Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 10.

Шрифт
Фон

— У кожнага з нас свая праўда. Нават калі яна няясная, супярэчлівая і заблытаная. У маладосці — яна простая, у сталасці — складаная, але ўсё роўна незразумелая. Аднак рана ці позна да кожнага з нас абавязкова прыйдзе момант роздуму, момант разуменя сэнсу свайго існавання тут, на зямлі, калі душы адкрыецца нябачнае розуму і яна спасцігне сваю таямнічую сувязь з мінулым і будучым. Вось тады мы зразумеем, што...

Што зразумее чалавек у момант роздуму аб сэнсе свайго жыцця, айцец Анатолій не паспеў патлумачыць, бо побач з ім спыніўся «Масквіч» і святар адразу перапыніў гутарку. Ён хітнуў шафёру галавой, павярнуўся тварам да царквы і, склаўшы ля грудзей рукі, гледзячы на абдрапаную белую будыніну, пачаў шаптаць малітву. Потым некалькі разоў шырока перажагнаўся, развітаўся з суразмоўцамі і накіраваўся да машыны.

Калі «Масквіч» схаваўся за паваротам, настаўнік павярнуўся да Юрыя:

— А вы, Юрый Міхайлавіч, ведаеце, — да вашага падыходу мы з бацюшкам таксама размаўлялі пра тое, ці заўсёды мэта апраўдвае сродкі яе дасягнення. Гаварылі і пра ксяндза Дзюрдзевіча, і пра ігуменню Серпухоўскага манастыра Мітрафанію. А тут і вы са сваімі пытаннямі. Дзіўна. Вы быццам падслухоўвалі нас.

— Я нічога не чуў пра ігуменню Мітрафанію.

Сяргей Мікалаевіч хмыкнуў, загадкава ўсміхнуўся, але стрымаўся, прамаўчаў, не стаў напамінаць капітану яго словы пра тое, што міліцыя ведае ўсё. Гэтак маўкліва ён некалькі секунд назіраў за працай школьнікаў, потым зноў павярнуўся да Юрыя і ўсё ж патлумачыў:

— Праскоўя Разэн, так звалі ў міры матушку Мітрафанію, родам з вельмі заможнай арыстакратычнай сям’і. Была фрэйлінай імператрыцы, але чамусьці раптам усё кінула і пайшла ў манастыр манашкай. Потым, калі ў 1861 годзе яна стала ігуменняй, пачала актыўна прыцягваць сродкі багацеяў на добраўпарадкаванне сваёй абіцелі. Яна пабудавала вялізны двухпавярховы дом, дзе размясціла аптэку, майстэрню па пісанні абразоў, гандлёвыя лаўкі, народнае вучылішча і шмат што іншае. Яна мела конны двор, велізарную пасеку, шматлікія сельскагаспадарчыя пабудовы. Для свайго манастыра яна ўсюды шукала грошы, прычым, часам, не самымі законнымі спосабамі. А вынік — суд, пазбаўленне ўсіх правоў і высылка ў Енісейскую губерню. Вось такая гісторыя аб справядлівасці і праўдзівасці выслоўя, што дарога ў пекла выкладзена добрымі намерамі.

— Як сказаў айцец Анатолій, час усё расставіць па сваіх месцах, а судзіць яе будзе вышэйшы суд.

— Яно гэтак, — ахвотна пагадзіўся з Юрыем настаўнік, і, крыху памаўчаўшы, павярнуўся да вучняў:

— Усё, хлопцы. На сёння хопіць. Злівайце рэшткі фарбы ў бляшанку, а пэндзлікі пакладзіце ў слоік з вадой. І да сустрэчы ў панядзелак.

Два разы школьнікам паўтараць не прыйшлося — яны хуценька выканалі загад і праз хвіліну аб іх прысутнасці ля валуна напамінаў толькі пах фарбы.

Сяргей Мікалаевіч падхапіў вядро, у якое былі састаўлены фарба і слоік з пэндзлікамі, паглядзеў на сонца, на гадзіннік. Потым перавёў позірк на суразмоўцу:

— А можа, да мяне зойдзем, Юрый Міхайлавіч? Пап’ём гарбаты, пагутарым пра ксяндза Валяр’яна. У мяне ёсць адзін ліст яго да сястры і я, калі жадаеце, яго вам пакажу.

Прапанова была нечаканай, таму Юрый крыху сумеўся. Ён, як і нядаўна настаўнік, зірнуў на сонца, на гадзіннік, крыху падумаў і нечакана нават для сябе пагадзіўся.

— Калі толькі ненадоўга, бо мяне дома бабуля чакае. Пэўна, ужо хвалю-

ецца.

5

Сяргей Мікалаевіч жыў на Палянічыцкай вуліцы ў невялікай, аднак пагаспадарску дагледжанай хаце. Невысокі плот быў пафарбаваны ў вясёлы, жоўта-блакітны колер. На веснічках жаўцелі свежай фарбай, намаляваныя няцвёрдай рукой, рамонкі і нарцысы. Ліштвы таксама кранула рука яшчэ няўмелага мастака і пакінула на іх намаляваныя кветкі. Гаспадар, убачыўшы ўсмешку на вуснах госця, зусім не пакрыўдзіўся. Наадварот, ён сам паблажліва заўсміхаўся і патлумачыў:

— Дачка два тыдні таму прывозіла да нас унучку. Вось яна, сямігадовая гарэза, і вучыла нас з жонкай маляваць кветкі. Хацела і ў хаце сцены размаляваць, аднак тут мы заўпарціліся, не пагадзіліся.

— І фарбы раптам закончыліся? — выказаў сваё меркаванне Юрый.

— У вас таксама такое было? — здзівіўся настаўнік, але тут жа зразумеў дурноту свайго пытання і са смехам махнуў рукой:

— Адкуль у вас унукі? У вас, пэўна, дзеці яшчэ зусім малыя?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора