Бабуля зноў пачала чытаць:
— Метрычны запіс аб хрышчэнні ў Слонімскім касцёле ^ната Марцінкевіча — сына Мікалая і Настассі з Дзюрдзевічаў-Марцінкевічаў у 1758 годзе, — і патлумачыла: — !гнат — родны дзядзька, стрый, Дуніна-Марцінкевіча. Адсюль вынікае, што ксёндз Валяр’ян — яго стрыечны дзед, а Настасся Марцінкевіч — родная сястра ксяндза і бабуля Вінцэнта Дуніна.
— Чаму ж тады вернікі так не любілі дзеда Дуніна-Марцінкевіча?
— Мне калісьці маці расказвала, што ксяндза мясцовыя людзі не паважалі за здраду і нячыстыя грошы, — гаспадыня задумалася, потым прыжмурыла вочы і пачала па памяці чытаць верш:
— «Тут здрада!» — роў, і ўслед за ім тым самым складам
Узнялі крык другія: «Здрада! Гвалт! Тут здрада!».
Хто змог прывесці з вёсак батальён салдатаў?
I хто так хутка засцянкоўцаў тых раскратаў?
Асэсар? Янкель, можа? Розна гаварылі,
Аднак не ведае ніхто да гэтай хвілі.
— Гэта што?
— Урывак з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», дзе ў 9-й частцы «Бітва» ёсць апісанне начнога сутыкнення, калі рускія войскі пад камандаваннем Суворава знянацку напалі на спячых канфедэратаў. Некаторыя крытыкі лічаць, што гэта апісанне ўзыходзіць да вядомай Міцкевічу з дзяцінства гісторыі пра бітву ў Стваловічах.
— Што гэта за бітва? Я пра яе ніколі нічога не чуў.
Бабуля паднялася з-за стала, паціснула плячыма:
— Я ж табе кажу, што тут, ля Стваловічаў, даўным-даўно армія Суворава разбіла армію паўстанцаў і што да перамогі рускіх штыхоў неяк датычны ксёндз Дзюрдзевіч. Падрабязнасцей я не ведаю, — бабуля вінавата ўздыхнула, паціснула плячыма і накіравалася да сваёй шафы, — аб іх, пэўна, можна даведацца ў мясцовым краязнаўчым музеі.
Паклаўшы нататнік на ранейшае месца, яна павярнулася да ўнука. Некалькі імгненняняў глядзела на яго з непаразуменнем, потым сумна заўважыла:
— Замест таго, каб проста пачаставаць цябе, я задурыла тваю галаву рознымі байкамі.
— Не, мне вельмі цікава было цябе слухаць. Я ніколі не чуў, што Сувораў ваяваў у нашых мясцінах.
— Пэўна, не вельмі добрая слава была ў той вайны, калі пра яе не пішуць у падручніках і нічога не расказваюць на ўроках настаўнікі гісторыі, — адказала бабуля і зноў спахапілася: — Але ж ты нічога не еў!
Юрый засмяяўся і замахаў рукамі:
— Бабулечка, усё было вельмі смачна, — ён падняўся з-за стала, падышоў да бабулі, у знак удзячнасці пацалаваў яе ў шчаку. — Астатняе я даем апоўдні або вечарам.
Гаспадыня не адказала, а Юрый запытаўся: