Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 8.

Шрифт
Фон

— Бабуля, а ці ёсць у вашай краме піва?

— Піва? — жанчына здзіўлена паглядзела на ўнука. — У мяне ёсць «Кагор».

— Не, я віна не хачу, а вось шклянку халодненькага «Жыгулёўскага» зараз з вялікай асалодай выпіў бы.

— Ну дык схадзі ў краму, прайдзіся. А заадно і ў аптэку зайдзі, купі мне пачак эналапрылу.

4

Беларускія вёскі! Адны з іх ужо даўно адышлі ў нябыт, іншыя паступова сыходзяць зараз. Колькі іх? Якія назвы яны насілі? Хто ў іх жыў? Пакрыху, ціхенька і непрыкметна знікаюць яны з нашай памяці. !ншы раз так складваецца жыццё, што дапамагчы вёсцы нельга і выратаваць яе няма каму. Так, многія вёскі зніклі, але вёска Стваловічы жыла, развівалася, з надзеяй глядзела ў будучыню і не забывала свайго слаўнага мінулага.

Юрый не спяшаючыся крочыў па вуліцы, вітаўся з рэдкімі сустрэчнымі вяскоўцамі — не зважаючы на дзённую спёку, большасць дарослага насельніцтва ў гэты час шчыравала на сенакосе, з непадробнай цікаўнасцю разглядаў панадворкі, параўноўваў побыт сялян, іх гаспадарлівасць і самабытнасць. Здаецца, зусім нядаўна ён быў у Стваловічах, аднак зараз з задавальненнем адзначаў, што ў многіх хатах над дахамі з’явілася па другой тэлевізійнай антэне, а на панадворках стаяць «Масквічы» ці «Жыгулі». «Не бядуе вясковец, — у думках радаваўся ён сялянскаму дабрабыту. — Хутка тут жыццё будзе не горшае за гарадское».

Чэрвеньскі дзень быў у самым разгары — сухі, бязветраны і спякотны. На небе, у глыбокім празрыстым мроіве, ані хмаркі. Ад зямлі, ад распаленага асфальту цягнула гарачым пылам, які асядаў у горле і прымушаў час ад часу суха адкашлівацца. Юрый ішоў па вуліцы і ўжо неаднойчы шкадаваў, што не прыхапіў з сабой капялюш. У горадзе сонца не так адчуваецца, там час ад часу можна схавацца ад яго ў цень. А тут! Ён спыніўся, з-пад далоні паглядзеў на жоўты дыск, уздыхнуў. Неба было празрыста-мёртвым да самага небасхілу і толькі ў млявай далечыні, бы прывязаныя да зямлі нябачнымі ніткамі, луналі два буслы. Яны то ўзнімаліся ўгору, ператвараючыся там у дзве ледзь прыкметныя плямкі, то апускаліся да самай зямлі, каб тут жа зноў пачаць плаўна ўздымацца ў неба. Юрый нейкі час сачыў за птушкамі, спрабуючы зразумець іх паводзіны, аднак, так і не зразумеўшы буслоў, апусціў руку, заплюшчыў вочы і застыў на месцы: надта ж хораша было навокал, ціха і спакойна! Пасля сонечнага бляску адпачывалі вочы, пасля гарадскога тлуму адпачывала душа, і хлопцу вельмі не хацелася парушаць гэтае крохкае імгненне, адчуванне свайго суладдзя з прыродай, з самім сабой. Некалькі секунд стаяў ён пасярод вуліцы, бы зачараваны, і не тое што кроку, руху зрабіць не мог, не хацеў, баяўся — раптам знікне гэтае адчуванне, рассыплецца на тысячы аскепкаў і ён ужо ніколі не здолее вярнуць яго нават ва ўспамінах.

— Прабачце, у вас ёсць запалкі? — вывеў хлопца з задумення нясмелы мужчынскі голас. Юрый расплюшчыў вочы — побач з ім стаяў невысокі чалавек гадоў пад семдзесят. Даўно няголены твар, непрасаваная вопратка, шнар праз увесь лоб, крывая вінаватая ўсмешка паказвалі, што перад ім стаіць мясцовы юродзівы. Але вочы! Вочы ў мужчыны жылі нейкім сваім жыццём, розум і хітрасць убачыў у іх Юрый і, як яму спачатку падалося, незнаёмец проста насміхаўся з яго рамантычнага настрою. Аднак гэта працягвалася ўсяго нейкае імгненне.

— У вас ёсць запалкі? — няўпэўнена паўтарыў пытанне мужчына.

Юрый паляпаў па кішэнях, намацаў запальнічку.

Незнаёмец прыкурыў цыгарку, зацягнуўся, затым выдыхнуў смярдзючы дым, падзякаваў кіўком галавы. Потым падхапіў двухколую тачку, напоўненую сухой травой і друзам, і рушыў да цэнтра вёскі. «Звычайна смецце вязуць на сметнік, а гэты — у вёску, — усміхнуўся Юрый, назіраючы за хадой незнаёмца. — Цікавы стары, такое ўражанне, што ў ім адразу жыве два чалавекі: адзін — для чужых, другі — для сваіх».

Купіўшы ў аптэцы для бабулі лекі, хлопец, у абыход царквы, накіраваўся да крамы. Ён і раней дзівіўся архітэктуры гэтай будыніны і зараз, не ўбачыўшы на ёй пачарнелых ад часу вежаў, наогул падумаў, што з царквы мясцовыя ўлады збіраюцца зрабіць нейкую свецкую ўстанову. Аднак ніякіх работ ні ў царкве, ні каля яе не праводзілася, і толькі ля валуна, які размяшчаўся непадалёку ад царквы, працавала некалькі падлеткаў. Побач з імі стаялі немалады ўжо мужчына, якога Юрый ведаў як настаўніка мясцовай школы, і гэткі ж немалады святар. Пакуль дзеці фарбавалі металічныя слупкі і ланцуг, якія агароджвалі вялізны камень, дарослыя стаялі і аб нечым размаўлялі.

Юрый падышоў да мужчын, за руку павітаўся спачатку з настаўнікам, потым са святаром і, каб не маўчаць, запытаўся пра царкоўныя вежы.

— Прыйшлі ў нягоднасць, — папярэдне зірнуўшы на бацюшку, адказаў настаўнік. — Калі сярэдняя з іх зусім струхлявела і абрынулася, то, далей ад граху, разабралі і чатыры астатнія.

— Не ў вежах быў грэх, Сяргей Мікалаевіч, а ў бязладдзі ўладаў, — ціхім, але цвёрдым голасам удакладніў святар. — Калі б своечасова правялі іх рамонт, то ніякага абрушэння і не адбылося б.

— Пра грэх я і сапраўды пагарачыўся, айцец Анатолій. Сказаў, не падумаўшы, — пагадзіўся настаўнік і, каб перавесці гутарку на іншую тэму, прадставіў святару Юрыя:

— Юрый Міхайлавіч Дуброўскі, капітан міліцыі, унук Галіны Іванаўны Хлябовіч.

— Ведаю Галіну Іванаўну, — хітнуў галавой айцец Анатолій. — Ведаю і паважаю.

— Можа, у водпуск да бабулі прыехалі? — пацікавіўся Сяргей Мікалаевіч. — Або проста гуляеце, дыхаеце свежым паветрам?

— Іду ў краму, — коратка адказаў Юрый і, не чакаючы новых роспытаў, запытаўся сам: — у дзяцінстве я не звяртаў увагі на гэтыя камяні, а зараз гляджу — іх агарадзілі, траву навокал абкасілі, нават гваздзікі нехта ўсклаў побач з валуном. Гэта што — нечая магіла?

— Гэта мемарыяльны камень, — адказаў настаўнік. — І ўстаноўлены ён у гонар бітвы, якая адбылася ля нашай вёскі ў 1771 годзе...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора