чалавек ведае, што дабро заўсёды чыстае, светлае, а зло — цёмнае. Чаму ж многія туляцца да зла, хаця па логіцы ўсяму на свеце ўласціва імкнуцца да лепшага? Мне нават часам падаецца, што зло перамагае дабро, што гадоў праз пяцьдзясят—семдзесят свет зменіцца, і зменіцца не да лепшага.

Святар моўчкі выслухаў пытанне, некалькі разоў у знак згоды хітнуў гала­вой, крыху падумаў, потым загаварыў. Г аварыў ён павольна, нягучна, аднак у голасе яго адчувалася сіла чалавека, які ўпэўнены ў кожным сваім слове.

— Для любога чалавека непазбежна ўнутраная барацьба, а на баку зла часта хто-небудзь выступае ў ролі змея-спакусніка. Усё гэта ў сукупнасці прыводзіць да душэўнага надрыву, пазбаўляе чалавека сіл супрацівіцца. Ён страчвае веру ў Бога, у сябе і людзей і, у канчатковым выніку, прымае зло ў сэрца. Вось тут і гіне чалавек. Гіне не фізічна, а маральна. І толькі шчырае пакаянне і малітва, толькі добрыя справы дапамогуць яму ачысціцца ад брыдоты і бруду, адчуць сябе ў гармоніі з Богам, з самім сабой. Таму і не можа зло перамагчы, што яго перамога азначае самазнішчэнне чалавека, а гэта ж, як вы разумееце, поўная дурнота для разумнай істоты.

— Значыць, здзяйсняць дрэнныя ўчынкі і раскайвацца ў іх можна да бясконцасці?

— Я кажу пра сапраўднае, шчырае ўсведамленне і жаданне змяніцца да лепшага. Прычына ж усіх чалавечых трагедый крыецца ў самім чалавеку. Усё зло, якое здзяйсняецца ў свеце, зыходзіць з чалавечага сэрца. Зло зараджаецца, выспявае ў ім самім. Ён яго песціць, выношвае, цешыцца ім, а затым яно горкім дажджом праліваецца на іншых, прымушае іх плакаць і пакутаваць, — айцец Анатолій падняў вочы на Юрыя: — запомні, хлопец — духоўны і маральны патэнцыял чалавека трымаецца на трох кітах: бацькоўскай любові, веры ў Бога і асабістай адказнасці. Калі ўсё гэта знаходзіцца ў гармоніі, нішто і ніхто не зможа збіць яго з правільнага шляху.

— Якога ж кіта тады не хапіла ксяндзу Дзюрдзевічу? — Дуброўскі ў непаразуменні паціснуў плячыма. — Няўжо за трыццаць сярэбранікаў ён выдаў паўстанцаў, вырак іх на ганебную смерць? Няўжо і праўда — мэта апраўдвае любыя сродкі? Неяк не верыцца ў гэта!

— «Справядліва судзі бліжняга свайго. Не хадзі як пляткар сярод народа твайго. Не паўставай супраць крыві бліжняга свайго», — шэптам прамовіў айцец Анатоль і перажагнаўся. Потым уздыхнуў:

— Ёсць усяго два шляхі чалавечае свабоды: «ды будзе воля Твая» — шлях паказаны нам самім Госпадам, які выконваў не сваю волю, а волю таго, хто паслаў яго на зямлю; і «ды будзе воля мая» — шлях свая воля і богаадступніцтва, які вядзе прама ў рукі сатаны. Ксёндз Валяр’ян, кожны дзень назіраючы за пакутамі простых людзей, перажываючы ўсёй сваёй душой іх бяспраўе і гора, зламаўся, збочыў, ступіў не на сваю сцяжыну, некалькі змясціў акцэнты ў разуменні дабра і зла, па-свойму вырашыў палепшыць побыт прыхаджан, — святар зноў задумаўся, потым пацікавіўся: — а як бы ты сам судзіў маці, якая ўкрала ў сквапнага і злоснага багацея клунак жыта, каб выратаваць ад галоднай смерці сваё дзіця? Яе мэта — выратаваць сваё дзіця, сродак — крадзеж. Як бы ты паступіў у дадзеным выпадку?

— Ну-у, — сумеўся Юрый. — Па законе: маці — у турму, дзіця — у прытулак. А па-чалавечы, — хлопец разгублена паціснуў плячыма, — не ведаю.

— Вось і ксёндз Дзюрдзевіч доўгі час вагаўся, не ведаў, не хацеў парушаць дзяржаўных законаў. А потым вырашыў паступіць, як ты кажаш, пачалавечы. Правільна ён вырашыў, або памыліўся — не нам рашаць, на тое ёсць іншы суд, але адно, праўда — расійскае войска на лагер канфедэратаў вывеў не ён. Я недзе чытаў, што пасля той сечы яму, убачыўшы ягоную галечу, прапанавалі воз мукі. Аднак Дзюрдзевіч ад чужога хлеба адмовіўся. А вы ж ведаеце — людскія языкі, бы бізуны, іх не пакароціш і не завяжаш — добры, чалавечы намер непрыяцеля яны ацанілі як хабар, як плату за здраду. Хаця больш верагодна, што расійскіх салдат праз балота правялі чатыры дэзерціры, якія збеглі з лагера канфедэратаў і якіх злавілі драгуны.

Юрый не ведаў, аб чым яшчэ запытацца ў бацюшкі, маўчаў і настаўнік. Святар жа маўчаў нядоўга. Але гаварыць ён пачаў не пра супрацьстаянне дабра і зла, не пра Дзюрдзевіча ці Суворава, а пра праўду:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора